Выбрать главу

27. Міртала, якая ніколі не спадзявалася, што Дрыяс дасць згоду — меў жа ён багацейшых залётнікаў, — думала, што знайшла найлепшую адгаворку, каб унікнуць шлюбу; Дафніс не мог адкінуць яе словы. Бачачы, як далёка ён ад сваіх спадзяванняў, рабіў тое, што звычайна робяць няшчасныя закаханыя: плакаў і зноў клікаў німфаў на дапамогу. І ўночы, калі ён спаў, яны з'явіліся ў сне ў тым самым абліччы, як і мінулы раз, і зноў загаварыла старэйшая: «Пра Хлоін шлюб дбае іншы бог; мы ж дамо табе падарункі, якімі задобрыш Дрыяса. Карабель маладых метымнейцаў, лазовую вітку якога некалі з'елі твае козы, у той дзень ветрам адагнала далёка ад зямлі; але ўночы, калі з адкрытага мора наляцела бура і яно ўсхадзілася, карабель выкінула на скалы гэтага мыса. Сам карабель і шмат чаго ў ім загінула; але гаманец з трыма тысячамі драхмаў, выкінуты хваляю на бераг, ляжыць там і цяпер, прыкрыты марскою травою побач з мёртвым дэльфінам, і ніхто з падарожных не падыходзіць да таго месца, унікаючы смуроду гнілізны. Але ты падыдзі, і, падышоўшы, вазьмі, і, узяўшы, дай. Гэтага на разе табе досыць, каб не здацца бедным; а з часам ты станеш і сапраўды багатым».

28. Гэта сказаўшы, яны зніклі разам з ноччу. Калі ж заняўся дзень, Дафніс, узрадаваны, ускочыў і, голасна насвістваючы, пагнаў сваіх коз на пашу; пацалаваў Хлою і, ушанаваўшы німфаў, пабег да мора, нібы хочучы абмыцца; і там на пяску, побліз прыбою, хадзіў ён, шукаючы тыя тры тысячы. Не шмат давялося прыкласці клопату, бо неўзабаве дайшоў да яго нядобры пах дэльфіна, які ляжаў там і гніў; гэты смурод падлы і паказаў яму дарогу, ён пабег проста туды і, разгробшы водарасці, знайшоў гаманец, набіты серабром. Падняўшы яго і паклаўшы ў сваю пастухову торбу, не адышоў, аднак, пакуль удзячна не памаліўся німфам і мору; бо хоць і быў пастух, але мора ўжо здавалася яму мілейшым, чым зямля, бо яно спрыяла яму ў шлюбе з Хлояй.

29. З трыма тысячамі драхмаў ён больш не марудзіў, лічачы сябе найбагацейшым чалавекам на свеце, а не толькі сярод тамтэйшых сялян, — тут жа прыбягае да Хлоі і расказвае ёй сон, паказвае гаманец, просіць яе папільнаваць статак, пакуль ён не вернецца, і як мага імчыцца да Дрыяса. Знайшоўшы яго на таку, дзе той з Напэ малаціў пшаніцу, ён з усёй адвагаю кідаецца ў гаворку пра шлюб: «Дай мне Хлою за жонку. Я ўмею на сірынзе прыгожа іграць, і вінаградныя лозы падразаць, і дрэвы саджаць. Умею зямлю араць і веяць збожжа на ветры. А як статак пасу — Хлоя сведкаю. Узяўшы пяцьдзесят коз, я падвоіў лік іх; я выгадаваў вялікіх і прыгожых казлоў; а раней мы чужымі казламі сваіх коз пакрывалі. Да таго ж я малады і сусед вам што трэба: а выкарміла мяне каза, як і Хлою — авечка. Пераважаючы ва ўсім гэтым над іншымі, я не ўступлю і ў падарунках. Даюць яны коз і авечак, пару шалудзівых валоў, збожжа, што і курэй не выстачыць пракарміць; а ад мяне — вось вам тры тысячы драхмаў. Толькі няхай ніхто не ведае, нават Ламан, мой бацька». З гэтымі словамі ён даў грошы, абняўшы, пацалаваў яго.

30. Яны ж, убачыўшы неспадзявана гэтулькі грошай, тут жа паабяцалі выдаць за яго Хлою і ўгаварыць Ламана. Напэ асталася з Дафнісам ганяць валоў наўкол току і выбіваць малацільнымі дошкамі калоссе; а Дрыяс, схаваўшы гаманец туды ж, дзе ляжалі Хлоіны прыкметныя знакі, хутка пабег да Ламана і Мірталы, каб — яшчэ такога не бывала — сватаць іх сына. Знайшоў ён іх, калі тыя мералі толькі што правеяны ячмень і былі вельмі зажураныя, бо ўраджай быў ці не меншы, чым пасеяна; на гэта ён іх суцешыў, што скрозь чуваць тыя самыя скаргі; а пасля пачаў прасіць выдаць Дафніса за Хлою і сказаў, што хоць шмат даюць другія, але ён ад іх нічога не возьме, а хацеў бы яшчэ і са сваіх прыпасаў ім дадаць; яны адно з адным гадаваліся і, разам пасучы, павязаны такою дружбаю, якую нялёгка разарваць, і тыя гады, каб ім адно з адным спаць. Гэта і яшчэ шмат чаго казаў ён, бо ўзнагародаю, каб угаварыў іх, меў тры тысячы. А Ламан, які не мог ужо выставіць за прычыну ні сваю беднасць, бо тыя ж перад імі не задаваліся, ні Дафнісавы гады — ён ужо ж дзяцюк, а сапраўднай прычыны, што Дафнісу суджаны лепшы, чым гэты, шлюб, не выказаў; памаўчаўшы трошкі, ён так адказаў:

31. «Вы справядліва робіце, аддаючы перавагу суседзям перад чужымі і не ставячы багацце вышэй за сумленную беднасць. Хай будуць за гэта спагадлівыя да вас Пан і німфы! Я і сам спяшаюся з гэтым вяселлем; бо быў бы вар'ятам, калі б я, стары чалавек, якому ўжо неўзабаве для работы трэба будуць больш спрытныя рукі, не палічыў бы за вялікае дабро парадніцца з вашым домам; кожны б Хлою хацеў, прыгожая, мілая дзяўчына, спрытная ва ўсім. Але я раб і ні над чым, што маю, не гаспадар; трэба, каб мой пан уведаў пра гэта і даў згоду. Давайма адкладзём вяселле на восень. Тады і сам ён тут будзе, як кажуць людзі, што з горада прыходзяць да нас. Тады яны стануць мужам і жонкаю. Цяпер жа хай любяць адно аднаго, як брат і сястра. Толькі ведай, Дрыяс, вось што: дамагаешся ты хлопца, які стаіць вышэй, чым мы». Сказаўшы гэта, пацалаваў яго і даў яму папіць, бо быў полудзень — самая спёка, і, усяляк ушаноўваючы, правёў яго ў дарогу.