Выбрать главу

18. Весела пасмяяўся Астыл, асабліва з гэтых слоў, і, сказаўшы, што Эрас з кожнага робіць вялікага сафіста, стаў чакаць зручнага моманту, каб пагаварыць з бацькам пра Дафніса.

Усю гэтую размову ўпотай чуў Эўдрам, які, любячы Дафніса як добрага дзецюка, мучыўся, што такая краса будзе згнюшана Гнатанам, і адразу ўсё расказаў Дафнісу і Ламану. Дафніс, уражаны, вырашыў або адважыцца ўцякаць разам з Хлояй, або памерці, узяўшы і яе сваёй хаўрусніцаю. А Ламан, выклікаўшы Мірталу з хаты, сказаў: «Мы прапалі, жонка. Якраз час раскрыць нашу таямніцу. Прапалі нашы козы і ўсё астатняе; але, клянуся Панам і німфамі, нават калі б меў астацца, як кажуць, валом у стайні, не змаўчу пра Дафнісаву долю, а як знайшоў яго падкінутага, раскажу, як яго гадавалі, адкрыю, што я знайшоў пры ім, пакажу. Хай ведае гэты нягоднік Гнатан, хто такі ён і каго адважваецца кахаць. Дастань мне толькі гэтыя прыкметныя знакі — каб былі пад рукою».

19. Умовіўшыся так, яны вярнуліся ў хату; а Астыл, зайшоўшы да бацькі, калі той быў вольны, папрасіў дазволу ўзяць з сабою Дафніса ў горад, бо ён прыгожы і зашкода яго для работы ў вёсцы, а Гнатан хутка мог бы навучыць яго гарадскім манерам. Бацька ахвотна згаджаецца і пасылае па Ламана і Мірталу, каб абвясціць ім добрую навіну, што Дафніс будзе надалей замест козам і казлам слугаваць Астылу; паабяцаў замест яго даць двух казапасаў. І тут Ламан, калі ўжо збегліся ўсе рабы, усцешаныя, што будуць мець такога прыгожага таварыша, папрасіў слова і пачаў казаць: «Выслухай, о ўладару, ад старога чалавека праўдзівае слова: клянуся Панам і німфамі, што ані не схлушу. Я Дафнісу не бацька, і Міртала не мела шчасця быць яго мацераю. Іншыя бацькі падкінулі дзіцятка, відаць, маючы ўжо даволі большых дзяцей; я ж знайшоў пакінутага і гадаванага маёю казою; калі яна памерла, я пахаваў яе ў садзе, бо любіў яе за мацярынскі клопат. Знайшоў пры ім і прыкладзеныя прыкметныя знакі; прызнаюся, уладару, што іх хаваю; яны сведкі лепшай долі, чым наша. Каб ён быў рабом Астылу, я не супроць, прыгожы слуга прыгожага і добрага ўладара. Але каб з яго згнюшаўся п'яны Гнатан, не магу сцярпець; ён стараецца адвесці яго ў Мітылену, каб зрабіць жанчынаю».

20. Ламан, сказаўшы гэта, замоўк і заліўся слязамі. Калі ж Гнатан, нахабна паводзячы сябе, пачаў пагражаць бойкаю, Дыянісафан, уражаны аповядам, загадаў Гнатану замоўкнуць, кінуўшы на яго суровы нахмураны позірк, і пачаў зноў выпытваць у Ламана, загадаўшы казаць праўду і не выдумваць ніякіх баек, абы затрымаць пры сабе сына. Але Ламан стаяў на сваім, кляўся ўсімі багамі і аддаваў сябе на ўсялякую муку, калі ён хлусіць; і Дыянісафан з Клеарыстаю, якая сядзела побач, пачаў узважваць яго словы: «Навошта Ламану хлусіць, калі ён мог за аднаго двух казапасаў атрымаць? Ды і як бы селянін выдумаў такое? І хіба адразу не было відаць, што ад такога старога і ад непагляднай жанчыны такі прыгожы сын не мог нарадзіцца?»

21. І надумаўся ён больш не гадаць, а зараз жа паглядзець прыкметныя знакі, ці сапраўды яны паказваюць на больш слаўную долю. Міртала пайшла, каб іх прынесці: яны зберагаліся ў старой пастуховай торбе. Калі яна ўнясла іх, Дыянісафан першы паглядзеў і, убачыўшы пурпуровую кашульку, золатакаваную засцежку і кінжальчык з тронкам са слановай косці, голасна ўскрыкнуў: «О ўладару Дзеўсе!» І кліча жонку, каб тая паглядзела. Калі яна зірнула, таксама голасна ўскрыкнула: «Любыя мойры! Ці ж не пакінулі мы гэтага з нашым дзіцем і ці не ў гэтыя мясціны казалі мы Сафрасіні аднесці яго? Гэта ж не якія-небудзь іншыя, а якраз тыя. Любы муж, наша гэтае дзіця, твой сын Дафніс, і бацькоўскіх коз ён пасвіў!»

22. Пакуль яна яшчэ гаварыла, а Дыянісафан цалаваў прыкметныя знакі і плакаў з празмернай радасці, Астыл, уразумеўшы, што Дафніс яго брат, скінуў плашч і пусціўся бегчы ў сад, каб першым пацалаваць Дафніса. А Дафніс, убачыўшы, што да яго бяжыць Астыл, а за ім цэлая грамада, гукаючы: «Дафнісе!», падумаў, што ён хоча яго злавіць, кінуў сваю торбу і сірынгу і панёсся да берага, каб кінуцца ў мора з высокай скалы. І было б амаль нечуванае — зноў страціць Дафніса, ледзь толькі яго адшукаўшы, калі б Астыл не зразумеў гэтага і зноў не закрычаў: «Стой, Дафнісе, нічога не бойся: брат я табе, а бацькі — тыя, што да гэтага дня былі ўладарамі тваімі. Ламан толькі што нам пра казу расказаў і прыкметныя знакі паказаў; абярніся і паглядзі, як усе радуюцца і смяюцца. Але мяне першага пацалуй; клянуся ж німфамі, што не хлушу».