— Зразумеў, Васіль Апанасавіч, і вам таксама не пазайздросціш. І ваш жыццёвы шлях не ўсыпаны ружамі.
Пасля гэтай гутаркі ўрач Шаўчэнка і хворы Асцёрскі яшчэ больш пасябравалі між сабой. Васіль Апанасавіч яшчэ часцей пачаў наведваць палату, у якой ляжаў Міхась. Ён прыносіў Міхасю «падмацаванне з тылу», а таксама новыя газеты, часопісы, кнігі. Такая дружба памагала Міхасю верыць у хуткае вызваленне з гэтага пекла.
Тут, у лазарэце, Міхася сустрэў і ўсесаюзны перапіс насельніцтва. Ён памятае, як да яго звярнуліся з такім пытаннем:
— Ваша сямейнае становішча?
— Нежанаты, вы ж бачыце,— скрывіўся Міхась.
— Не, не тут, а там...
— Там трэба было і пытацца, а не тут, у пастцы.
— Дык жанаты вы ці не?
— Быў жанаты, а цяпер не.
— І ўсё ж такі, як мне вас пісаць? — спытаў лічыльнік.
— Як хочаце, так і пішыце. Я тут ніхто — быдла. Больш я вам нічога не скажу,— адрэзаў Міхась.
Што і як запісала дзяўчына-лічыльнік, ён не ведаў, толькі больш яна не турбавала яго.
Выпрабаванне марозам
14 студзеня 1939 года Міхася зноў прывялі ў тую ж зону калоны нумар І, дзе ён год таму назад пачынаў сваё лагернае жыццё, свае пякельныя пакуты.
Трэба заўважыць, што калі зэк трапляў у лазарэт, то амаль ніколі яго не вярталі туды, адкуль бралі хворага. Заўсёды прывозілі на новае месца і жыхарства, і працы. А таму, калі зняволенаму абрыднуць умовы лагернага жыцця, ён любой цаной дабіваецца трапіць у лазарэт, адкуль яго потым накіруюць у другое месца. Вось так было гэтым разам і з Міхасём.
Не паспеў ён аглядзецца на новым месцы, як адразу ж апынуўся ля лесапільні, ля піларамы, дзе ўсе работы праходзілі на адкрытым паветры. А стаялі 50-градусныя маразы. У яго абавязак уваходзіла падкочваць і падаваць на пілараму і цыркулярку калоды з лістоўніцы. Мароз патрабаваў цёплага адзення і добрага абутку, не гаворачы ўжо пра рукавіцы. А ўсяго гэтага ў Міхася не было. І бушлат, і ватныя штаны, і боты былі, як кажуць, сто першага тэрміну. Усё на дзірках ды лапінах, рукавіцы таксама былі дзіравыя, а шапка — запэцканая, як быццам з мазуты выцягнутая. Вось і працуй у такім адзенні на адкрытым паветры.
У напарнікі Міхасю далі спрактыкаванага ў рабоце чалавека. Яму было гадоў 45. Звалі яго Міхасём, а па прозвішчы — Стралкоў. Нарадзіўся і правёў свае дзіцяча-юнацкія гады ў Астроўскім раёне Пскоўскай вобласці. Удзельнік першай сусветнай вайны, трапіў у палон, 7 гадоў адбухаў у Германіі непадалёку ад Гамбурга, адкуль уцёк аж толькі ў 1924 годзе і, нелегальна перайшоўшы савецка-эстонскую граніцу, здаўся савецкім пагранічнікам. Але, нягледзячы на гэта, яго арыштавалі і па прыгавору суда адправілі на Салаўкі тэрмінам на тры гады. Пасля адбыцця тэрміну ён 10 гадоў працаваў кухарам у розных сталовых Ленінграда. І вось у 1937 годзе пра яго зноў успомнілі: арыштавалі, як «нямецкага шпіёна», і паслалі на 10 год будаваць чыгуначныя магістралі ў паўночна-ўсходніх раёнах краіны. Так што Міхась Стралкоў не быў навічком у такіх «курортных месцах».
Невядома чаму, але Міхась Асцёрскі і Міхась Стралкоў хутка пасябравалі паміж сабой. Стралкоў замяніў Асцёрскаму добрых былых сяброў па няволі — Сяргеева, Уладзімірава, Канеўскага і іншых, і ў час нялёгкай працы, і ў бараку яны заўсёды былі дружнымі і з паўслова разумелі адзін аднаго, нягледзячы на такую розніцу ў гадах. Стралкоў вучыў Асцёрскага прыстасоўвацца да любых умоў лагернага жыцця, да своеасаблівай лагернай хітрасці, без якой, як гаварыў ён, нельга было выжыць.
— Ты, цёзка, будзь трошкі хітрэйшы,— раіў ён Міхасю.— Ад работы ніколі не адмаўляйся, але і на пуп не бяры. З начальствам не заядайся і сам у начальнікі не лезь. Таму што гэта справа часовая: сёння ты — пан, а заўтра — раб. Лепш старайся быць бліжэй да гаспадарчай часткі і да медыцыны. Толькі гэтыя службы могуць быць тваімі ратавальнікамі, а не аператыўнікі-оперсосы. Сябруй з радавымі людзьмі, нікога не крыўдзі. Бо ты і сам цяпер не ведаеш, хто з цягам часу можа цябе падтрымаць і нават ратаваць,— пераконваў свайго малодшага сябра Стралкоў.— Запамятай, што я тут працую часова, таму што я — кухар. А ты ж ведаеш, што кухары патрабуюцца ўсюды, у тым ліку і ў лагеры,— неяк з гонарам гаварыў ён Міхасю.
Міхась дзякаваў свайму старэйшаму сябру за таварыскую параду, хоць у душы ён не з усім пагаджаўся.
Стралкоў таксама трапіў сюды з лазарэта, толькі трошкі раней. Да прыходу Асцёрскага ён ужо тут, як гаворыцца, паспеў абнюхацца.
Як заклятыя, хабацілі яны на лютым марозе, ледзь вытрымлівалі. І калі Стралкоў убачыў, што яны не вытрымаюць да канца (а працавалі яны ў начную змену), ён у час «перакуру» штосьці дзесьці крутануў, і механізмы піларамы і цыркуляркі спыніліся. Да канца змены начальства прапанавала рабацягам іншыя работы. Двум Міхасям прапанавалі свідраваць шпалы. А гэта было не лягчэй, чым качаць бярвенне. Трэба было добра трымаць у руках электрасвердзел, стоячы на адным месцы на лютым марозе. І каб пазбыцца такой бяды, ён знарок зламаў свердзел. Другога ж у запасе не было, толькі ў кладоўцы, а яна была ноччу закрыта. Так яны потым і прасядзелі ў цёплым памяшканні да раніцы, а значыць, і да канца змены.