Выбрать главу

3. Адсюль адсланяўся шырокі від на раўніну і можна было згледзець пастухоў, якія пасвілі жывёлу; адсюль адсланяўся і прыгожы від на мора і можна было ўбачыць, як праплывалі караблі; так што і гэта прыдавала прывабнасць саду. А ў самай сярэдзіне па даўжыні і шырыні яго стаяла капліца Дыяніса і ахвярнік; ён абвіваўся плюшчом, капліца — вінаграднай лазою. Усярэдзіне капліцы былі намаляваны карціны з жыцця Дыяніса: роды Семелы, сон Арыядны, Лікург скаваны, Пентэй разарваны. Былі і пераможаныя індыйцы і тырэнцы, перакінутыя ў дэльфінаў; усюды сатыры вінаград тапталі, усюды вакханкі танцавалі. Не абмінулі і Пана: сядзеў на скале, іграючы на сірынзе як бы агульную песню і для тых, што вінаград тапталі, і для тых, што танцавалі.

4. Гэты сад старанна даглядаў Ламан, сухое голле падразаў, вінаградныя лозы падвязваў. Дыяніса ён упрыгожыў вянкамі; да кветак правёў ваду. Была там крыніца, якую знайшоў для кветак Дафніс. Гэтая крыніца хоць служыла кветкам, усё ж называлі яе Дафнісавай крыніцаю. Ламан загадаў Дафнісу, каб ён як мага лепш адкарміў коз, бо гаспадар, сказаў ён, абавязкова захоча пабачыць іх, прыехаўшы пасля доўгай адлучкі. Але Дафніс быў упэўнены, што і так яго пахваляць за коз, бо лік іх, як ён іх узяў, падвоіўся; і воўк ніводнае не ўхапіў, і былі яны тлусцейшыя за авечак; але каб гаспадар ахватней згадзіўся на яго шлюб, усё старанне і руплівасць скіраваў на статак, выганяючы яго, ледзь на золак займала, і прыганяючы позна ўвечары. Два разы вадзіў на вадапой, расшукваў найлепшыя пашы ў тутэйшых мясцінах. Парупіўся і пра місы, каб былі новыя, і каб даёнак было шмат, і большыя пляцёнкі для сушэння сыроў. Яго дбайнасць да таго дайшла, што і рогі алеем намазваў і воўну расчэсваў. Можна было падумаць, што бачыш святы Панаў статак. Ва ўсёй гэтай рабоце яму дапамагала і Хлоя; занядбаўшы сваю ўласную атару, яна праводзіла больш часу каля яго коз, так што Дафніс думаў, што толькі з-за яе яны так цудоўна выглядаюць.

5. Калі яны былі так занятыя, з горада прыйшоў другі пасланец з наказам як найхутчэй збіраць вінаград; і сам, казаў ён, тут астанецца, пакуль з вінаградных гронак не наробяць сусла, а пасля ён вернецца ў горад, каб прывезці з сабою гаспадара ўжо на заканчэнне збору вінаграду. Гэтага Эўдрама — так называлі яго, бо бегаць і была яго работа, — прынялі як толькі маглі і зараз жа пачалі збіраць вінаград, насіць гронкі ў націсі, сусла зліваць у бочкі, а найлепшыя з вінаградных гронак зразалі разам з лазою, каб тыя, што прыедуць з горада, мелі ўяву пра ўраджай і ад яго асалоду.

6. Калі Эўдрам ужо збіраўся вярнуцца ў горад, даў яму Дафніс нямала; а даў яму гасцінцаў, на што і стаць было казапасу: добра адціснутыя сыры, маладзенькае казляня, казліную шкуру з белаю густою воўнаю, каб узімку, бегучы, на сябе накінуць. Эўдрам узрадаваўся, пацалаваў Дафніса і паабяцаў, што скажа гаспадару толькі добрае пра яго. Так ён адышоў у прыязным настроі; а Дафніс у неспакоі пасвіў далей разам з Хлояю чароды. Ды і яна мела шмат страху: падлетак, які дагэтуль звык бачыць толькі коз, горы, сялян, Хлою, павінен быў упершыню ўбачыць гаспадара, толькі імя якога ён чуў раней. Таму яна і турбавалася за Дафніса, як ён сустрэнецца з гаспадаром, і пра шлюб душа яе непакоілася, ці не дарэмна мрояць яны аб ім. І ўвесь час яны цалаваліся і абдымаліся так цесна, нібы зрасліся; але пацалункі ў іх былі баязлівыя і абдымкі сумныя, нібы ўжо гаспадар быў тут, і яны са страху павінны былі ад яго хавацца. А да гэтага надарылася ім яшчэ і такая бяда.

7. Быў там Лампіс, грубы валапас. Ён таксама сватаў Хлою ў Дрыяса і ўжо шмат падарункаў прынёс, каб прыспешыць вяселле. Але даведаўшыся, што Дафніс ажэніцца з ёю, калі ўладар дазволіць, ён пачаў шукаць спосабу, каб разгневаць супроць іх гаспадара; ведаючы, што таго вельмі радуе сад, надумаў ён як мага яго знішчыць і знявечыць. Калі ссекчы дрэвы, то выдасць стук і яго зловяць; таму надумаўся ён спляжыць кветкі. Ён дачакаўся ночы, пералез цераз агароджу і адны з іх вырваў, другія — паламаў, а рэшту растаптаў, як свіння. І непрыкметна ўцёк.