Алесь паволі пераступіў з нагі на нагу і, кульгаючы, падаўся да людзей. Патрывожаная начным здарэннем, вуліца ажывала. Аднекуль з’яўляліся людзі, у веснічках стаялі здзіўленыя поўапранутыя жыхары.
Нарэшце, калі міліцыянер і Лапата звязалі злачынцу, рукі, афіцэр міліцыі бліснуў на момант у твар затрыманага кішэнным ліхтарыкам і здзіўлена вымавіў:
— Эге! Ды гэта-ж Фараон! Вось як ты трапіў да нас!
Алесь пачуў гэтае знаёмае імя і аж уздрыгнуў ад страху. Але палохацца цяпер не было чаго. Бандыта моцна трымалі. Наўкол узбуджана гаманілі людзі, і з ix гамонкі Алесь дазнаўся, што гэты рэцыдывіст нажом тарнуў нейкага чалавека, які, казалі, наўрад ці выжызе ад раны.
Бандыта пэвялі, а да Алеся падыйшоў усхваляваны, змораны Лапата.
— Ну, як ты? — цяжка дыхаючы, запытаў ён. — Не параніў ён цябе?
— Ды не, — адказаў Алесь. У яго душы адразу павесялела ад чуласці таварыша, а боль i слабасць, здаецца, адразу сталі меншымі.
— А я аж напалохаўся, калі ты знік. Думаў, можа забілі цябе.
Яны зноў пайшлі поплеч за натоўпам, які цягнуўся за міліцыянерамі. На заходняй палове неба з усёй моцы свяціў спазнелы маладзічок і ззялі зоры, а на ўсходняй, ужо разганяючы мігатлівую цемру, плыло іншае святло — там нараджаўся ранак.
У Алеся балела ў баку, балела левая нага i слабасць знясільвала цела. Піліп цяпер не адыходзіў ад яго і, убачыўшы, што хлопцу цяжка ісці, сказаў:
— А ты абапірайся на мяне.
Алесь паклаў на яго плячо сваю руку i гля_ нуў у твар. У прыцемках ён не ўбачыў піліпавага позірку, але, бадай, i не трэба было нічога бачыць. Узаемнае добрае імкненне адзін да аднаго яны разумелі без слоў.
— Што, вельмі баліць нага? — пытаў Піліп. — Давай я цябе паднясу, калі хочаш. Бярыся!
Алесь аж засаромеўся ад гэтай шчырасці, але сказаў, што дойдзе сам: нага баліць, толькі не вельмі.
Яны яшчэ памаўчалі, кожны паасобку думаючы аб сваім, і тады ўпершыню ў іх нарадзілася нешта блізкае, цёплае ў іх адносінах. Потым Піліп сказаў:
— Аднак ты смелы, брат. Ціхі, маўклівы, а нішто...
— I ты таксама... справядлівы.
— А ты не ведаў? — пажартаваў Піліп.— Ды вось мы і спазніліся.
Алесь удзячна зірнуў на яго, іх позіркі сустрэліся, i абодва яны шчасліва засмяяліся.