Кніга трэцяя
...ні нават скіфскі снег... — Землі на поўнач ад Чорнага мора, якія насялялі скіфы, у антычнай літаратуры служылі за прыклад марозных і снежных краёў.
...злавесныя птушкі... — старажытны грэк жыў увесь час сярод вешчых знакаў. Конь захроп па дарозе ў горад, скрыпнуў адметна воз ці мацней падзьмуў вецер і г.д. — усё нешта наперад казала яму пра тое, што мела адбыцца.
Было больш за дзесятак розных відаў варажбы: алектрыямантыя (як паводзяць куры пры ядзе), іхтыямантыя (як плаваюць у вадзе рыбы), пірамантыя (як гарыць агонь), гідрамантыя (як цячэ вада), кледанамантыя (якія міжвольныя рухі ў чалавека, у якім вуху зазвінела, як ён чхнуў), хірамантыя і г.д. Сярод іх ці не першае месца займала арнітамантыя — варажба па палёце птушак.
Ужо з'яўленне тых ці іншых птушак было для старажытнага грэка добрым або ліхім знакам, бо птушкі, асабліва драпежныя, неслі людзям волю багоў. Арол — Дзеўсаву, ястраб, крумкач — Апалонаву, варона, сава, чайка, чапля — Афініну, дзяцел — Арэсаву. Разабрацца ў прарочых складанасцях мог толькі спецыяльны варажбіт. Стаўшы тварам на поўнач, ён сачыў, з якога боку падляталі птушкі. З правага боку — вяшчалі спагаду багоў, з левага — іх непрыхільнасць. Мелі значэнне не толькі кірунак, але вышыня, хуткасць лёту, уклад ног, крык (умелы варажбіт мог адрозніць шэсцьдзесят чатыры адценні крыку крумкача), і з усяго гэтага выводзілася канчатковае меркаванне.
Таямніцы варажбы перадаваліся вусным спосабам — ад бацькі да сына.
Іакх — боства нявысветленага паходжання; часта атаясамлівалася з Дыянісам.
«Эвоэ!» — культавы ўсклік на святкаваннях Дыяніса.
Ітыс — паводле старажытнагрэцкага міфа, сын фракійскага цара Тэрэя і афінскай царэўны Прокны.
Тэрэй, здрадзіўшы з жончынай сястрою Філаменаю, выразаў ёй язык, упэўнены, што цяпер яго Прокна ніколі не даведаецца пра здраду. І тады Філамена выткала дыван, на якім паказвала, што з ёю ўчыніў Тэрэй. Сёстры ў помсту цару забілі Ітыса. А пасля, баючыся кары, упрасілі вярхоўнага Дзеўса абярнуць іх у птушак. І цяпер штовясны яны, ужо салавей і ластаўка, пяючы, аплакваюць няшчасную Ітысаву долю. Тэрэй жа быў абернуты ў ястраба ці ва ўдода (розныя варыянты міфа).
Мэліі — німфы, якія нарадзіліся з зямлі, акропленай крывёю Ўрана.
Дрыяды — драўляныя, г.зн. лясныя німфы.
Гэлеі — балотныя німфы.
...дбае іншы бог... — гэта значыць Эрас.
Драхма — «жменя», старажытнагрэцкая мера вагі (4,366 г) і сярэбраная манета. Такія грошы — тры тысячы драхмаў — рабілі адразу Дрыяса заможным.
...выбіваць малацільнымі дошкамі калоссе... — Згаданы тут спосаб малацьбы палягаў на тым, што валы цягнулі па калоссі (грэкі зжыналі толькі каласы, салома аставалася на полі і ішла на ўгнаенне — яе спальвалі) драўляныя дошкі даўжынёю два з палавінай метры з замацаванымі знізу жалезнымі зубамі ці вострым каменнем. Часам паганяты сам станавіўся на дошкі, каб абцяжарыць іх. Пустое калоссе адкідвалася віламі з трыма зубамі, пасля чаго збожжа веялі на ветры драўлянымі шуфлікамі накшталт вясла (сіты ўжываліся рэдка).
Горы — багіні пораў года, яснага надвор'я, ураджаю, юнацтва і красы; спадарожніцы багоў, пераважна Афрадыты.
Афрадыта — багіня кахання і красы, маці бога кахання Эраса. Паводле адной версіі міфа, дачка Дзеўса і Дыёна, паводле другой — нарадзілася з марскіх хваль і зефірам пасля была перанесена на выспу Кіпр (адсюль яе эпітэт Кіпрыда). Платон адрозніваў Афрадыту Ўранію (Нябесную) — увасабленне кахання і Афрадыту звычайную — увасабленне цялеснага, пажадлівага кахання. Мужам Афрадыты быў бог агню і кавальства кульгавы Гефест, якому яна здраджвала з Арэсам, богам вайны. Калі Гефест даведаўся пра гэта ад Геліяса, бога сонца, ён расставіў сеткі, якія і схапілі каханкаў у чуллівай паставе. Скліканыя Гефестам на месцы злаўчынку багі выказалі, аднак, замест абурэння захапленне цудоўнаю параю.
Тут, у аповесці, маецца на ўвазе спрэчка пра залаты яблык — «яблык разладу» — трох багінь — Афрадыты, Геры і Афіны.
...той жа быў пастух авечак... — Парыс.
Кніга чацвертая
Плетр — адна шостая стадыя, г.зн. каля 31 м.
Ахвярнік у антычныя часы знаходзіўся не ў сярэдзіне капліцы, а перад ёю.
Семела. — Міфы пра Дыяніса расказваюць, што ён нарадзіўся ад Дзеўса і яго каханкі Семелы. Дзеўсава жонка Гера, каб адпомсціць Семеле, прыняла выгляд яе карміліцы і ўзбудзіла ў яе жаданне пераканацца навочна, што яе каханы сапраўды бог, за якога ён сябе выдае, а таму папрасіла Дзеўса, каб ён з'явіўся перад ёю ва ўсёй боскай велічы з громам і маланкамі. Вымушаны клятваю, ён паўстаў перад ёю ў полымі перуноў, і смертная Семела не вытрымала нябеснага агню. Паміраючы, яна заўчасна нарадзіла Дыяніса, якога, аднак, уратаваў Дзеўс, уклаўшы сабе ў сцягно, а калі надышла пара, пусціў яго на свет.