Калі быў гатовы горан і выраблена першая партыя посуду, заставалася галоўнае — прапусціць посуд праз горан, абпаліць яго. Гэту справу ўзяў на сябе адзін з ветэранаў ганчароў — Якаў Хмель. Яму было ўжо пад пяцьдзесят год, сам ён паходзіў з беларускага Палесся. Міхась даверыў яму такую адказную справу, хоць і сам трохі разумеў у ёй.
Усю ноч і яшчэ палову дня праходзіў працэс абпальвання. Нарэшце агонь быў патушаны, і ў канцы дня, ужо адвячоркам, вырашылі адкрыць горан і правесці апошнюю працэдуру — абварэнне посуду ў падрыхтаваным карыце з летняй вадой, заваранай аржаною мукою.
Калі ж пачалі даставаць з горна посуд, то ён аказаўся амаль увесь сапсаваны — патрэскаўся. Атрымалася так, што ўся праца больш як дзесяці чалавек на працягу месяца была дарэмнай.
— Ну, як гаршкі, міскі? — спытаў, падышоўшы да горна, начальнік калоны Холад.
— Пакуль нічога не атрымалася,— адрапартаваў Міхась.
— Як не атрымалася? — абурыўся той.— Гэта ж падман, нават больш таго — авантурызм! Хто праводзіў абпалку?
— Якаў Хмель,— адказаў Міхась.— І я таксама дапамагаў яму.
— Абодвух — і Хмеля, і старшыню гэтай ліпавай арцелі Асцёрскага — у кандзей! А справу гэту даручыць больш вопытным людзям.
Як загадаў начальнік, так і зрабілі яго памагатыя: Міхася разам з Хмелем на трое сутак пасадзілі ў лагерны ізалятар («кандзей»).
Яшчэ двойчы спрабавалі зрушыць гэтую справу ўжо іншыя людзі, але нічога чамусьці не выходзіла — посуд трэскаўся. І начальства вырашыла закрыць гэтую вытворчасць. Відаць, не тая была гліна. А таму па-ранейшаму рабацягі-нявольнікі атрымлівалі цераз кухоннае акенца баланду ў іржавыя кацялкі.
Падзенне Вожыка
Пакуль Міхась пацеў над вырабам посуду і потым адбываў «зароблены» тэрмін у кандзеі, да лагера дайшла незвычайная вестка аб падзенні Яжова. Адбылося гэта падзенне ў жніўні 1938 года. Хтосьці з зэкаў увайшоў у барак і з радасцю паведаміў:
— Гэй вы, контры, радуйцеся! Наш агульны «бацька» Яжоў зляцеў з пасады, паабламаў іголкі сваіх вожыкавых рукавіц.
— Ты што, з агнём шуткуеш? — папярэдзілі яго.
— Я гавару сур’ёзна,— не здаваўся той.— Прагналі Яжова з наркомаў, як шкодніка-злачынцу, за нашы пакуты. Цяпер замест яго прызначылі сумленнага чалавека, вернага ленінца-сталінца Лаўрэнція Паўлавіча Берыю. Ён разбярэцца, што рабілася да гэтага часу. Невінаватыя паедуць дамоў.
— І ты ў гэтым упэўнены? — загадкава спытаўся ў яго зэк-грузін Махарадзе.
— Упэўнены,— адказаў той.
— Шчаслівы ты чалавек, Цюнін,— дадаў Махарадзе.— Усяму верыш, не падаеш духам.
— Не адзін Цюнін, мы ўсе цяпер шчаслівыя,— паправіў яго Канеўскі.
Людзі пачалі жыць надзеямі на лепшае будучае. Асабліва пасля таго, як прачыталі даклад Кагановіча на партканферэнцыі, у якім ён «клеймил позором» гэтага «замаскированного врага», які рознымі хітрасцямі «добрался до министерского кресла и вошел в доверие товарища Сталина». Зняволеныя думалі і паміж сабой гаварылі:
— Нарэшце дайшло да правадыра, цяпер ён разбярэцца ва ўсім, успомніць і пра нас — гаротнікаў, якія пакутуюць тут ні за нюх табакі.
— Лічы, што мы ўжо на свабодзе.
— Эх, каб твае словы ды дайшлі да ўсявышняга!
— Да ўсявышняга не абавязкова — да Сталіна і Берыі, і было б дастаткова.
— А хто ж дарогу будзе будаваць? — спакойна спытаўся зэк сталых гадоў.
— Вольнанаёмныя,— адказалі яму.
— Дык ім жа трэба плаціць, спяцоўку даваць і жыллё для іх будаваць,— не здаваўся той.
— Дзяржава наша багатая, сродкаў у яе хопіць.
— Ты так думаеш?
— Думаю, і не адзін я.
— Ну, і далей думай, суцяшай сябе ілюзіямі.
Міхась сядзеў і маўчаў. Ён не ведаў, каму з іх верыць, на чыім баку праўда. Вырашыў пачакаць, зрабіць вытрымку. Ён ужо не верыў у хуткую свабоду, як і ў тое, што таварышы Сталін і Кагановіч не ведалі раней пра яго незаслужаныя пакуты. Але і ў яго іскра надзеі была. І ён вырашыў скарыстаць момант і напісаць яшчэ адну скаргу, пятую па ліку, мудрэйшаму з мудрых усіх часоў і народаў, вялікаму правадыру народа Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну. Берыю — таксама.
Першае знаёмства з лазарэтам
Пасля выхаду з кандзея Міхася зноў пагналі на агульныя работы. Па-ранейшаму яму далі рыдлёўку і тачку, на якой ён павінен быў вазіць зямлю на трасу — на трохметровую вышыню насыпу, хоць сілы ў яго ніколькі не прыбавілася пасля таго, як далі трэцюю групу (катэгорыю) інваліднасці. Ды гэта яшчэ паўбяды. А бяда ў тым, што тыя лапці, якія ён сам сплёў і бярог, пакуль знаходзіўся ў ізалятары, нехта ўкраў з торбы, хоць яна і ляжала пад так званай падушкай (кашуляю, набітай сенам). У ізалятар жа яго загналі босым і ў адной кашулі. А быў ужо верасень. Трое сутак ён мёрз у цёмным і халодным кутку, седзячы на адным хлебе (трыста грамаў на дзень) і на вадзе. А потым голага і босага пагналі на трасу. Надвор’е ж было ветранае і дажджлівае. Пахабаціў ён там тры дні і захварэў. Спачатку ўсё яго цела і твар асыпалі скулы, а потым паднялася тэмпература. Суткі ён праваляўся ў бараку, а пасля яго ў кузаве грузавой машыны-палутаркі адвезлі ў лазарэт ужо ў непрытомным стане, таму што тэмпература даходзіла да 41 градуса. Згодна заключэння ўрачоў, гэта было запаленне лёгкіх.