23. «Род німфаў, мая любая, вялікі: мэліі, дрыяды, гэлеі, усе красуні, усе пявунні. Адна з іх мела дачку Эхо, смертную, бо ад смертнага бацькі, прыгожую, бо ад прыгожае маткі. Німфы яе ўзгадавалі, музы яе на сірынзе, на дудцы іграць навучылі, пад ліру, пад кіфару ўсялякія песні спяваць, так што, увабраўшыся ў дзявочую красу, з німфамі яна танцавала, з музамі спявала. Але ад усіх мужчын уцякала — і людзей, і багоў, любячы сваё дзявоцтва. Зазлаваў на дзяўчыну Пан, зайздросцячы яе спевам, намарна прагнучы яе красы, спаслаў вар'яцтва на пастухоў авечак і коз. І гэтыя, як сабакі ці ваўкі, разрываюць і па ўсёй зямлі раскідаюць яе часткі, якія яшчэ ўсё спяваюць. Зямля з ласкі да німфаў пахавала ўсе гэтыя часткі. А ўмельства гучання зберагла і з волі муз падае голас і ўсё пераймае, як некалі дзяўчына: багоў, людзей, музычныя інструменты, звяроў; нават ігру на сірынзе самога Пана пераймае. А ён, пачуўшы гэта, ускоквае і ганяецца па гарах, не так хочучы злавіць, як даведацца, хто ж гэта за таямнічы вучань».
Калі Дафніс расказаў гэтую легенду, Хлоя не дзесяць, а безліч разоў пацалавала яго, бо амаль тое ж за ім паўтарала Эхо, нібы сведчачы, што ён ані не салгаў.
24. З кожным днём сонца больш прыгравала, бо вясна канчалася, пачыналася лета, і зноў прыйшлі да іх новыя летнія радасці. Ён плаваў у рэках, Хлоя купалася ў ручаінах; ён іграў на сірынзе наўзахапкі з пошумам хвойкі, яна ж спявала навыперадкі з салаўямі. Яны ганяліся за стракатлівымі цвыркунамі, лавілі звонкіх цыкад, збіралі кветкі, абтрасалі дрэвы, елі плады. Урэшце клаліся разам голыя, накрыўшыся адною казлінаю шкураю. І Хлоя лёгка стала б жанчынаю, калі б Дафніса не бянтэжыла кроў. Праўда, баючыся, каб не страціць калі-небудзь улады над сабою, ён не дазваляў Хлоі раздзявацца дагала; Хлою ж гэта дзівіла, але яна саромелася спытацца чаму.
25. У гэтае лета да Хлоі заляцалася шмат хлопцаў, і з розных месцаў прыходзіла шмат народу да Дрыяса сватаць яе; адны прыносілі падарункі, другія — вялікія абяцанкі. Напэ, падахвочаная спадзеўкамі, раіла яму выдаць Хлою і не трымаць далей дома такую дарослую дзяўчыну, якая, пасучы, можа не сёння-заўтра страціць сваё дзявоцтва, узяўшы сабе мужам якога з пастухоў за некалькі яблыкаў ці ружаў; лепей жа зрабіць яе сапраўднаю гаспадыняю дома, а вялікія падарункі самім узяць і зберагчы для свайго ўлюбёнага роднага сына (якраз незадоўга перад тым у іх нарадзіўся хлопчык). Часам Дрыяс пагаджаўся з гэтымі гаворкамі, бо кожны залётнік абяцаў большыя падарункі, чым можна было ўзяць за дачку пастуха; а часам ён зноў пачынаў думаць, што дзяўчына вартая лепшага мужа, чым сялянскія хлопцы, і што калі б яна некалі знайшла сваіх сапраўдных бацькоў, то абагаціла б і ашчаслівіла і яго і жонку; і марудзіў з адказам, адкладаючы яго з дня на дзень, тым часам збіраючы ніштавата падарункаў.
Хлоя, даведаўшыся пра гэта, цяжка зажурылася, але доўгі час не казала Дафнісу, не хочучы яго засмучаць; калі ж ён пачаў прыставаць і распытваць, што здарылася, і яшчэ больш засмуціўся ад няведання, чым бы ад ведання, яна яму ўсё расказала: што шмат залётнікаў сватаецца да яе і якія яны багатыя, пра ўгаворы Напэ, якая прыспешвае вяселле, пра Дрыяса, які не адмовіў нікому, але адклаў усё да збору вінаграду.
26. Сам не свой зрабіўся Дафніс ад гэтага, і, сеўшы, заплакаў, і казаў, што памрэ, калі Хлоя не будзе з ім больш пасвіць; і не толькі ён адзін, але разам з ім і авечкі без такое пастушкі. Пасля, сабраўшыся з духам, ён трохі суцешыўся і надумаў угаварыць яе бацьку, палічыўшы і сябе сярод залётнікаў і спадзеючыся, што возьме верх над імі. Толькі адно турбавала — Ламан не быў багаты, і гэта адно аслабляла яго надзею. Але ён наважыў сватацца, і Хлоя згадзілася з гэтым. Ламану ён не адважыўся сказаць, Міртале ж даверыўся адкрыць сваё каханне і пра шлюб слоўца ўкінуў; а яна ўночы расказала пра гэта Ламану. Той сурова сустрэў прапанову і пачаў папракаць, што яна хоча з дачкою простых пастухоў звесці хлопца, якому прыкметныя знакі абяцаюць багатую долю; бо, калі ён сваіх сапраўдных бацькоў знойдзе, зробіць іх вольнымі і дасць ім куды большыя надзелы зямлі. Міртала ж, баючыся, каб Дафніс, зусім страціўшы надзею на шлюб, з-за кахання не рашыўся зрабіць чаго над сабою, падала яму зусім іншыя прычыны адмовы. «Мы, дзіцятка, бедныя людзі, і нам трэба нявестку, якая сама прынясла б чым болей у хату; яны ж багатыя і хочуць багатых зяцёў. Ідзі ж, угавары Хлою, хай яна пераканае свайго бацьку, каб ён не вымагаў шмат і выдаў яе за цябе. Бо напэўна яна цябе кахае і ёй хочацца лепш спаць з прыгожым, хоць бедным, хлопцам, чым з багатаю малпаю».