Уступ
Лесбас — вялікая выспа ў Эгейскім моры каля заходняга ўзбярэжжа Малой Азіі. Дзеянне гэтага рамана аб каханні, на думку даследнікаў, невыпадкова разгортваецца на гэтай выспе, якая здаўна славілася цудоўным кліматам, урадлівымі землямі, а таксама як асяродак старажытнагрэцкай лірыкі кахання: тут нарадзілася шмат паэтаў, у тым ліку славутая Сафо (VІІ-VІ ст. да н.э.).
Німфы — Дзеўсавы дочкі, багіні, якія ўвасаблялі розныя сілы прыроды; заступніцы і апякункі лясоў (дрыяды), палёў (ліманіяды), далін (папэі), мораў (нерэіды), рэк (наяды), гор (арэады) і г.д. Антычнае мастацтва паказвала іх у выглядзе прыгожых дзяўчат, голых ці напаўадзетых.
...змог вытлумачыць абраз... — У шмат якіх гарадах старажытнай Грэцыі на ўтрыманні мясцовых улад была афіцыйная пасада правадніка, які паказваў і тлумачыў выдатныя помнікі гэтай мясцовасці.
Эрас — сын Афрадыты, бог кахання. Мастакі паказвалі яго ў выглядзе крылатага хлопчыка з лукамі і стрэламі, якімі ён раніць сэрца. Імя гэтае азначае «каханне». Калі ўлічыць, што ў антычныя часы ўласныя імёны нічым не адрозніваліся ад агульных назваў, то амаль заўсёды гэтае слова можна разумець дваяка: у агульным значэнні і як імя бога.
Пан — сын Гермеса і Пенелопы, бог лясоў і пашаў, апякун паляўнічых і пастухоў; меў казліныя рогі, вушы і ногі. Ён вынайшаў дудку. Час паўдзённай сонечнай спёкі лічыўся «гадзінаю Пана». І калі яго трывожылі моцным крыкам і спевамі, Пан палохаў людзей і звяроў сваімі гукамі, якія наводзілі «панічны жах».
...хворага вылечыць... — Старажытнагрэцкая медыцына лічыла, што ў хворага праз успрыманне прыгожых формаў і чытанне прыемных (у тым ліку эратычных) твораў абуджаюцца жыццёвыя сілы.
Кніга першая
Мітылена (цяперашняя назва Мітыліні) — галоўны горад на ўсходнім узбярэжжы выспы Лесбаса, у часы Рымскай імперыі меў важнае значэнне.
...прыблізна за стадыяў дзвесце... — гэта эначыць каля 3,8 кіламетра (стадый — мера даўжыні, прыкладна роўная 192 м).
Дафніс — паводле позняй грэцкай міфалогіі — сын Гермеса і німфы; абагоўлены пасля свае смерці; апякун сіцылійскіх пастухоў, заснавальнік старажытнагрэцкай пастушынай ідылічнай паэзіі.
...ахвярныя дары даўнешых пастухоў — Пакідаючы сваё пастухоўства, казапасы, аўчары, валапасы прысвячалі німфам і Пану свае даёнкі, пастуховыя кіі, торбы, сірынгі. У ахвяру багам клалі таксама і рэчы памерлых пастухоў.
Хлоя — у антычнай міфалогіі эпітэт багіні пладароднай зямлі Дэметры. Пастушыным імя лічылася, відаць, таму, што па-грэцку «хлоэ» значыць «маладая зеляніна, зялёныя пасынкі, маладыя атожылкі».
...яго імя было ім невядомае... — сведчанне, што гэта былі простыя, не вельмі адукаваныя людзі.
Вакханкі — удзельніцы містэрый бога віна і весялосці Дыяніса-Вакха. Культ Дыяніса быў звязаны з п'янымі гульбішчамі (вакханаліямі) і экстатычнымі оргіямі. У мастацтве вакханак паказвалі паўраздзетымі, з накінутаю на плечы ці на паясніцу звярынаю шкураю з тырсам (жазлом), увітым вінаградам, у руках.
...а ён казапас... — Свойская жывёла падзялялася на тры групы, адсюль і адпаведны чын пастухоўства. Першае месца займалі тыя, што пасвілі кароў і быкоў — валапасы, другое — тыя, што пасвілі авечак, трэцяе — казапасы.
Дзеўс — вярхоўнае боства старажытных грэкаў; цар багоў і людзей, бог неба, грому і маланкі. Быў сынам тытана Кронаса, які з'ядаў сваіх дзяцей. Паводле міфа, Дзеўсава маці Рэя ўратавала сына, схаваўшы яго на выспе Крыт, на гары Ідзе, — там німфы выкармілі яго малаком казы Алматэі.
Безбароды я, але такі і Дыяніс... — Антычнае мастацтва паказвала Дыяніса звычайна ў выглядзе безбародага, жанчынападобнага дзецюка.
Сатыры — лясныя казланогія боствы, з вострымі вушамі і конскімі хвастамі. Вясёлыя, памаўзлівыя, яны суправаджалі Дыяніса.
...яны кідалі адно ў аднаго яблыкі... — яблык быў сімвалам кахання. Кідаць яблык на грудзі — значыла прызнавацца ў каханні.
...спявала пра Пана і Пітыс... — Пан закахаўся ў німфу Пітыс. Але суровы Барэй, бог паўночнага ветру, бачачы, што дзяўчына аддае перавагу Пану, скінуў яе са скалы. Яна памерла, але з яе цела вырасла першая хвойка — дрэва, прысвечанае Пану («пітыс» — па-грэцку і значыць «хвойка»).