13. Тут і там бляялі авечкі, тут і там падскоквалі ягняты і, залазячы пад маткі, ссалі вымя; за някотнымі авечкамі ганяліся бараны і, уздымаючыся на заднія ногі, пакрывалі іх — адзін адну, другі другую. Гэтак жа ганяліся казлы за козамі, скакалі ў нясцерпе вакол іх і змагаліся за коз; кожны меў сваіх і ахоўваў іх, каб ніякі іншы крадком не ўжыў з яго права.
Нават старых такое відовішча пацягнула б да любоўных уцех, а Дафніс і Хлоя — маладыя, поўныя здароўя і сіл, і ўжо доўгі час прагнулі кахання; палымнелі яны, чуючы ўсё гэта, знемагалі, бачачы ўсё гэта, і самі шукалі чагосьці большага, чым пацалункі ды абдымкі, а найбольш Дафніс. Бо, вядома, прасядзеўшы зіму ў хаце, нічога не робячы, ён узмужнеў, і рваўся да пацалункаў, і ўспыхваў ад абдымкаў, і ва ўсім зрабіўся больш гарачым і адважным.
14. Вось і пачаў ён прасіць Хлою, каб дазволіла яму ўсё, чаго ён хоча; голая з голым ім паляжала даўжэй, чым яны дагэтуль рабілі; бо толькі гэта ўпушчана з Філетавых павучанняў, так што гэта якраз тыя адзіныя лекі, што іх каханне суцішаюць.
Калі ж яна спыталася, што яшчэ ёсць больш, чым цалаванне, абдыманне і само ляжанне, і што ён будзе рабіць, калі будзе голы пры ёй голай ляжаць, ён сказаў: «Тое самае, што бараны робяць з авечкамі, а казлы з козамі. Хіба ты не бачыш, што пасля гэтага авечкі ад бараноў не ўцякаюць, а тыя не ганяюцца за імі да стомы, а, ужыўшы супольнай асалоды, разам пасуцца; салодкая, як відаць, гэтая работа, і яна адольвае горыч кахання». — «Але хіба не бачыш ты, Дафніс, што козы і казлы, а бараны і авечкі робяць гэта стоячы, як козы і авечкі таксама стоячы іх прымаюць, тыя ж на іх скачуць, яны ж носяць іх на спіне? А ты хочаш, каб я з табою ляжала ды яшчэ і голая? Да таго ж наколькі шчыльней шэрсць іх пакрывае, чым мяне мая вопратка». Паслухаўся Дафніс, лёг пры ёй і ляжаў так доўгі час, але, не ўмеючы зрабіць тое, да чаго ён палка імкнуўся, падняў яе і, абняўшы ззаду, прыціснуўся да яе, пераймаючы казлоў. Але яшчэ больш збянтэжаны прысеў і заплакаў з таго, што ў каханні ён яшчэ менш разбіраецца, чым бараны.
15. Меў ён суседа, што абрабляў уласную зямлю, на імя Хроміс, лепшыя гады якога ўжо адышлі. Той узяў сабе жонку з горада, маладую, у самым росквіце, куды больш прывабную за вясковых; Лікэніён было ёй імя. Бачачы, як штодня Дафніс праганяў сваіх коз на пашу, а пад ноч з пашы, Лікэніён захацелася, прынадзіўшы яго падарункамі, зрабіць сваім каханкам. І вось неяк, падпільнаваўшы яго аднаго, яна падарыла яму сірынгу, мёду ў сотах і пастухову торбу з аленевай шкуры. Але прызнацца яму пабаялася, бо заўважыла яго каханне да Хлоі: добра ж бачыла, як ён хінецца да дзяўчыны. Спачатку яна здагадалася з іх кіўкоў галавою і з усмешак, а неяк аднаго ранку, сказаўшы Хромісу, што нібыта ідзе адведаць парадзіху суседку, пайшла за імі назіркам, схавалася ў гушчарніку, каб яе не ўбачылі, і ўчула ўсё, што яны казалі, і пабачыла ўсё, што яны рабілі; не прайшло паўз яе і што плакаў Дафніс. Спачуваючы няшчасным і рашыўшы, што гэта двойчы зручны момант — іх ад мук уратаваць, а заадно і сваю пажадлівасць утаймаваць — прыдумала яна такую хітрасць.
16. На другі дзень, нібыта яна зноў выпраўляецца адведаць тую парадзіху, адкрыта ідзе да дуба, дзе сядзелі Дафніс і Хлоя, і, спрытна ўдаючы перапалоханую, кажа: «Уратуй мяне, Дафніс, няшчасную, бо з маіх дваццаці гусей арол украў найлепшага гусака, але ноша яго была надта цяжкая, не змог ён занесці на звычайнае месца — на высокую скалу, а мусіў апусціцца там, у нізкім ляску. Дык хадзі — заклінаю німфамі і тым Панам! — са мною ў лес (адна я ж баюся), выратуй мне гусака, не дапусці ўбытку ў чарадзе. Можа, і самога арла зможаш забіць, і ён не будзе ўжо без канца цягаць у вас ягнят і казлянят. А тым часам статак паглядзіць Хлоя; козы ж добра ведаюць яе, яна ж заўсёды з табою пасе іх».
17. Зусім не здагадваючыся, што яго чакае, Дафніс адразу ж падняўся, узяў пастуховы кій і пайшоў за Лікэніён. Яна ж вяла яго як мага далей ад Хлоі; і, калі яны апынуліся ў найбольшым гушчары, яна сказала яму прысесці паблізу ручаіны і прамовіла: «Ты, Дафніс, кахаеш Хлою; гэта я ўведала ўночы ад німфаў. У сне яны расказалі мне і пра твае ўчарашнія слёзы і загадалі дапамагчы табе і навучыць цябе, што трэба рабіць. Але ж гэта не пацалункі, не абдымкі і не тое, што робяць бараны і казлы; іншыя гэта скачкі і нашмат саладзейшыя, чым у іх, і даўжэйшы час трывае асалода. Дык калі хочаш пазбавіцца свае бяды і зазнаць тыя ўцехі, якіх ты шукаеш, то хадзі, аддайся мне, будзь мілым вучнем; я ж, каб дагадзіць тым німфам, навучу цябе гэтаму».