Злева, за беленай фігурнай агарожай, стаіўся стары парк. Тут быў глухі бок яго. Дрэвы стаялі паніклыя ў цішы, і між іх галля ўжо гусцеў змрок. На слупах запаліліся ліхтары, але было яшчэ відно, i ix святло марна таяла ўгары, цьмяна асвятляючы толькі блізкае вецце дрэў. У канцы вуліцы залаціста-палевым бляскам святлеў заходні ўскраек неба, аздоблены нізкай барвовай хмурынкай.
Хлопцы ішлі і ішлі ў напрамку тае хмурынкі, і ўжо ззаду засталіся людныя вуліцы і шматпавярховыя дамы. Лапата і Сёмка нешта перагаварыліся і жартавалі між сабой, а Вострыкаў пільна глядзеў па баках. Ён па-ранейшаму адчуваў сябе не зусім ёмка ў гэтай новай ролі. Праўда, тут, на ўскраіне, дзе прахожых было меней, ён неспакойнеў, а дагэтуль усё здавалася хлопцу, што сустрэчныя з іроніяй і кпінамі пазіралі на яго і, пэўна, думалі: «Вось найшоўся яшчэ ўпарадкавальнік, блазан гэткі!» Асабліва дапякалі яму няпэўныя адносіны таварышаў. Была-б гэта якая іншая справа, менш сур’ёзная, дык ён кінуў-бы турбавацца і трымаў-бы сябе куды вальней. Але зараз ён быў галоўным тут, ад яго залежала дзейнасць патруля. I ён адказваў за яе перад гаркомам комсамола. Хлопец адчуваў гэтую адказнасць і хацеў выконваць свае абавязкі як мага лепш.
На скрыжаванні двух пыльных нябрукаваных вуліц ім сустрэліся двое юнакоў. Добра апранутыя, у шэрых гарнітурах з белымі каўнярамі паверх пінжакоў, яны шыбавалі пасярэдзіне вуліцы, трымалі ў роце цыгаркі і адмыслова лаяліся. Увесь іх выгляд быў нахабны і сведчыў, што хлопцы не прывыклі зважаць на чые-небудзь заўвагі. Алесь ведаў, што з такімі чапляцца — не абыйдзешся без сваркі. Другім разам ён паціху прамінуў-бы ix, і нават зараз яму вельмі карцела зрабіць гэта. Але абавязкі — ёсць абавязкі, і, неяк пераадолеўшы нерашучасць, ён спыніўся на асветленым ліхтаром месцы.
— Хлопцы, трэба цішэй, — як мага спакайней сказаў ён. Юнакі спынілі лаянку і, падазрона ўглядаючыся, збочылі да яго. Лапата i Сёмка адсталі ад свайго старшага крокаў на дваццаць I, размаўляючы, шпацыравалі па тратуарьт. Апрача іх на вуліцы, здаецца, не было нікога.
— Што трэба, блазан?
Гэта прамовіў пярэдні, нізкарослы таўсцяк. Ён насупіў бровы і, выцягшы з кішэні рукі, пагрозліва наблізіўся да Алеся. Другі, сутулы і высокі, змрочна аглядаючы яго, таксама падыйшоў і стаў з другога боку.
Алесь адчуў сябе ніякавата ад такога пагрозлівага намеру, але прыкідваючыся, што не прыкмячае нічога незвычайнага, цвёрда сказаў:
— Мы—комсамольскі патруль. Прашу трымаць сябе культурна.
— Ха! Патруль!—гыркнуў высокі, і яны насмешліва пераглянуліся.— Дык што табе, па песнях заехаць?
Але тут падыйшлі Сёмка і Лапата і моўчкі, з гатоўнасцю дапамагчы, сталі ззаду. Хуліганы, відаць, зразумелі, што на баку патруля не толькі законнасць, але і сіла, i бокам падаліся далей. Ужо адыйшоўшы, яны вылаяліся i зніклі ў змроку вуліцы.
Патрулі пайшлі далей. Абапал вуліцы цягнуліся нізкія аднапавярховыя дамы. У асветленых вокнах часам з'яўляліся жаночыя постаці, папраўлялі фіранкі, ці завешвалі ix. К ночы моцна пахла бульбоўнікам з гародаў і нечым смажаным, што рыхтавалася на вячэру... Алесь крыху хваляваўся ад не вельмі прыемнай першай сустрэчы і вырашыў цяпер трымацца разам. Лапата і Сёмка ішлі моўчкі. Потым Лапата сказаў:
— Аднак ты, гляджу, зубасты.
Алесь не ўцяміў, была гэта пахвала ці дакор, ці мо’ толькі насмешка і адказаў, думаючы пра тых нахабнікаў:
— Ix трэба было як след прабраць.
— Затрымаць ды ў штаб адвесці,— сур’ёзна зазначыў Лапата.
Сёмка, усё штось скептычна ўсміхаючыся, сказаў:
— Што з імі валэндацца? Набіць-бы каркі ды і ўсё. Я-б ім паказаў!
Ужо бадай добра сцямнела, калі яны прыйшлі на вуліцу Пясчаную. Гэта была звычайная на ўскраіне вуліца — ціхая, з невялікімі прыватнымі домікамі, садамі і гародамі. Між дамоў цягнуліся высокія платы, над імі ў зорным небе чарнелі вішнякі і ў дварах лязгал! ланцугамі сабакі. Хлопцавы камашы мякка ступалі па ўтаптанай мураве, дзе пасвіліся ўдзень шматлікія гусіныя статкі. У канцы вуліцы згрувасціліся баракі, павеці і абапальныя карпусы цагельнага завода.
Высокае, цёмнае неба заззяла безліччу мігатлівых іскрынак. Няроўнай паласой праз зорныя абшары рассыпаўся Млечны шлях. Пасля гарадскога тлуму тут, на ўскраіне, было неяк незвычайна ціха і глуха. Здалёк даносіліся толькі гудкі паравозаў на станцыі, ды на гарадскіх вуліцах бліскалі фары аўтамабіляў — іх далёкае святло палахліва блукала па сценах будынкаў.