— Навошта ты зрабіў гэта? — спытаў Міхась у свайго напарніка.
— А ты не здагадваешся? Ні ты, ні я не вытрымалі б да раніцы з такой працай на лютым марозе. Цяпер ты зразумеў?
— І ўсё ж не трэба было гэтага рабіць. Гэта нядобрасумленна.
— А ты ўвесь тэрмін у лагеры хочаш пражыць сумленна?
— Хачу і буду старацца рабіць гэта.
— З такімі думкамі ты не толькі 8 гадоў, але і адной ночы не пражывеш на такім лютым марозе,— тлумачыў Стралкоў свайму маладзейшаму сябру.— А яно, начальства, сумленна робіць, калі апранае нас у такія лахманы ў лютыя маразы?
— І ўсё-такі я так не зрабіў бы,— не згаджаўся Міхась. А сам думаў: «А можа, і праўду кажа Стралкоў?»
Пасля таго як яго напарнік вывеў са строю лесапільныя агрэгаты, іх абодвух перавялі ў дзённую змену і накіравалі на пляцоўку будучай чыгуначнай станцыі, дзе знаходзіўся леса-дрывяны склад, пілаваць дровы таксама на адкрытым паветры.
— Ну, і чаго ты дабіўся? — спытаў Міхась у Стралкова.— Што мы выйгралі? Нічога. Мы з агню трапілі ў полымя. Тая ж цяжкая праца і той жа мароз.
— Тут хоць каля кастра можна пастаяць, а там дудкі,— апраўдваўся той.
Ён стараўся і пілы выводзіць са строю і тапарышчы ў калунах ламаць, але ўсё гэта хутка аднаўлялася, ды і нормы падганялі. Пераканаўшыся, што яго «дыверсійныя захады» не маюць ніякага сэнсу, ён здаўся і пачаў працаваць так, як і большасць людзей яго лёсу. Праўда, папрацаваў гэтак месяцы два-тры і потым перайшоў на іншы хлеб: яго паставілі кухарам на лагернай кухні калоны нумар 1, там, дзе яны з Міхасём жылі.
— Я гаварыў табе, што на агульных работах доўга не затрымаюся, так яно і выйшла,— хваліўся Стралкоў Міхасю.— Малі бога, што ўсё так атрымалася: і мне будзе добра, і ты будзеш сыты.
— Віншую, дарагі, з пераменай дэкарацый і дзякую за абяцанне, што ты не збіраешся мяне кінуць,— гаварыў Міхась сябру.
— Добрых сяброў не кідаюць і не забываюць,— з нейкім гонарам і годнасцю вымавіў Стралкоў.
А калі ўжо ён добра ўсталяваўся там, на кухні, паклікаў да сябе Міхася і прапанаваў:
— Прыходзь сёння да мяне так гадзін у 12 ночы проста на кухню, там я чым-небудзь пачастую цябе. Аладкі на алеі любіш?
— З вялікаю ахвотай.
Стралкоў не падмануў Міхася. Ён накарміў свайго сябра, як кормяць дарагога госця, якога даўно чакалі.
— Ну, ты, браце, і жывеш! — здзіўляўся Міхась.— Ты накарміў мяне так, як нават і жонка ніколі не карміла. Ты цяпер тут — кум каралю і брат міністру. Дзякуй табе за ўсё!
— Калі ласка. Я ж гаварыў табе — трымайся бліжэй да гаспадарчай часткі і ты ніколі не прападзеш. Кожны раз прыходзь у гэты час, мне будзе весялей, а ты палечыш свой галодны страўнік.
І Міхась, насуперак свайму сумленню, амаль кожную ноч хадзіў да Стралкова на кухню, памагаў яму ў працы і разганяў нудоту. А той, у сваю чаргу, карміў яго ўсім тым, што меў у сваім распараджэнні.
Аднойчы Стралкоў сказаў Міхасю:
— Хочаш, цёзка, я раскажу табе пра гады майго жыцця ў нямецкім палоне?
— О, гэта, пэўна, будзе цікавы расказ, калі ласка, дружа.
— Прыйдзе час, браце, калі будуць з цікавасцю слухаць расказы і пра сённяшняе наша жыццё,— сказаў Стралкоў.— А ці ж нам зараз цікава тут жыць? Мы тут не жывём, а гібеем, нават больш таго — пакутуем. Але на нейкі час забудзем пра гэта. Лепш паслухай пра маё жыццё-быццё на чужыне, далёка ад родных мясцін і ад сям’і. І ён па парадку пачаў расказваць пра свой горкі лёс ад самых юнацкіх гадоў і аж да самых чорных дзён 1937 года.
— Значыць, так,— пачаў ён,— вясной, на тройцу 1914 года я ажаніўся з дзяўчынай, якую моцна любіў. Але пражыў з ёю усяго толькі каля двух месяцаў. Пачалася сусветная вайна, і мяне ў першыя дні мабілізавалі і адправілі на фронт. Праваяваў тры гады, а ў 1917 годзе трапіў у палон. Спачатку быў накіраваны ў лагер для ваеннапалонных, а потым мяне разам з іншымі такімі, як я, павязлі на паўночны захад Германіі, дзе перадалі аднаму заможнаму баўэру ў якасці парабка ці раба. Калі ж я перастаў быць патрэбным гэтаму гаспадару, ён перадаў мяне другому, а праз пэўны час я апынуўся ў трэцяга і гэтак далей. Так я некалькі разоў пераходзіў, як рабочае цягла-быдла, якое трэба толькі карміць чым-небудзь, каб яно магло працаваць, пакуль я не спадабаўся аднаму небагатаму прусаку. Ён меў 10 гектараў зямлі (разам з лугамі і пашай), 2 кані, 3 каровы і некалькі галоў дробнай жывёлы, а таксама шмат вадаплаўнай птушкі. Сям’я складалася з трох чалавек: сам гаспадар, гаспадыня і іх дарослая дачка гадоў дваццаці пяці — Марта. Вось я і прахабаціў там цэлых тры гады. Спярша як парабак, а потым яшчэ год ужо як член сям’і. Справа ў тым, што адзіная дачка Ёгана Шульца (так звалі гаспадара) была з дэфектам — кульгала. А таму выдаць яе замуж ці ўзяць зяця не было надзей, тым больш у ваенны і пасляваенны час. І ён, параіўшыся з жонкай і самой дачкой, вырашыў прыручыць мяне да яе. Карацей кажучы, зрабіць мяне сваім нашчадкам — зяцем. Спачатку ён нічога не гаварыў мне пра гэта, а падсоўваў самую дачку. А праз нейкі час адкрыта аб’явіў мне пра свае намеры. Мне нічога не заставалася рабіць, як даць згоду. Так я нечакана для сябе стаў зяцем прускага юнкера. Пра тое, што ў мяне недзе ёсць жонка і дачка, Шульц не ведаў. Не ведала і Марта. А мяне гэта не пакідала мучыць увесь час майго палону. Хоць я цэлы год ужо быў зяцем гэтага паважанага ў сваім коле гаспадара, які ўскладваў на мяне вялікія надзеі, я ўвесь час думаў пра жонку, якую моцна любіў, і дачку, якой ніколі не бачыў, таму што яна нарадзілася пасля маёй мабілізацыі. Нягледзячы на тое, што даўно закончылася вайна, мяне з Германіі чамусьці не выпускалі — спачатку ўлады, а потым ужо і так званая жонка з цесцем. Канечне, мяне любы, хто не здольны разабрацца ў той сітуацыі, можа папракнуць у здрадзе і Радзіме, і жонцы з дачкой. А што мне было рабіць аднаму сярод гэтых «арыйцаў»? Бо, як кажуць, на чужой старонцы і жук мяса. І я, жывучы з Мартай, увесь час шукаў моманту, калі змагу вырвацца з ненавіснага мне палону, пакінуць чужую мне краіну і нялюбую сям’ю. Аб сваім намеры, канечне, я нікому не гаварыў, а рыхтавацца да ўцёку не пераставаў. Словам, шукаў выпадку. І вось, нарэшце, такі выпадак знайшоўся.