Выбрать главу

32. Але Дрыяс не пусціў паўз вушы апошніх Ламанавых слоў і, ідучы дадому, даўся ў думкі, хто ж такі Дафніс. «Яго выкарміла каза, значыць, багі дбаюць пра яго; ён прыгожы і ані не падобны ні да гэтага кірпатага старога, ні да яго лысай жонкі. А мае ж ён тры тысячы, гэтулькі і грушак-дзічак у казапаса звычайна не бывае. Можа, і яго падкінулі, як Хлою? Можа, і яго знайшоў Ламан, як я яе? Можа, і пры ім ляжалі прыкметныя знакі, падобныя да тых, што знойдзены мною? Калі гэта было так, о ўладны Пане, і вы, любыя німфы, тады, можа, калі ён знойдзе сваіх, што-небудзь выйдзе на свет з Хлоінай таямніцы?» Так ён думаў і мроіў сам сабе, аж пакуль не дайшоў да току; прыйшоўшы туды і ўбачыўшы Дафніса, які напружана чакаў, што ж давядзецца пачуць, падбадзёрыў яго, назваўшы яго зяцем і паабяцаўшы ўвосень справіць вяселле, і падаў яму правую руку ў знак таго, што Хлоя не будзе належаць нікому, апроч Дафніса.

33. Хутчэй чым думка, не піўшы, не еўшы, пабег да Хлоі; знайшоўшы яе — яна якраз даіла і рабіла сыры, сказаў ёй радасную вестку пра вяселле і як бы жонку ўжо, не тоячыся, пацалаваў і разам рабіў усю работу. Даіў малако ў даёнкі, укладаў сыры ў пляцёнкі, каб сушыліся; падводзіў ягнят і казлянят пад маткі. Калі ўсё як мае быць было пароблена, яны памыліся, паелі, папілі і пайшлі шукаць спелых пладоў. Іх было мноства ў гэтую ўсёдайную пару года: шмат грушак, дзікіх і садовых, шмат яблык, адны пападалі долу ўжо, другія былі яшчэ на дрэвах; тыя, што на зямлі, больш духмяныя, тыя, што на голлі, больш румяныя; адны пахлі, як віно, а другія блішчалі, як золата. Адна яблыня была абабраная: ні пладоў на ёй, ні лісця — усе галінкі голыя. Толькі ў самым версе гайдаўся адзінюткі яблык — вялікі, прыгожы, сваёй духмянасцю ўсе іншыя перабіваў. Збіраючы, нехта пабаяўся лезці высока і не парупіўся яго зняць, а можа, збярог для закаханага пастуха.

34. Як толькі Дафніс убачыў гэты яблык, тут жа падышоў, узлез, каб зняць яго, не зважаючы, што Хлоя пярэчыла яму. Зазлаваўшы, што ён яе не слухае, яна пабегла да статкаў; Дафніс жа хутка ўзлез, каб дастаць яблык, прынёс дарунак Хлоі і прамовіў такія словы да гняўлівай: «Дзяўчынка! Гэты яблык прыгожыя Горы ўзрадзілі, прыгожае дрэва яго жывіла, сонца спяліла, а Доля яго ацаліла. Я не мог, маючы вочы, пакінуць яго, каб ён долу ўпаў і каб статак, пасучыся, яго растаптаў, ці паўзун-гад атруціў, ці час там яго зглуміў; яго, якім толькі любавацца ды захапляцца. Такі яблык Афрадыта ва ўзнагароду за красу атрымала, гэты — я табе даю ў знак твае перамогі. І суддзі вашы падобныя: той жа быў пастух авечак, а я казапас».

Гэта сказаўшы, паклаў ён яблык у складкі адзення на грудзях; і калі ён падышоў блізка, яна пацалавала яго, так што Дафніс ані не каяўся, што так адважна лез на гэтую вышыню: бо атрымаў ён даражэйшае, чым нават залаты яблык, — пацалунак.

Кніга чацвертая

 1. З Мітылены прыйшоў раб, які належаў таму гаспадару, што і Ламан, і прынёс вестку, што незадоўга да збору вінаграду прыедзе іх гаспадар, каб паглядзець, ці не прынёс шкоды яго палям напад метымнейцаў.

Лета ўжо канчалася, набліжалася восень, і Ламан рыхтаваўся да прыезду гаспадара, каб тут усё яму цешыла вока. Ён пачысціў крыніцы, каб вада была чыстая; вывез гной з двара, каб цяжкі дух не дакучаў; дагледзеў сад, каб ён меў прывабны выгляд.

2. А сад быў надзіва прыгожы, нібы царскі. Цягнуўся на цэлы стадый, а ляжаў на высокім месцы, маючы чатыры плетры ўшыркі. Можна падумаць, шырокае поле. Дрэвы ўсялякіх парод былі тут: яблыні, мірты, грушы і гранаты, а таксама фігі і алівы; а ў другім месцы высокія вінаградныя лозы абвівалі яблыні і грушы, чарнеючы гронкамі, нібы спрачаючыся з пладамі; гэта былі садовыя дрэвы. Але і былі кіпарысы і лаўры, платаны і хвойкі. Усе іх замест вінаграднай лазы абвіваў плюшч, і яго вялікія чорныя пучкі нагадвалі вінаградныя гронкі. Пладовыя дрэвы стаялі ўсярэдзіне, нібы пад аховаю: іх абступалі непладовыя, нібы агароджа, зробленая рукамі людзей; а ўсё разам аточваў нізенькі мур. Усё было акуратна падзелена і размерана, і дрэвы раслі роўна адно ад аднаго. А ўгары голле перапляталася, змешваючы лісце; так што створанае прыродаю, здавалася, было зробленае мастаком. Былі і градкі кветак; адны ўзрасціла самасеем зямля, другія — умельства; кусты руж, гіяцынты і лілеі — з працы рук, фіялкі, нарцысы, гусіныя лапкі зрадзіла зямля. Улетку тут быў цень, увесну — кветкі, увосень — плады, і на ўсякую пару свая раскоша.