Паўлінка (як бы не зважаючы на гаворку Агаты). Кніжкі мне прыносіў… Хораша так аб усім расказваў… як трэба жыць, як людзей трэба ўсіх любіць, і шмат, шмат чаго. І любіць жа ён гэтых людзей зусім неяк не так, як мы іх любім. Гэта ж трэба ведаць, столькі мой тата на яго ўсякай дарэмшчыны нагаварыў і ачарніў, а ён хоць бы што. «Ведама, кажа, чалавек: яму нешта абышло ці не спадабалася, дык і помстуе. У нас, кажа, усё ідзе не так, як трэба. Людзі, кажа, у нас, як звяры: адзін на другога кідаюцца, адзін другога цкуюць, пад’юджваюць, ненавідзяць адзін другога. Змалку дзён, кажа, прывыкаюць у ненавісці жыць, змалку дзён іх да гэтага вучаць і дома, і за домам. Сляпыя, кажа, усе сляпыя. Адзін над другім не маюць ніякай літасці, хоць усіх душаць зверху ўсялякія пошасці ды злыдні».
Агата. Чула я, чула аб ім не раз. Вельмі ўжо, ка-жуць, тудэма-сюдэма, разумны і добры ён.
Паўлінка (ажывіўшыся). А што ж, ці не праўда? І ўсё б было добра, каб не гэты тата: хоць немаведама што рабі з ім…
Агата. Трэба, дзеткі, пачакаць, ану ж, тудэма-сюдэма, ліха перамелецца, і ўсё добра будзе.
Паўлінка. Трэці год, цётачка, чакаем, і нічога не выходзіць. Трэці год трасуся і выглядаю той часінкі, каб толькі з ім пабачыцца. Павешуся, цётачка, павешуся, калі мяне з ім разлучаць!..
Агата (хрысцячыся). Мёйца, Сына! Тудэма-сюдэма, што ты, Паўлінка? Пабойся Бога гэткія рэчы гаварыць напроць ночы! Цьфу! Матачка Найсвентшая!
Паўлінка (паказваючы). Калі тут, цётачка, так пад сэрцам баліць, што і жыць неўмагату. Такі ён міленькі, такі прыгожанькі, такі паслухмяны… (Заглядзеўшыся ўдаль.) Калі яшчэ з татам былі яны добра, прыйдзе, бывала, вады за мяне прынясе, дрэўкі нашчапае. Не глядзіць на тое, што калісь вучыўся, а цяпер сам вуча і большых, і меншых. Ніколі ад яго слова благога не чула. Так, ведаеце, цётачка, і хочацца з кім-колечы аб ім гаварыць і думаць без канца і пачатку. І чаму я такая няшчасная? (Са слязьмі.) Бацька родны хоча мяне адарваць ад таго, хто мне цяпер мілей ад усяго чыста - жыцця, хаты роднай, цэлага свету. І чаму ж я такая няшчасная?
Агата (тулячы да сябе Паўлінку, праз слёзы). Ціха, мае дзеткі, ціха. Не гаруй, не маркоцься, міленькая, вельмі. Неяк жа ды будзе. Бог найвышэйшы, тудэма-сюдэма, міласэрны і аб тваёй тут цяжанькай долі не забудзецца.
Паўлінка (як бы збудзіўшыся). А няхай сабе будзе, што мае быць, - я свайго такі даб’юся або згіну, каб і следу не засталося.
Агата. А ўсё ж такі скажы мне, дзеткі, чаму так твой тата на яго заеўся?
Паўлінка. Бо… бо Якім з мужыкоў…
З’ява XII
Паўлінка, Агата, Сцяпан, Пранцісь.
Пранцісь (за дзвярыма). Глупства, вось-цо-да. Не дзе падзелася! Я знаю, собственно, дамоў уцякла, пане дабрудзею.
Сцяпан (уваходзячы ў хату, а за ім Пранцісь). І трэ было ж свату так дрэнна яе прывязаць, ды ў гэт-кую яшчэ цемру.
Агата (усхапіўшыся). Каго прывязаць?
Пранцісь. Кабылу, кабылу, пане дабрудзею. Ужо ж не цябе, вось-цо-да.
Агата. Дык дзе ж кабыла?
Пранцісь (дастаючы пляшку). Собственно, няма кабылы, дзе была, вось-цо-да, пане дабрудзею.
Агата (падбягаючы да Пранціся з кулакамі). Дык чаго ж ты, тудэма-сюдэма, несвянцоная костка, рассеўся, як у сваёй хаце!
Пранцісь (пацягваючы з бутэлькі). Глупства, глупства, вось-цо-да. Пасвенцім, собственно, пане дабрудзею, калі несвянцоная.
Агата (хоча вырваць пляшку, Пранцісь не дае). Вось я цябе зараз, тудэма-сюдэма, як высвенчу гэтай пляшкай па галаве, дык і сваіх не пазнаеш, няшчасны ты «вось-цо-да». (Галосячы.) А Божа ж мой, бацюхна мой! Нашто мяне пакараў гэтай, тудэма-сюдэма, п’яніцай, гэтай недарэкай, гэтай куксамордай, гэтай… гэтай…
З’ява XIII
Тыя ж і Альжбета.
Альжбета (убягае, трымаючы ў руцэ клінок з тварагом). Што гэта ў вас тут парабілася, мае міленькія?
Паўлінка. Кабыла дзядзькава ўцякла, ці хто ўкраў. (Ідзе, садзіцца на ложак і шые.)
Альжбета (да Пранціся). Дык чаго ж, сватка, чакаеце? Бяжыце скарэй дамоў, - пэўна, там; гэта ж ёй не першыня.
Агата. Ці ж гэту, тудэма-сюдэма, трухлявую калоду зрушыш з месца! Сядзіць жа вось анцыхрыст, каб яму моль пяты пабіла, і з месца не скранецца.
Сцяпан (закурваючы люльку). Супакойцеся, свацця. Не дзе яна дзенецца. Каханенькая, родненькая, яна дома, напэўна дома.
Агата. А сват, тудэма-сюдэма, не сунься з сваім носам туды, куды цябе не просяць. (Да Пранціся.) Ідзём! Чуеш ці не!..
Пранцісь (устаючы). Глупства, пане дабрудзею, глупства. Мае мазгі спрытныя. На табе, вось-цо-да, паеду, собственно, дамоў.
Агата (выводзячы Пранціся). Бывайце здаровы! Пахвалёны Езус!.. Падла гэты, ламака, нарабіў работы!
Выходзяць, за імі - Альжбета з клінком.
З’ява XIV
Паўлінка, Сцяпан.
Сцяпан. Ох, і даюцца ж гэтыя сваякі ў знакі. Але, дзякуй Богу, дзве дзюркі ў носе і сканчылося, - ужо пазбыўся.
Паўлінка. А даўно гэта таткаў гняды ўцёк з Лужанкі і татка дамоў пехатой прытрапаў?
Сцяпан. Што было, тое сплыло, і болей, каханенькая, родненькая, не будзе, як кажуць людзі.
Паўлінка. Паглядзім. Заўтра кірмаш.
Сцяпан. Не бойся, каханенькая, родненькая. Я кабылу злаўлю, але і ты глядзі, каб мне таго зяця злавіла, аб якім я табе сягоння гаварыў.
Паўлінка. Што ён конь ці вол, каб я яго яшчэ мела лавіць?
Сцяпан. Не конь і не вол, а так сабе, дойная жывёліна.
Паўлінка. Дык, татка, яго і дойце, калі ён для вас такі дойны, а я і не думаю.
Сцяпан. Нічагутанькі, каханенькая, родненькая. Надумаешся, ваша, як пакармлю бярозавай кашай. Вось толькі каб пагода была добрая, а то казаў ён, што на кірмаш не паедзе, калі будзе дождж ісці.
Паўлінка. Ліха не возьме! Гэткі цукер не раз-мокне.
Сцяпан. Каханенькая, родненькая, як скажу, так і будзе; дзве дзюркі ў носе і сканчылося. Вось толькі трэба даведацца, ці будзе напэўна заўтра пагода. Купіў я сягоння каляндар - нейкі беларускі, як кажа крамнік. Пытаўся ў яго, ці піша аб пагодзе, дык крамнік гавора мне, што аб пагодзе напісана ў ім болей, як аб чым іншым. Значыцца, пагля-дзім праўды.
Ідзе і дастае з-за абраза каляндар, адтуль валіцца на зямлю фатаграфія. Паўлінка, саскочыўшы з ложка, падбягае падняць яе, але не паспявае.
(Падымаючы фатаграфію.) А гэта што такое?
Паўлінка (хочучы адабраць). Гэта мая. Аддайце мне, тата!
Сцяпан. Я пытаюся - хто гэта?
Паўлінка. Ці ж, тата, не бачыце?
Сцяпан (са злоснай насмешкай). Ха-ха-ха! Якім!.. Хай жа ён прападзе саўсім. (Хоча рваць, Паўлінка адбірае.)
Паўлінка (скрозь слёзы). Аддайце, татачка, аддайце, не рвіце! не здзеквайцеся над ім…
Сцяпан (адпіргнуўшы ад сябе Паўлінку). Адчапіся ад мяне, гіцлёўка! Я вам тут наразводжу шашняў…
Стукат у сенцах. Уваходзяць Пранцісь, Агата, а за імі Альжбета. Паўлінка стаіць патупіўшыся, глытаючы слёзы, і скубе пальцамі фартух.