Выбрать главу

Так паразважаўшы, сабраў ён паціху сваю здабычу і хацеў ужо ісці; але злітаваўся над ім Эрас, і вось што адбылося.

7. Дрыясава сям'я сядзела за сталом; мяса было падзелена, хлеб пададзены, віно разбаўлена ў кратэры. Адзін з аўчароў, улучыўшы хвіліну, калі яго ніхто не бачыў, ухапіў кавалак мяса і ўцёк з ім праз дзверы. Разгневаны Дрыяс (а гэта была якраз яго доля) схапіў кія і сам, як сабака, пагнаўся ўслед. Гонячыся за ім, ён апынуўся каля плюшча і ўбачыў Дафніса, які, узваліўшы сваю здабычу на плечы, якраз збіраўся ўцячы. Тут жа забыўшыся пра мяса і пра сабаку, стары голасна ўсклікнуў: «Здароў, сынок!», абняў, пацалаваў яго і, узяўшы за руку, павёў у хату.

Убачыўшы адно аднаго, Дафніс і Хлоя ледзь не асунуліся долу; але авалодалі сабою і ўтрымаліся на нагах, прывіталіся, пацалаваліся; і ў гэтым як быццам бы апору сабе знайшлі, каб не ўпасці.

8. Атрымаўшы насуперак спадзяванню і пацалунак, і спатканне з Хлояю, Дафніс падсеў бліжэй да агню; зняўшы з плячэй, паклаў на стол туркавак і драздоў і расказаў, як ён, калі яму надакучыла сядзець у хаце, пайшоў на паляванне і як ён налавіў птушак — адных сілкамі, другіх клеем, калі яны ласаваліся ягадамі міртаў і плюшча. Усе пахвалілі яго руплівасць і запрасілі адведаць з таго, што не паспеў ухапіць сабака. А Хлоі сказалі наліць віна. І яна радасна падала ўсім, а Дафнісу пасля ўсіх; яна ўдавала, што гневаецца на яго, чаму ён, прыйшоўшы, хацеў уцячы, не пабачыўшы яе. Але ўсё ж яна прыгубіла, перш чым яму паднесці, і толькі ўжо тады падала. А ён, хоць яго і даймала смага, піў паволі, каб праз гэтую павольнасць падоўжыць асалоду.

9. Хутка стол апусцеў ад хлеба і мяса. Але яны аставаліся яшчэ сядзець, распытваючы пра Мірталу і Ламана, называлі іх шчаслівымі, бо доля паслала ім такую падпору на старасць. І ён быў рад пахвалам, іх жа чула Хлоя; калі ж яго папрасілі астацца, бо назаўтра яны хочуць прынесці ахвяру Дыянісу, ён з радасці ледзь не схіліўся ў паклоне перад імі замест Дыяніса. Тут жа выняў з пастуховай торбы шмат мядовых коржыкаў і злоўленых птушак, якіх і прыгатавалі на вячэру. Другі раз паставілі кратэр з віном і другі раз агонь распалілі. Хутка надышла ноч, зноў пайшло другое банкетаванне, пасля якога расказвалі розныя паданні, спявалі песні, пакуль нарэшце не разышліся спаць — Хлоя са сваёю маці, Дрыяс з Дафнісам. Хлоя не мела іншае радасці, апроч тае, што заўтра зноў убачыць Дафніса, а Дафніс радаваўся сціплай уцесе: уважаў за радасць тое, што ляжаў з Хлоіным бацькам; так што ён абдымаў таго і не раз цалаваў, мроячы ў дрымоце, што робіць усё гэта з Хлояй.

10. Надышоў дзень — мароз быў страшэнны, паўночны вецер усё ледзяніў. Яны ўсталі, прынеслі ў ахвяру Дыянісу гадавалага барана, развялі вялікі агонь і падрыхтавалі яду. Пакуль Напэ хлеб пякла, а Дрыяс смажыў барана, Дафніс і Хлоя, улучыўшы вольную часіну, выбеглі з хаты туды, дзе рос плюшч: зноў паставіўшы сілкі і намазаўшы галінкі птушыным клеем, налавілі нямала птушак. А заадно тут была асалода пацалункаў і радасная гаворка. «Дзеля цябе прыйшоў я, Хлоя». — «Ведаю, Дафніс». — «Дзеля цябе пазбаўляю жыцця гэтых няшчасных драздоў». — «Што ж я павінна зрабіць для цябе?» — «Помні пра мяне». — «Помню, клянуся німфамі, якімі некалі паклялася ў той пячоры, куды мы зноў пойдзем, як толькі растане снег». — «Але ж так шмат снегу, Хлоя, баюся, што я сам раней растану». — «Мацуйся, Дафніс, сонца ўжо грэе». — «О Хлоя, каб жа яно было такое гарачае, як агонь, што паліць мне сэрца». — «Жартуеш, дурыш мяне». — «Не, клянуся тымі козамі, якімі ты мне загадала клясціся».

11. Калі Хлоя Дафнісу так адклікалася, як Эхо, Напэ з дамашнімі паклікала іх, і яны прыбеглі, несучы яшчэ багацейшую за ўчарашнюю здабычу; тады ўзлілі яны Дыянісу першыя кроплі з кратэра і пачалі банкетаваць, усклаўшы на галаву вянкі з плюшчу. А калі надышоў час і адгучалі іх усклікі «Іакх!» і «Эвоэ!», яны правялі Дафніса, папоўніўшы мясам і хлебам яго пастухову торбу. Далі і туркавак і драздоў аднесці Ламану і Міртале, бо сабе ж яны могуць яшчэ налавіць, пакуль трывае зіма і не скончыліся ягады на плюшчы. І ён пайшоў, пацалаваўшы ўсіх іншых раней за Хлою, каб яе пацалунак чыстым астаўся на яго губах.

І ён не раз яшчэ хадзіў гэтаю дарогаю пад рознымі прычапкамі, так што не ўся зіма прамінула для іх без кахання.

12. А ўжо калі надышла вясна, сышоў снег, выступіла зямля, адскочыла трава, пастухі пагналі статкі на пашы, а раней за ўсіх Хлоя і Дафніс, бо служылі яны вышэйшаму пастуху. Тут жа пабеглі яны да німфаў у пячору, адтуль да Пана пад хвойку і нарэшце да дуба, пад якім яны і ўселіся, статкі пасвілі і адно аднаго цалавалі. Пачалі яны шукаць кветак, каб прыбраць вянкамі статуі багоў; а тых толькі што выманілі з зямлі зефір, песцячы, ды сонца, грэючы; але ўсё ж знайшлі фіялкі, нарцысы, кураслеп і ўсіх іншых узгадаванцаў вясны. Хлоя і Дафніс надаілі з-пад некалькіх коз і авечак свежага малака, зрабілі ўзліванне, пасля чаго ўпрыгожылі вянкамі статуі багоў. І на сірынзе яны пачалі зноў іграць, як бы хацелі з салаўямі ў спевах паспрачацца; і тыя адклікаліся з гушчарніку і пакрысе ўдасканальвалі свае жальбы пра Ітыса, нібы прыпаміналі сваю песню пасля доўгага маўчання.