18. Дафніс не мог утрымацца ад радасці, праставаты казапас, да таго ж закаханы і малады, упаў ён да ног Лікэніён, молячы як мага хутчэй навучыць яго ўмельству зрабіць з Хлояю тое, што ён так хоча; і як бы яна мела навучыць яго нечаму вялікаму і сапраўды ад бога спасланаму, ён абяцае ёй маладзенькае казляня, далікатнага сыру з аднае смятанкі і нават казу. Знайшоўшы ў ім такую пастушыную шчодрасць, якой яна ані не чакала, Лікэніён пачала навучаць такім спосабам: яна сказала, каб падсеў бліжэй да яе і цалаваў яе так часта і палка, як ён гэта звычайна робіць, і, цалуючы, заадно абняў яе і лёг долу. Калі ж ён прысеў, пацалаваў, прылёг да яе і яна адчула, што ён поўны сілы для работы і гарыць жаданнем, яна прыпадняла яго, бо ён ляжаў на баку, спрытна падставілася пад яго і навяла яго на дарогу, якую ён так доўга расшукваў; а там не спатрэбілася мудраваць, сама прырода навучыла, што рабіць далей.
19. Як толькі Дафніс закончыў навуку кахання, ён, усё яшчэ па-пастухоўску прастадушны, хацеў бегчы да Хлоі, каб тут жа зрабіць з ёю тое, чаму навучыўся, як быццам баяўся забыцца, калі прамарудзіць; але Лікэніён, затрымаўшы яго, сказала так: «Яшчэ вось што павінен ты давучыць, Дафніс. Я ж жанчына і ніякага болю цяпер не адчувала, бо даўно ўжо навучыў мяне гэтаму іншы мужчына, узяўшы ва ўзнагароду маё дзявоцтва. Хлоя ж, змагаючыся з табою ў гэтай сутычцы, будзе крычаць і плакаць і будзе ляжаць у крыві, нібы забітая. Але ты не бойся крыві, а, угаварыўшы яе аддацца табе, прывядзі яе на гэтае месца, дзе, калі яна і закрычыць, ніхто не пачуе і дзе, калі яна і заплача, ніхто не ўбачыць, а калі давядзецца ёй у кроў абрабіцца, то зможа ў гэтай ручаіне памыцца. І помні, што я раней за Хлою мужчынам цябе зрабіла».
20. Пасля такіх павучанняў Лікэніён падалася ў другі бок лесу, нібы ўсё яшчэ шукаючы гусака; а Дафніс, абдумваючы яе словы, стрымаў сваё першае парыванне, баючыся вымагаць ад Хлоі нечага большага, чым пацалункі ды абдымкі, бо ён не хацеў, каб яна ад яго крычала, нібы ад ворага, плакала ад болю і сплывала крывёю, нібы яе забіваюць. Толькі ледзь падвучыўшыся, ён баяўся крыві і думаў, што толькі з раны кроў можа ліцца. І рашыўшы з ёю цешыцца звычайным спосабам, Дафніс выйшаў з лесу; прыйшоўшы туды, дзе сядзела Хлоя, плетучы з фіялак вянок, ён схлусіў ёй, што вырваў гусака з арліных кіпцюроў, і, абняўшы яе, пачаў цалаваць, як ён, цешачыся, рабіў з Лікэніён, бо гэта ж была дазволеная і бяспечная ўцеха. А яна надзела яму вянок на галаву і цалавала яго валасы, якія здаліся ёй прыгажэйшымі за фіялкі. І дастаўшы са свае пастуховай торбы пляйстар сушанай садавіны і некалькі скібак хлеба, дала яму падсілкавацца; і калі ён еў, яна выхоплівала ў яго з рота кавалачкі і глытала, як маленькае птушаня.
21. Калі яны так елі, а яшчэ больш цалаваліся, чым елі, то ўбачылі рыбацкі човен, што праплываў паўз іх. Ветру не было, мора было спакойнае, і даводзілася веславаць. І рыбакі з усіх сіл працавалі вёсламі, бо спяшаліся прывезці ў горад аднаму багацею толькі што злоўленую рыбу. І як гэта заўсёды робяць маракі, каб забыць пра стому, так рабілі, вяслуючы, тыя. Адзін з іх, задаючы тэмп, запяваў марскія песні, а рэшта, як хор, усе разам і ў лад падхоплівала іх.
Пакуль яны так рабілі ў адкрытым моры, песня замірала, бо тоны яе губляліся ў далёкай прасторы; але калі яны, аб'ехаўшы мыс, увайшлі ў глыбокую выгнутую паўмесяцам бухту, іх усклікі чуліся мацней і бадзёрая песня выразней далятала да берага. Бо глыбокая цясніна прылягала да раўніны і, нібы поласць флейты, прымаючы ў сябе гук, на кожны голас адгукалася рэхам — выразна чуліся і плёскат вёслаў, і галасы весляроў. Люба слухаць было гэта. Бо спярша далятаў гук з мора, і доўга, пасля таго, як ён заміраў, гучаў толькі водгалас з сушы, спыняючыся нагэтулькі пазней, наколькі ён і пазней пачынаўся.
22. Дафніс, ведаючы ўсё гэта, сачыў толькі за морам і любаваўся, гледзячы, як карабель хутчэй за птушку пралятае паўз раўніну, і стараўся нешта запомніць з песень, каб сыграць пасля на сірынзе. А Хлоя, якая тады ўпершыню пачула тое, што рэхам завецца, то глядзела на мора, дзе маракі ў такт вёслам спявалі, то, павярнуўшыся да лесу, шукала, хто ж ім адгукаецца. І калі тыя праплылі паўз яе і ў цясніне запанавала ціша, яна спыталася ў Дафніса, ці ёсць за мысам яшчэ мора, і ці праплыў там другі карабель, і ці не спявалі другія маракі тую самую песню і ўсе ў адзін час замоўклі. Усміхнуўся пяшчотна Дафніс, яшчэ пяшчотней пацалаваў Хлою і, усклаўшы на яе вянок з фіялак, пачаў расказваць ёй легенду пра Эхо, наперад выпрасіўшы ў яе яшчэ дзесяць пацалункаў у плату за аповяд.