Выбрать главу

Назаўтра раніцаю прыйшоў Ламан у сад, каб паліць кветкі вадою з крыніцы. Убачыўшы такое спусташэнне ўсяе мясціны — работа не грабежніка, а толькі ворага! — ён тут жа разарваў свой кароценькі хітон і моцным крыкам пачаў клікаць багоў; так што Міртала, кінуўшы тое, што мела ў руках, выбегла з хаты, і Дафніс, які толькі што выгнаў коз, прыбег; убачыўшы, яны закрычалі, а закрычаўшы, заплакалі.

8. Хоць жальбою кветкам не паможаш, але яны плакалі са страху перад гаспадаром; і чужы б хто, трапіўшы сюды, заплакаў, бо гэтая мясціна была збэшчаная, а ўся зямля збітая ў гразь. А тыя з кветак, што ўцалелі ад руйнавання, і далей цвілі і зіхацелі і былі ўсё яшчэ прыгожыя, нават палеглыя на зямлю. І ўсё яшчэ садзіліся на іх пчолы і няспынна гулі, як бы яны аплаквалі іх. А Ламан у роспачы ўсклікаў: «Бяда гэтым кустам ружаў! Як іх паламалі! Бяда градкам фіялак! Як іх здратавалі! Бяда гіяцынтам і нарцысам! Што за нягодны чалавек вырваў іх! Вернецца вясна, а яны не распусцяцца; будзе лета, а яны красавацца не будуць; увосень нікога яны вянком не прыбяруць. І ты ж, уладару Дыянісе, не злітаваўся над няшчаснымі кветкамі, сярод якіх ты жывеш, на якія ты глядзіш, з якіх часта я табе вянкі плёў і цешыўся імі? Як, як пакажу цяпер гэты сад гаспадару? Што ён скажа, калі гэта ўбачыць? Загадае павесіць мяне, старога чалавека, на першай хвойцы, як Марсія; а можа, і Дафніса, думаючы, нібыта яго козы гэта зрабілі».

9. Яшчэ гарачэйшыя слёзы пры гэтым паліліся, і не кветкі аплаквалі яны, а саміх сябе. І Хлоя аплаквала Дафніса, як бы яго ўжо меліся павесіць, і малілася, каб уладар не прыязджаў, і перажывала цяжкія дні, нібы ўжо бачыла, як лупцуюць Дафніса. І калі ўжо ноч надышла, Эўдрам прынёс вестку, што старэйшы гаспадар прыедзе праз тры дні, а яго сын будзе заўтра. Яны зноў пачалі разважаць над тым, што адбылося, і, падзяліўшыся сваімі страхамі з Эўдрамам, папрасілі ў яго рады; ён, спагадаючы Дафнісу, параіў расказаць усё маладому гаспадару і абяцаў ім сваю дапамогу пры гэтым, бо як малочны брат быў у яго ў пашане. І калі надышоў дзень, яны так і зрабілі.

10. Астыл прыехаў конна, і з ім яго парасіт, таксама конна. У Астыла быў першы пушок на падбародку, а Гнатан — так звалі нахлебніка — даўно ўжо галіў бараду. Ламан з Мірталаю і Дафнісам, прыпаўшы да ног маладога гаспадара, прасілі паспагадаць няшчаснаму старому і адвесці ад яго, ні ў чым не вінаватага, гнеў свайго бацькі; і Ламан тут жа расказаў яму ўсё. Паспагадаў просьбе Астыл, пайшоў у сад і, убачыўшы панішчаныя кветкі, паабяцаў ім, што сам папросіць бацьку дараваць і зверне віну на коней: нібыта яны, прывязаныя там, разгуляўшыся, сарваліся з прывязі, адны кветкі паламалі, другія — здратавалі, трэція — збілі. За гэта Ламан і Міртала пажадалі яму ўсялякага дабра, а Дафніс прынёс гасцінцы: казлянят, сыры, птушак з птушанятамі, гронкі вінаграду на лозах, яблыкі на галінках. Сярод гэтых гасцінцаў было і духмянае лесбаскае віно, з усіх мацункаў найлепшае.

11. Астыл пахваліў гасцінцы і пайшоў паляваць на зайцоў, бо дзяцюк ён быў багаты, жыў заўсёды ў раскошы і прыехаў у вёску, каб зазнаць адменнай уцехі. Гнатан жа, чалавек, які ўмеў толькі есці ды піць, абы набрацца, а набраўшыся, распуснічаць, і ў якога толькі і было ўсяго што губа, чэрава ды тое, што пад чэравам, старанна разгледзеў Дафніса, калі той прынёс свае гасцінцы, і, схільны ад прыроды да хлопцаў, знайшоўшы красу, якой і ў горадзе не знайсці, надумаў узяцца за Дафніса, спадзеючыся лёгка ўгаварыць гэтага казапаса.

Наважыўшыся так, ён пайшоў не з Астылам на паляванне, а туды, дзе пасвіў Дафніс, кажучы, што хоча коз паглядзець, а напраўду — Дафнісам палюбавацца. І, каб расчуліць, ён хваліў яго коз, папрасіў яго сыграць на сірынзе пастушыную песню і сказаў, што ён хутка даб'ецца для Дафніса волі, бо ўсё можа зрабіць.

12. Гнатан, убачыўшы, што прыручыў хлопца, падпільнаваў яго ўночы, калі ён гнаў з пашы коз, і, падбегшы, спярша пацалаваў, а потым папрасіў, каб той дазволіў яму ззаду тое, што козы дазваляюць сваім казлам. Доўга не мог уцяміць Дафніс і нарэшце адказаў, што ён добра ведае, як казлы скачуць на коз, але ніхто ніколі не бачыў, каб казёл ускокваў на казла, а баран замест авечкі — на барана, ні пеўні замест курэй на пеўняў, тады Гнатан, пусціўшы ў ход рукі, хацеў узяць яго гвалтам. Але Дафніс штурхнуў п'янага, які ледзь трымаўся на нагах, паваліў на зямлю і ўцёк, як алянятка, пакінуўшы там ляжаць таго, каго весці дадому пад руку мог мужчына, а не хлопчык.

Больш Дафніс увогуле з ім не вадзіўся і пасвіў сваіх коз то тут, то там, унікаў Гнатана, ахоўваючы сваю Хлою. Ды і Гнатан больш не лез да яго, ведаючы, што той не толькі прыгожы, але і дужы. Чакаў толькі зручнага моманту, каб пагаварыць пра яго с Астылам, і спадзяваўся атрымаць яго ў падарунак ад дзецюка, які любіў адорваць часта і шчодра.