Выбрать главу

Музыка. Мы гэтага не ўмеем.

Адольф. Ну, дык падзі-спаць!

Музыка. Першы раз чуем.

Адольф. А можа, падзі-кварту знаеце?

Музыка. І гэта першы раз чуем.

Паўлінка (як бы бядуючы). А-ей-ей! Вось табе і на! Так і не наўчуся гэтых панскіх танцаў.

Адольф. Не бядуйце вельмі. Я буду вытылінгіваць на язык, а васпанна толькі прыслухоўвайся ды вырабляй нагамі так, як і я.

Паўлінка. Значыцца, будзем гуляць пад язык.

Смех. Адольф іграе на язык і без толку выкручваецца з Паўлінкай.

Адольф (паказвае). Вось так, вось так! Правую нагу сюды, а левую туды. Галава ў левы бок, а задам пад парог, ды вось так!.. Раз, два, тры, то направа, то налева…

Усе прыглядаюцца да іх і смяюцца.

З’ява IV

Тыя ж і Пранцісь, Агата, Сцяпан.

Пранцісь (п’яны). Пахвалёны Езус. Вось-цо-да, пане дабрудзею.

Колькі галасоў. Навекі! Навекі!

Пранцісь (глянуўшы на Паўлінку і Адольфа). А гэта што такія, собственно, за выкрутасы, як у цырку ці ў сумашэдшым доме?

Адзін з гасцей. Гэта пан Быкоўскі навучае панну Паўлінку навамодных танцаў.

Пранцісь і Агата распранаюцца.

Пранцісь. Можна, можна далей круціцца, як у хваробе святога Лявэнтага. Далей, далей! Раз, два, тры, вось-цо-да!

Адольф (далей паказваючы Паўлінцы). Вось як, вось так! То направа, то налева. Раз, два, тры! То туды, то сюды, ножка ў ножку, раз, два, тры!

Паўлінка (вырываючыся). Не, такі нічога не выйдзе. Не кемкая я да навукі.

Адольф (садзячы Паўлінку). Гэта толькі трудна першы раз, а пасля пойдзе ўсё гладка, як пугай высмаліць!

Ходзіць па хаце, махаючы каля твару хустачкай. Пранцісь, Агата і Сцяпан садзяцца за стол; Альжбета падае ім гарбату.

Пранцісь (закурваючы люльку са Сцяпанам). Собственно, пане дабрудзею, кабыла заблудзіла, і праз тое трохі спазніліся. Але гэта глупства, глупства! Яшчэ парой будзе, вось-цо-да.

Агата. Якое чорта заблудзіла! Пакуль аб’ехаў, тудэма-сюдэма, усю ваколіцу, як пагарэлец, дык і поўнач чуць не агарнула. Тудэма-сюдэма, усё гары тэй сабе шукаў.

Пранцісь. Ты, баба, собственно, маўчы, вось-цо-да! Ты нічога ніколі не кеміш, а я маю розум спрытны. Я, пане дабрудзею, Барнашоў, дзе пайшоў, там і прайшоў. (Да гасцей.) А вы, маладзічкі, не зважайце, вось-цо-да, ды танцуйце, пане дабрудзею, пакуль казінец не ўбіўся ў ногі.

Паўлінка. А праўду дзядзька кажа. Будзем гуляць, нашто дарма час марнаваць! (Да музыкаў.) Зайграйце, калі ласка, польку, але такую, як ведаеце… каб аж свет хадыром пайшоў!

Музыкі іграюць польку; усе, апрача старых, танцуюць: Адольф з Паўлінкай, другія госці - хто з кім. За сталом Пранцісь са Сцяпанам частуюцца гарэлкай з пляшкі, якую першы прынёс з сабою.

Адольф (танцуючы, прыпявае)

Танцовала рыба з ракем,

А пятрушка з пастарнакем,

А цыбуля дзівовала,

Цо пятрушка танцовала.

Паўлінка (адпяваючы)

А на печы, на лучыне,

Дзеўкі грошы палічылі;

Налічылі паўталера

Дый купілі кавалера.

Адольф

Дзяўчынэчка суха, бляда,

Я да цебе ў госці яда

І конікаў не жалую,

Ўшыстку ночку маршырую.

Паўлінка

У гародзе ячмень родзіць,

А да мяне Якім ходзіць.

Радзі, радзі, ячмень, гусцей, -

Хадзі, хадзі, Якім, часцей!

Адольф

Сядзіць голуб на галіне,

Салавей на ветке;

С аднэй дзевушкай гуляю,

Другая ў прыметке.

Паўлінка

Ажаніся, не ляніся, -

Будзеш панаваці:

З аднэй будзеш свінні пасвіць,

З другой - заганяці.

Адольф

Наша поле камяніста -

Ні праехаць, ні прайсці.

Нашы дзевачкі фарсісты -

Нельга к ім і падысці.

Паўлінка

Я фарсуха, ты католік;

Не руш мяне за падолік, -

Мой падолік шоўкам шыты,

Хто палезе, будзе біты!

Сцяпан (як сціхла гульня). Брава, брава, пан Адольф! Складзен да танцаў, як, не раўнуючы, закрыстыян да ружанцаў.

Пранцісь (пацягваючы з пляшкі). Глупства, глупства, вось-цо-да! Собственно, хоць у кішэні пуста, затое ногі сыплюць густа. Каб яму яшчэ ды мой розум растропны, дык зусім было б добра, пане дабрудзею.

Агата. Кінь ты ўжо, тудэма-сюдэма, плявуз-гаць, як латак у млыне! Гуляюць - няхай гуляюць; ты сваімі качэргамі так не патрапіш.

Альжбета (да Пранціся). Можа б, чаго, сватка, закусілі?

Пранцісь. Глупства, вось-цо-да. Собственно, закушу, закушу. (Да гасцей.) А вы, пане дабрудзею, забаўляйцеся, пакуль гаспадар вон з хаты не гоне, вось-цо-да.

Паўлінка (да Адольфа). Можа, пан Адольф, спяеце нам што-колечы? Я чула, што вельмі пекны голас маеце.

Адольф (астанаўліваючыся). Э-э! які там пекны! Ось так сабе! Канешне, лепшы, як у іншых.

Колькі галасоў. Дык проша спець. Мы ўсе просім.

Адольф. Калі ўжо так пекна просіце, дык можна. А якую ж бы панна Паўлінка хацела?

Паўлінка. А ўсё роўна, хоць якую! Ну, якая лепей у пана Адольфа выходзе.

Адольф (пяе няскладна, махаючы хустачкай па твары).

Плываё голэмбі,

Летаё лабэндзі;

З нашэго кахання,

Пэўна, ніц не бэндзе.

Паўлінка. А такі ж нічога не будзе.

Адзін з гасцей. Ці ж гэта «голэмбі» плываюць, а «лабэндзі» лятаюць?!

Адольф. Ну, калі перабіваеце, дык саўсім не буду пець.

Альжбета. Хай пан Быкоўскі на іх не зважае ды пяе; ведама, - блазнота, што яны знаюць!

Паўлінка (паглядзеўшы ў акно). Выбачайце, пан Адольф! У мяне няўмысле вылецела слаўцо.

Колькі галасоў. Выбачайце, выбачайце! Просім, просім. Больш не будзем!

Пранцісь. Собственно, пане дабрудзею, завядзі яшчэ сваю шарманку: яна ў цябе прост, як грамафон, вось-цо-да, трубіць.

Адольф. Ну, ужо буду! Але калі яшчэ хоць раз перапыніце, тады загневаюся і саўсім кіну пець. Пейце тады самі!

Колькі галасоў. Не, не! Не будзем!

Адольф (пяе).

Гляджу я без толку на хладную шаль,

І чорную душу церзае печаль.

Паўлінка (душачыся ад смеху). Ці ж у пана Адольфа чорная душа?

Адзін з гасцей. Нашто ж глядзіш на яе, пан, без толку?

Адольф (насупіўшыся). Болей пець вам не буду, хоць на каленях прасіце. Пейце сабе самі, калі такія разумныя! (Садзіцца.)

Паўлінка. Дык і спяём, калі пан Адольф такі някемкі, што нават жартаў не разумее. (Убок.) Эх, скарэй бы ўсё гэта скончылася!

Адзін з гасцей. А такі ж спяём, і ўсе разам.

Паўлінка (да Адольфа, хітравата). А пан Адольф нам паможа?

Адольф. Ані думаў.

Колькі галасоў. А што мы спяём?

Паўлінка. «Дый куды ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?..»

Адольф. Фі, мужыцкая!