Выбрать главу

* Тэкст у рукапісе папсаваны.

29. Гэтыя Дафнісавы словы пачуў Гнатан, які хаваўся ў садзе; і ён, зразумеўшы, што гэта найлепшая часіна памірыцца з ім, узяў з сабою некалькі маладых хлопцаў Астыла і кінуўся да Дрыяса. Ён загадаў яму паказаць дарогу да Лампісавага двара і бягом ірвануўся туды; ён заспеў яго якраз тады, калі той цягнуў Хлою ў свой дом, вырваў яе з яго рук і добра аддубасіў яго памагатых — сялян. Ён хацеў звязаць яшчэ Лампіса і адвезці яго як палоннага, але той паспеў раней уцячы. Зрабіўшы гэта, Гнатан з надыходам ночы вярнуўся. Дыянісафан ужо спаў, а Дафніс без сну ўсё яшчэ плакаў у садзе. Ён прыводзіць да яго Хлою, аддае яе і расказвае ўсё; і просіць яго не помніць ліха, і прыняць яго як карыснага раба, і не пазбаўляць стала, без якога ён памрэ з голаду. Дафніс, убачыўшы Хлою і трымаючы яе ў сваіх руках, прымірыўся з ім як з новым сваім дабрачынцам, а Хлою папрасіў дараваць яму, што ён так доўга не парупіўся пра яе.

30. Параіўшыся між сабою, яны вырашылі пра вяселле пакуль што ўтаіць, а Хлою схаваць і адкрыць сваё каханне толькі мацеры. Але Дрыяс не згадзіўся, ён настойваў, каб сказаць бацьку, і абацаў, што яго ўгаворыць.

І як настаў дзень, ён, узяўшы ў пастуховую торбу прыкметныя знакі, пайшоў да Дыянісафана і Клеарысты, якія сядзелі ў садзе, — каля іх былі Астыл і Дафніс — і калі ўсе замоўклі, ён пачаў казаць: «Такая самая неабходнасць, што і Ламана, вымушае мяне гаварыць пра тое, што дасюль было таямніцаю. Гэтую Хлою не я на свет пусціў, не я карміў, а іншыя яе нарадзілі, і калі яна ў пячоры німфаў ляжала, яе авечка карміла. Гэта я сам убачыў, а ўбачыўшы, здзівіўся, а здзівіўшыся, выгадаваў. Пра гэта сведчыць і яе краса, бо яна ані да нас не падобная; пра гэта сведчаць і прыкметныя знакі, занадта дарагія для пастухоў. Паглядзіце, крэўных дзяўчыны знайдзіце і тады ўбачыце, ці яна годная Дафніса».

31. І Дрыяс не сказаў гэтыя словы на вецер, і Дыянісафан не без увагі іх выслухаў; а, паглядзеўшы на Дафніса і ўбачыўшы, як той збялеў і крадком плакаў, адразу ж распазнаў: гэта каханне; і баючыся больш за ўласнага сына, чым за чужую дзяўчыну, з усёй стараннасцю пачаў перабіраць Дрыясавы словы. Калі ж убачыў прынесеныя прыкметныя знакі: золатам гафтаваныя чаравічкі, бранзалеты, галаўную павязку, — ён, паклікаўшы Хлою, казаў ёй не баяцца, бо мужа яна ўжо мае, а неўзабаве адшукаюцца бацька і маці. І Клеарыста ўзяла яе да сябе і прыбрала яе ўжо як сынаву жонку, а Дыянісафан, адклікаўшы Дафніса аднаго, спытаўся, ці Хлоя яшчэ дзяўчына; і калі Дафніс пакляўся, што між імі нічога больш не было, апроч пацалункаў і клятваў у вернасці, Дыянісафан усцешыўся гэтай змове і запрасіў абаіх да стала.

32. Цяпер можна было пабачыць, якою бывае краса, калі да яе дадаць аздобы. Бо калі Хлоя была апранута, а валасы прычэсаны, а твар умыты, яна ўсім здалася да таго прыгожаю, што і Дафніс яе ледзь пазнаў. Цяпер кожны і без прыкметных знакаў пакляўся б, што бацькам такой дзяўчыны не мог быць Дрыяс. А ён таксама тут быў і разам з Напэ браў удзел у банкеце, лежачы на асобным ложы за адным сталом з Ламанам і Мірталаю.

У наступныя дні зноў прыносілі жывёлу ў ахвяру, ставілі кратэры з віном; і Хлоя таксама прысвяціла багам свае скарбы: сірынгу, пастухову торбу, шкуру, даёнкі. Узліла віна крыніцы ў пячоры, бо пры ёй гадавалася і часта ў ёй купалася. Прыбрала таксама вянкамі магілу авечкі, што паказаў Дрыяс, і яшчэ раз сыграла на сірынзе сваім авечкам, а сыграўшы, памалілася багіням, каб знайсці ёй тых, што яе падкінулі, і каб яны былі годныя яе шлюбу з Дафнісам.

33. А калі досыць насвяткаваліся на вёсцы, уздумалі вярнуцца ў горад, расшукаць Хлоіных бацькоў і не адкладаць надалей вяселля. На золку, падрыхтаваўшыся ў дарогу, яны далі Дрыясу яшчэ тры тысячы драхмаў, а Ламану палавіну ўраджаю з палёў і вінаграднікаў, коз разам з іх казапасамі, чатыры пары валоў, адзення на зіму і волю яго жонцы. Пасля гэтага вырушылі конна і вазамі ў Мітылену, з вялікаю пышнасцю.

Гарадчукі іх тады не заўважылі, бо прыехалі яны ўночы; але назаўтра каля іх дзвярэй сабралася грамада мужчын і жанчын. Мужчыны выказвалі радасць Дыянісафану, што знайшоўся сын, а яшчэ больш, калі пабачылі красу Дафніса; жанкі ж разам з Клеарыстаю радаваліся, што з сынам заадно і сынавую яна прывязла. Яны дзіву даліся з Хлоі, з яе непараўнанай красы. Увесь горад усхадзіўся з-за хлопца і дзяўчыны, хвалілі ўжо гэты шлюб і жадалі, каб яе род знайшоўся годным яе красы; і шмат вельмі багатых жанок маліла багоў, каб быць прызнанымі за маці такой прыгожай дзяўчыны.