І калі ён быў яшчэ стадыяў за сто да горада, яго перастрэў пасланец, просячы аб замірэнні. Бо калі метымнейцы вызналі ў палонных, што мітыленцы ані не ведалі, з-за чаго ўсё ўсчалося, і што сяляне і пастухі проста асадзілі нахрапістых дзецюкоў, то тады ў Метымне людзе раскаяліся, бо рашыліся выступіць супроць суседняга горада больш з асляплення, чым з розуму; а таму яны спяшаліся аддаць усё нарабаванае, каб спакойна зноў сустракацца і на зямлі, і на моры.
Гэтага пасланца Гіпас, хоць і быў выбраны паўнамоцным ваяводаю, паслаў да мітыленцаў, а сам за стадыяў дзесяць да Метымны стаў лагерам і чакаў загадаў са свайго горада. Мінула два дні, прыйшоў ганец з наказам прыняць назад нарабаванае і, не чынячы шкоды, вярнуцца дадому; маючы на выбар вайну і мір, яны прызналі больш карысным мір.
3. І вось вайна між метымнейцамі і мітыленцамі як неспадзявана пачалася, так і закончылася.
Надышла зіма, і была яна для Дафніса і Хлоі больш гаротлівая, чым вайна; бо раптоўна выпаў глыбокі снег, усе дарогі адцяў, а ўсіх сялян у хаты загнаў. Бурна спадалі з гор патокі і скоўваліся ў даліне лёдам; дрэвы, пацяжэўшы, паніклі; уся зямля схавалася пад снегам, выступаючы дзе-небудзь ля крыніц і рэчак. Ніхто не гнаў статка на пашу, ні сам не выходзіў за дзверы, а як запявалі пеўні, раскладалі вялікі агонь, і адны пачыналі прасці лён, другія — круціць казіную воўну, трэція — рабіць сілы на птушак. Тады ўжо была турбота быдлу ў яслі мякіны падкінуць, козам і авечкам у стойлы — галінак з лісцем, свінням у свінушнікі — жалудоў ды букавых арэшкаў.
4. Пры гэтым вымушаным сядзенні ў хаце ўсе іншыя земляробы і пастухі былі рады, што хоць на кароткі час ім не трэба нічога рабіць і яны могуць спакойна паснедаць і доўга паспаць; так што зіма ім здавалася мілейшаю, чым лета і восень і нават чым вясна. А Хлоя і Дафніс, успамінаючы мінулыя ўцехі: як яны цалаваліся, як абдымаліся, як разам спажывалі сваю яду — сумавалі і не спалі начамі і чакалі вясновай пары як новага нараджэння пасля смерці. Іх сум агортваў, калі ім траплялася ў рукі пастухова торба, з якой яны елі, або калі яны бачылі даёнку, з якой яны разам пілі, або нядбала кінутую сірынгу, якая была дарункам кахання.
Таму яны малілі німфаў і Пана збавіць іх ад гэтых пакут і нарэшце зноў паказаць ім і іх статкам сонца; молячыся, яны шукалі рады, як ім адно з адным убачыцца. Хлоя ж зусім нічога не магла тут ні зрабіць, ні прыдумаць: з ёю ўвесь час была яе названая маці, вучыла яе часаць воўну, круціць верацёны ды ўсё нагадвала пра вяселле; а Дафніс быў вольны і больш здатны на выдумкі, чым дзяўчына, таму і знайшоў спосаб, як убачыць Хлою.
5. Перад Дрыясавай хатаю, пры ўваходзе на панадворак, раслі два вялікія мірты і плюшч. Мірты стаялі побач, а пасярод іх — плюшч, так што ён раскідваў, як вінаградная лаза, свае парасткі на абодва бакі і сваім пераплеценым лісцем нібы ўтвараў пячору; і шмат буйных ягад, як вінаградныя гронкі, звісала з галінак. Там збіралася шмат зімовага птаства, якому не ставала ў полі спажывы: шмат чорных і шэрых драздоў, туркавак, шпакоў і розных іншых птушак, ласых на плюшчовыя ягады. Удаючы, што збіраецца паляваць на гэтых птушак, і падаўся з хаты Дафніс, напоўніўшы сваю пастуховую торбу мядовымі коржыкамі, а каб больш далі веры, узяў з сабою птушыны клей, сілкі. Дарогі было ад сілы стадыяў дзесяць; але снег яшчэ не растаў і шмат даў яму клопату; але для кахання сапраўды ўсё не бяда — ні агонь, ні вада, ні нават скіфскі снег.
6. Дабегшы пад Дрыясаву хату і абтросшы ногі ад снегу, ён расставіў сілкі і намазаў доўгія галінкі клеем: тады прысеў, чакаючы птушак і Хлою. Птушкі зляцеліся вялікімі чародамі, і шмат іх злавілася, так што нямала яму было работы, іх збіраючы, забіваючы і аскубаючы пер'е. Але з жылля ніхто не выходзіў, ні гаспадар, ні жонка, ні свойская птушка — усе аставаліся пры агні ўсярэдзіне замкнуўшыся; так што Дафніс зусім разгубіўся, быццам злавесныя птушкі яго сюды прывялі; і надумаўся ён прывесці якую прычапку, каб адчыніць дзверы, і пачаў перабіраць, што ж такое сказаць, каб больш верагодным здалося. «Я прыйшоў агню ўзяць». — «А хіба няма суседзяў за стадый ад цябе?» — «Я прыйшоў хлеба пазычыць». — «Але ж у цябе торба поўная яды». — «Мне трэба віна». — «Але толькі ўчора ці заўчора збіраў вінаград». — «За мною гнаўся воўк». — «А дзе ж воўчыя сляды?» — «Прыйшоў я птушак палавіць». — «Чаго ж дадому не ідзеш, калі нешта ўпаляваў». — «Я хачу Хлою ўбачыць». — «Але ж хто прызнаецца ў гэтым бацьку і мацеры дзяўчыны?» Усюды непярэліўкі. Што ні сказаў бы, выдавала б падазроным. Лепш я памаўчу. Хлою я зноў увесну ўбачу, бо, як мне здаецца, не суджана ўбачыць яе ўзімку».