— Не кіну! Адыдзі ад мяне, злыдзень!..
Бачачы, што па-добраму нічога не атрымліваецца, Міхась схапіў сябра за руку і пачаў адымаць «знаходку». Але Мікола не аддаваў. Тады Міхась пайшоў на крайнасць. Ён ударыў сябра па руцэ, і ў адзін момант рыбіна галава паляцела на зямлю. Міхась тут жа, нібы футбольны мяч, адкінуў яе нагой метраў на пяць.
— За што ты мяне? — завыў Канеўскі ад болю.
— А ты не ведаеш за што? За дурасць!
— Ты ж ведаеш, што я есці хачу, а б’еш, гадзюка!..
— А я не хачу? Мы ж ядзім з табой з аднаго кацялка.
— Ты дужы, а я не магу... Я есці хачу.
— Не табе, былому камісару, гаварыць гэта, і не мне, былому студэнту, слухаць. І не сорамна?
— Даруй мне, дружа, я слабавольны чалавек,— прасіў прабачэння Мікола ў Міхася.
Хутка пасля гэтага адбылася падзея іншага плану. Міхась рамантаваў тачку непадалёку ад трапа, які вёў на насып. І раптам бачыць, як з насыпу па трапе бяжыць з пустой тачкай Мікола і на ўсю моц крычыць:
— Міхаська, цалуй мне ў попу! Цалуй мне ў попу!
— Ты што — ашалеў? Што з табой, Мікола? Вось вазьму рыдлёўку ды так «пацалую», што пасля цэлы тыдзень не сядзеш,— адказаў Міхась.
— Кажуць, мне пасылка прыйшла! І табе таксама,— ледзь не задыхаўся той.— Цяпер мы будзем жыць, дружа!
— Ну, і добра, будзе падтрымка. Не будзем чарвівыя рыбныя галовы збіраць. А пры чым жа тут попа?
— Гэта я ад радасці, даруй мне, дружа.
Пасылкі і сапраўды падтрымалі іх. Мала таго, што ім прыслалі сухары, цукар, сала, махорку, дык яшчэ і схаваныя ў махорку і ў паясніцу штаноў грошы. Няшмат, але і яны — вялікая падтрымка.
Пасылка — рэч добрая, яна ў нейкай меры — паратунак у такіх умовах. Але ж і яна — не надоўга. Пры гэтым ні адзін з нявольнікаў адзін не спажывае падарунак сваіх родных ці блізкіх. Ён абавязкова падзеліцца са сваімі суседзямі па нарах і па працы, а таксама з непасрэдным начальствам. Добра, калі ў іх, у гэтых пасылках, знойдуцца і рублі, пра якія, акрамя адрасата, ніхто не ведае. А за грошы ў мясцовага насельніцтва можна было здабыць і хлеба.
Дарэчы, побач з лагернай зонай знаходзілася вялікая вёска Селендум, у якой жылі пераважна нашчадкі высланых яшчэ царскімі ўладамі рэвалюцыянераў. Нават яшчэ можна было напаткаць і саміх былых палітвязняў. А таму насельніцтва гэтай вёскі спачувала сённяшнім «дзекабрыстам», хоць паміж імі — учарашнімі і сённяшнімі — нічога агульнага і не было. Бо тыя добра ведалі, за што сюды трапілі, а гэтыя нічога не ведаюць і ніколі не даведаюцца, за што і навошта прыгналі іх у гэты край на вялікія і цяжкія пакуты.
Міхасю і Міколу давялося паспытаць шчасця. Да іх далучыўся яшчэ адзін чалавек, сусед па нарах Чэкан Міраслаў, былы ваенком Мурманскай акругі. Яны ўтрох далі лагернаму вадавозу грошы, і той прывёз ім тры боханы пшанічнага, простага памолу, хлеба, вагой чатыры кілаграмы кожны. Здабыўшы такую порцыю галоўнага прадукта, яны адразу ж накінуліся на яго, нібы галодныя драпежнікі на сваю ахвяру. Адзін бохан праглынулі адразу, другі — трошкі счакаўшы, а трэці падвесілі пад дах барака (яны спалі на трэцім паверсе нараў і кожны, калі хацеў, прачнуўшыся, ламаў хлеб і адпраўляў кавалак за кавалкам у рот). І вось так яны ўтрох за адны суткі ўмалолі 12 кілаграмаў хлеба! Такое можна пачуць толькі ў казцы ці ўбачыць у сне.
А тут было наяве. Добра, што хлеб быў пшанічны. А калі б жытні, мог бы быць заварот кішок. Тым больш што нявольнікі былі згаладалыя і змораныя. Праўда, жываты ў іх разбалеліся, але цярпець яшчэ можна было.
Новыя прафесіі
У лагер, як і на ўсю зямлю Бураціі, прыйшло лета. Вакол цвілі травы, спявалі птушкі і звінелі чмялі. Усё жыло і радавалася. Мінала радасць толькі лагерных нявольнікаў. Гэтыя «камсамольцы» па-ранейшаму хадзілі пад пільным вокам узброеных ахоўнікаў і сабак-аўчароў. Нейкім цудам памянялі ім брудную разлезлую бялізну — майкі і трусы, у якой нявольнікі цяпер смажыліся пад гарачым сонцам, а ў час абедзеннага перапынку спрабавалі нават боўтацца ў празрыстых хвалях Селенгі. Бялізну ім памянялі, а вось абутку не далі ніякага. Здабывай сам, дзе хочаш. Адным словам, ратуйся сам, як можаш і як ведаеш. А як будзеш ратавацца, калі ты з «наморднікам»? Той, хто не паспеў стаптаць свае боты за зіму, хадзіў абуты, а ўсе астатнія — босымі.
Чалавек, які не прывык хадзіць босы, тым больш працаваць у такіх умовах, доўга не вытрымлівае. Людзі пазбівалі да крыві ногі аб камяністую зямлю і дошкі трапаў. Яны адзін за адным пачалі выходзіць са строю. Шмат каго з іх па гэтай прычыне адвозілі ў лазарэт. Такая падзея не на жарт устрывожыла лагернае начальства, і яно пачало шукаць выйсце. Пасля доўгіх разваг было прынята рашэнне: трэба разжывацца на лапці. Але як гэта зрабіць? Лёгка прыняць рашэнне, а вось выканаць яго... Бо гатовых лапцей ніхто не дасць. Іх трэба самім вырабляць, а як, з чаго? Па-другое, патрэбны майстар гэтай справы, няхай сабе няхітрай, але і не такой ужо простай, як здаецца. Яшчэ патрэбны быў матэрыял — лыка. Спецыялістаў у лагеры можна было, пашукаўшы, знайсці, а вось з лыкам горш. На тэрыторыі Бурацкай АССР ліпа ў лясах не расце. І ўсё ж кіраўніцтва Южлага рызыкнула. Яно дало дазвол другому аддзяленню паспрабаваць асвоіць новую справу, для чаго паабяцала набыць і даставіць патрэбную колькасць лыка. У хуткім часе на базу аддзялення прывезлі ліповае лыка — недзе з еўрапейскай часткі СССР. Яго было не так ужо і многа, але ж гэта матэрыял, з якога робяць абутак. Цяпер заставалася толькі падабраць людзей, якія ўмеюць майстраваць лапці. Начальства дало заданне брыгадзірам знайсці такіх людзей, і яны пачалі шукаць.