Выбрать главу

Ён узяў шкуру вялікага воўка, якога некалі бык, абараняючы сваіх кароў, закалоў рагамі, захінуўся ў яе з галавы да ног, пярэднія лапы нацягнуў на свае рукі, заднія — на ногі ад сцёгнаў да пят, а раскрытая пашча прыкрыла яму галаву, як шлем цяжкаўзброенага ваякі. Прыкінуўшыся як мага найлепш дзікім зверам, ідзе ён да ручаіны, з якой пасля пашы пілі козы і авечкі. У вельмі глыбокай упадзіне была ручаіна, усё месца навокал глушылася цярнінаю, ажынаю, нізенькім ялаўцом і бадзякамі; лёгка мог бы там і сапраўдны воўк ляжаць у засадзе. Схаваўшыся тут, Доркан чакаў, калі надыдзе час вадапою, і меў вялікую надзею, што ён перапалохае сваім выглядам Хлою і яна апынецца ў ягоных руках.

21. Прамінула няшмат часу, і Хлоя пагнала статкі да ручаіны, пакінуўшы Дафніса зразаць зялёныя парасткі на корм казлянятам пасля пашы. Але сабакі, якія беглі тут жа, сцерагучы авечак і коз, і па сабачай звычцы прынюхваліся, учулі Доркана, як ён падпаўзаў, каб напасці на дзяўчыну, голасна загаўкалі і кінуліся на яго, як на сапраўднага воўка; і перш чым ён з перапалоху ўскочыў на ногі, аблажылі яго і пачалі рваць шкуру. Нейкі час ён яшчэ ціха ляжаў у гушчары пад накінутаю шкураю, баючыся адкрыцца; але калі Хлоя, перапалохаўшыся пры першым поглядзе на яго, пачала клікаць Дафніса на дапамогу, а сабакі, сарваўшы воўчую шкуру, упіліся ў яго цела, ён залямантаваў і пачаў прасіць дапамогі ў дзяўчыны і Дафніса, які ўжо прыбег сюды. Тыя зычным воклікам хутка супакоілі сабак, а Доркана, у якога былі пакусаны сцёгны і плечы, павялі да ручаіны, прамылі яму раны ад сабачых зубоў і прыклалі да іх зялёнай вязавай кары, пажаваўшы яе; яны палічылі апрананне ў шкуру за пастухоўскі жарт, і, зусім не гневаючыся, суцешылі яго, і, правёўшы яшчэ трохі пад рукі, адпусцілі дахаты.

22. Доркан, выбавіўшыся з бяды і ўратаваўшыся, хоць і не з воўчай пашчы, як гэта кажуць, а з сабачай, пайшоў загойваць свае раны; а Дафніс і Хлоя мелі шмат клопату, аж да ночы збіраючы коз і авечак: бо спуджаныя воўчаю шкураю і ўзбуджаныя сабачым брэхам адны з іх на скалы ўзбеглі, а другія аж да мора дабеглі. Хоць і былі яны прывучаныя слухацца голасу і на сірынгу супакойвацца, а калі пляснуць у далоні — збірацца, але на той раз страх прымусіў на ўсё забыцца. З цяжкасцю, як зайцоў па слядах, расшуквалі іх Дафніс і Хлоя і загналі ў аборы. Толькі тае начы заснулі яны глыбокім сном і знайшлі ў стоме лекі ад мук кахання.

Але калі зноў прыйшоў дзень, зноў яны цярпелі ў той жа спосаб. Радаваліся, убачыўшыся, журыліся, расстаючыся, нечага прагнулі, але не ведалі, чаго прагнуць. Адно толькі ведалі яны, што яго загубіў пацалунак, а яе — купанне.

23. Распальвала іх і сама пара года. Вясна ўжо канчалася, лета пачыналася, усё было ў росквіце, дрэвы ў пладах, палі ў каласах; усцяж мілае цыкад стракатанне, садавіны салодкае пахкае дыханне ды радаснае авечак бляянне. Можна было б падумаць, што рачулкі, спакойна воды коцячы, спявалі, што вятры сваім подзьмухам па соснах на сірынзе ігралі, што яблыкі ў знямозе кахання долу спадалі, што сонца, закаханае ў красу, усіх раздзявала.

Дафніс, распалены ўсім гэтым, кідаўся ў раку, то плёскаўся ў вадзе, то ганяўся за разгулянаю рыбаю; а часта і піў, як бы хацеў патушыць агонь усярэдзіне. Хлоя ж, падаіўшы авечак і многіх коз, доўга яшчэ ўпраўлялася, каб сквасіць малако; а мухі моцна даймалі і кусалі, калі яна іх праганяла. Пасля яна, умыўшы твар, прыбіралася вянком з хваёвых галінак і, ахінуўшы паясніцу шкурай аляняці, напаўняла посуд віном і малаком, каб разам з Дафнісам выпіць гэтага пітва.

24. Калі ж надышоў поўдзень, вочы іх адразу трапілі ў палон чараў. Бо яна, убачыўшы голага Дафніса, уражаная яго дасканалай красою, знемагала, не знаходзячы ў яго ніякай заганы; ён жа, гледзячы на яе, апаясаную шкураю аляняці, у хваёвым вянку, калі яна яму падавала кубак, думаў, што бачыць німфу з пячоры. Пасля ён хапаў у яе з галавы хваёвы вянок і надзяваў яго на сябе, спачатку пацалаваўшы гэты вянок; яна таксама, калі ён раздзяваўся і купаўся, захіналася ў яго вопратку, спачатку яе пацалаваўшы. Часамі яны кідалі адно ў аднаго яблыкі або прыбіралі адно аднаму галаву, расчэсваючы валасы на прабор. І Хлоя параўноўвала яго валасы з міртам, бо яны былі чорныя, ён жа яе твар параўноўваў з яблыкам, бо ён быў белы і румяны. Ён вучыў яе іграць на сірынзе; але калі яна пачынала дзьмуць, ён выхопліваў у яе і сам губамі перабіраў чароціны; і ўдаючы, што папраўляе яе памылкі, прыдумаўшы прыстойную прычыну, праз сірынгу цалаваў Хлою.