Выбрать главу

Якім (з дакорам). Паўлінка!

Паўлінка (закрываючы губы рукой). Ну, ну, ужо маўчу… як нямая рыба.

Якім (як бы сам да сябе). Калі, калі ўжо надой-дзе тая часінка, што нас злучыць навекі, і мы ўжо ніколі не расстанемся? Калі? Калі?..

Паўлінка. Ха-ха-ха! На святое ніколі. Вельмі ўжо татка мой заеўся на цябе з таго часу, як даведаўся, што мы з табой злюбіліся. Ну, а без таты гэты інтэрас наладзіць будзе вельмі трудна.

Якім. Трудна-то яно трудна, але няма таго злога, каб не выйшла на добрае. Хоць бы, прымерам, мы з табой так зрабілі: выбраўшы падхадзячую часіну, калі стары будзе не ў злосці, узяліся з табой за рукі, падышлі да яго, укленчылі і сказалі: так і так, наш добры бацечка, - я люблю Паўлінку, а я люблю Якімку - вельмі-вельмі моцна, так, што і жыцця нам аднаму без аднаго нямашака, ну дык супакойце нашы сэрцайкі, дайце нам пазваленне ўзяць ды пажаніціся.

Паўлінка. Э-э!!! Не туды, мой дурненькі Якімка, паехаў! Уедзеш гэтак у нерат, што ні ўзад ні ўперад. Каб гэта яшчэ толькі з мамкай, то яно сяк-так, як табе не раз я і казала, але са старым дык чыстая бяда, настаяшчае гора. Хоць ты яму кол на галаве чашы, дык нічога не выдзеўбеш. «На парог, кажа, каб і не важыўся паказвацца; мазгаўню, кажа, гаду пашчапаю!» Вось і рабі з ім, што хочаш! Каб мог, дык на першай асіне павесіў быў цябе. Ну, і дзе ж у такім разе набрацца смеласці, ісці кленчыць перад ім і прасіць пазвалення?.. Задасць такога пытлю і табе і мне разам, што і жаніцьба ў галаву не палезе.

Якім. Так-то яно так! Але я неяк усё яшчэ надзеі не трачу - ану ж адпусціцца. Быў жа такі час, што мяне любіў ды нават у бядзе то тады, то сяды памагаў.

Паўлінка. Быў час, але вадою сплыў. Памагаў, пакуль не ўбачыў, што трэба і дачкою памагчы, а як да гэтага стала даходзіць, вось у ім і адазвалася шляхоцкая фанабэрыя. Другую песню цяпер пяе. Нож точыць… востра нож точыць родны мой татка на таго, каго сам калісь любіў і каго я палюбіла… (Устаючы, горача.) І на векі вечныя любіць буду.

Ідзе і папраўляе падушкі, за ёй - Якім, абнімае яе, і садзяцца, абняўшыся, на ложку.

Якім (памаўчаўшы, ласкава). Паўлінка!

Паўлінка (смеючыся). Ізноў забыўся, як завуся?

Якім. А ты ізноў сваё… Слухай, міленькая: ці ты надумалася зрабіць тое, аб што я цябе надовічы прасіў і маліў? Сама ж ты, золатца, казала мне не раз і цяпер кажаш, што татка твой ні на якія прось-бы не згодзіцца. Значыцца, сама добра разумееш, што іншага выхаду для нас нямашака. А гэтак, як я казаў, будзе найлепей. Ці то мы будзем першыя або апошнія? Янка Лукашонак з сваёй Зосяй так зрабілі, Ігнась Манякоўскі з сваёй Дамінісяй, ды і шмат хто… Бацькі спачатку пазлуюць, пазлуюць трохі і адпусцяцца, - ведама, бацькаўскае сэрца. Вось мы з табой, міленькая, такім парадкам самі сабе шчасце збудуем і нічыёй ласкі прасіць не будзем. Адно, абы твая згода - і ўсё будзе добра. Я ўжо, пры-знацца табе, гаварыў з папом. Ён заўтра прыязджае ў Міхалішкі імшу адпраўляць і заначуе ў ваколіцы. Ну, а мы к яму… раз, два і - гатова.

Паўлінка. Думаць-то я думала, але неяк страшна. Можа б, было лепей, каб яшчэ трохі пачакаць, а то так скора, раптам… Хто спяшыць, той людзей смяшыць.

Якім. Якая ты нядобрая, Паўлінка! Ты зараз - страшна, страшна, пачакаць, пачакаць! Гэтак і ўсю сваю моладасць пачаканкамі перачакаем. А так гэта дачэснае жыццё можна добра наладзіць, так добра, абы толькі ахвота ў нас была ды вытрываласць.

Паўлінка. А што, калі зловяць? Гэта ж я не выжыву з сораму, людзі вочы выберуць, нельга будзе на свет паказацца. Цяпер і то колькі ўсякай брыды ўслужлівыя суседзі і суседкі на нас вернуць, а што і гаварыць тады, як нам гэта «бог наш уцечка» не ўдасца.

Якім. Не бойся, золатца, не зловяць! Усё пойдзе гладка. Заўтра ў вас вечарынка; пасля вечарынкі ўсе будуць спаць моцна, так, што хоць з гарматаў страляй - нічога не пачуюць. Я ўсё акуратна прыгатую, ты толькі звяжаш у клумак што патрэбнейшае, а там праз момант - і ты мая на векі вечныя.

Паўлінка (нібы са злосцю). Не я твая, а ты мой на векі вечныя!

Якім. Ну, хай будзе, як Сора казала; але гэта толькі тады ў нас выйдзе, калі ты прыстанеш на тое, аб што я цябе прасіў і прашу.

Паўлінка (падумаўшы, смеючыся). Ну, згода да… заўтрашняга дня, а там пабачым.

Якім (павесялеўшы). І даўно ўжо трэ было гэтак сказаць, мая ты кветачка майская. Заўтра вечарам, як толькі ўсе паўкладаюцца, - я ўжо ў садзе пад акном буду на цябе чакаць. Ты аконца адчыніш, лахі пад пахі ды скакель з хаты ў сад, як пятух!

Паўлінка. Гэта ты, як пятух, а я, як…

Якім (перапыняючы). Як курыца.

Паўлінка. Не курыца, а як зязюлька.

Якім. Як зязюлька праз акно фырр! а пятух цап, а поп крапілам пырсь! а там…

Паўлінка (смеючыся). А там ізноў фырр!..

Размахвае рукамі і хоча вырвацца. Якім мацней прыціскае яе к сабе і хоча пацалаваць; яна нібы бароніцца, а пасля хватае яго за шыю, і доўга горача цалуюцца.

Якім. Ох, каб гэтак усё жыццё і кожную мінутку.

Паўлінка. Ого! Разласаваўся!.. Аскому нагоніш, пакуль ахвоту спагоніш. (Прыслухаўшыся.) Ой, недзе туркоча! Ці не едуць толькі нашы з торгу!

Якім (прыслухаўшыся). Такі ж нехта едзе!

Паўлінка (сумна). Значыцца, Якімка, трэба ўжо табе рабіць фырр!

Якім (устаючы, з уздохам). Нічога не парадзіш - трэба!.. Ой, гэтыя бацькі! І чаму гэта не ро-дзяцца на свет дочкі без бацькоў!..

Паўлінка (устаючы). Ах, чуць не забылася. Ці прынёс мне тое, што абяцаўся?

Якім. А як жа, прынёс, маё ты золатца. (Дастае з кішэні фатаграфію і аддае Паўлінцы.)

Паўлінка (прыглядаючыся да фатаграфіі, весела). Вось так добра! Заместа аднаго маю ўжо двух: аднаго, што сам ходзіць да дзяўчат і рукам волю дае, а другога, што трэба насіць за… пазухай. (Смяецца.)

Якім (любуецца ёю, хватае і цалуе). Ах ты, зязюлька мая ненаглядная!

Паўлінка (баронячыся). Ну, ну, петушок! Не гарачыся: паспееш з козамі на торг. (Выпіхаючы Якіма з хаты.) Марш дадому! Раз, два, тры!..

Якім (у дзвярах). Помні, Паўлінка, - заўтра!.. (Выходзіць.)

З’ява III

Паўлінка адна.

Паўлінка (папраўляе ложак, пасля прыглядаецца да фатаграфіі, цалуе яе і хавае за пазуху, прыціскаючы грудзі рукамі). А што, смачна? цёпленька?.. Га?.. Каля самага сэрцайка дзявочага… Пэўне, чуеш, як яно, бедненькае, трапечацца. Выгадна табе тут, як нідзе нікому!.. Але не, не! Гэтак не выпадае. Яшчэ трохі порана… Паслязаўтра - іншая рэч. А цяпер… (Ідзе к абразу.) Пасядзі лепш, саколік, за абразікам. Седзячы гэтак у Бога за плячыма, меней будзеш мець грэшных думак у галаве, чымся песцячыся тут (паказвае) у маладой дзяўчыны. (Напяваючы, падыходзіць да сцяны, хавае фатаграфію за абраз і, як ні ў чым не бывала, садзіцца за шыццё.)

Дый чым жа твая, дзеванька,

Галоўка занята? (і г. д.)

З’ява IV

Паўлінка, Сцяпан, Альжбета.