Выбрать главу

Неяк раз страшная хвароба напала была і на Міхася Асцёрскага, і ён трое сутак хаваўся з ёю ад лагернага начальства. А перад лекпомам давялося адкупляцца: ён аддаў яму адзіную сваю куртку, якая да гэтага заўсёды выратоўвала яго ад холаду. Добра, што лекпом сам быў зэкам. Ён ставіў Міхасю фіктыўныя дыягназы, каб толькі было за што вызваляць яго, хворага, ад работы.

Ад недаядання і непасільнай працы Міхась пачаў слабець, а разам са слабасцю да яго прычапілася цынга і курыная слепата. Ён не мог выконваць нормы, а значыць, і стаў атрымліваць меншы паёк. Спачатку яму давалі па 500 грамаў хлеба, а потым і па 300. А вазе пайкі, як вядома, адпавядаў і прыварак, што яшчэ больш аслабляла чалавека. Яго твар, а таксама рукі і ногі сталі напухаць. Калі націснуць пальцам на нагу, з’яўлялася ямка. Ідучы на работу разам з сябрамі-нявольнікамі, ён ледзь перасоўваў ногі. Працаваць ён ужо не мог, цэлы дзень сядзеў пад тачкай. Лагернае начальства неаднойчы «прыкладала» да яго свае рукі, пагражала загнаць у цэнтральны ізалятар, чаго ён і сам ужо жадаў, але, відаць, перадумала. А калі ўбачыла, што з яго нічога ўжо не возьмеш, перастала чапляцца — махнула рукой. Аднойчы, вяртаючыся з трасы, ён страціў прытомнасць і ўпаў на сырую зямлю, змочаную дажджом. Канвой не звярнуў на яго ўвагі, а можа, і не прыкмеціў, не спыняючыся, пагнаў рабацяг у зону, і толькі ўжо тады, калі на вахце пачалі падлічваць вязняў і не далічыліся аднаго чалавека, успомнілі, што няма Асцёрскага. Нехта з нявольнікаў падказаў, што бачыў, як Міхась упаў. Адразу ж далі каманду запрэгчы каня і прывезці ў зону дахадзягу. Гэта справа была даручана канваіру і брыгадзіру. Праз якую гадзіну Міхась быў ужо ў бараку.

Пасля таго выпадку Міхась цэлы тыдзень праваляўся ў бараку, вызвалены ад працы. Потым яго павялі на нейкую камісію, якая дала яму трэцюю катэгорыю (групу інваліднасці) з «абавязковым выкананнем лёгкіх работ». Ён нейкі час быў апальшчыкам у толькі што пабудаванай лазні, рабочым на кухні, а пасля і днявальным у бараку. Але і гэтыя абавязкі па стане здароўя яму былі цяжкія. Ён мог працаваць толькі ўдзень, а як толькі пачынала цямнець, ён ужо нічога не бачыў: на яго напала курыная слепата, ад якой ён ледзь пазбавіўся. Лекпом пачаў паіць яго рыбіным тлушчам і хваёвым настоем. А больш за ўсё дапамог яму палявы часнок-чарамша, які прыносілі яму ў зону яго сябры ці суседзі па бараку. Часам ахова дазваляла яму пакідаць зону і збіраць па полі гэтае зелле.

У зоне гэтай калоны ведалі, у тым ліку і ахова, «сляпога Асцёрскага». А ў вячэрні і начны час яму шмат хто памагаў хадзіць па патрэбе да туалета, які знаходзіўся ля агароджы з калючым дротам. І ўсё-ткі аднойчы яго ледзь не напаткала смерць.

Яму трэба было выйсці па патрэбе якраз сярод ночы. Будзіць сваіх суседзяў ён не адважыўся, вырашыў ісці самаходам. Ішоў «па памяці», але яго павяло ў адваротны бок — на голы плот з калючым дротам. І вось толькі ён наблізіўся да плота, як пачуўся голас вартавога з вышкі:

— Хто ідзе? Стой, страляць буду!

— Я нічога не бачу, а мне ў туалет трэба,— азваўся Міхась.

— Гэта ты, Асцёрскі? — памякчэў вартаўнік.

— Я. Хачу трапіць у туалет, ды не ведаю як.

— Павярні направа, ідзі прама, потым павярні налева і зноў — прама, і ты патрапіш туды, куды трэба.

— Дзякую, грамадзянін вартавы,— і ён з цяжкасцю знайшоў тое, што шукаў.

Прайшло яшчэ колькі часу, і Міхася зноў пачалі вадзіць пад канвоем з аўчаркамі на трасу, толькі ўжо не на земляныя работы, а ў якасці цесляра па рамонту тачак, рыдлёвак (чаранкоў), трапаў на насып і на іншыя цяслярныя работы. Па-ранейшаму ён хадзіў туды з Міколам Канеўскім, які ў апошні час быў абяссілены не менш за Міхася. Як і нейкі час таму назад Міхась, ён перастаў выконваць непасільныя нормы, з-за чаго перастаў атрымліваць стопрацэнтную пайку і баланду, таксама сеў на трыста грамаў. Бясконцае недаяданне пачало адбівацца на яго псіхіцы. У бараку і па дарозе на работу ён хапаў усё, што траплялася пад рукі і соваў у рот. Неяк, ідучы з трасы ў зону, ён убачыў на зямлі рыбіну галаву, па якой поўзалі мухі, схапіў яе і хацеў ужо з’есці. Але Міхась пераняў яго руку са смярдзючай галавой рыбіны і крыкнуў:

— Коля, кінь гэту погань!

— Не кіну! Я есці хочу,— адказаў той праз слёзы.

— Коля, родненькі, кінь гэту заразу, прашу цябе,— паўтарыў Міхась.— Атруцішся і памрэш у пакутах.