Хутка пасля гэтай гутаркі ў Міхася разбалеўся жывот, і яго зноў адправілі ў лазарэт. Міхась рад быў зноў сустрэцца з урачом Васілём Апанасавічам Шаўчэнкам. Толькі нечакана для яго самога на прыёме ён убачыў не мужчыну, а жанчыну, таксама ўрача. І пасля таго, як закончыўся прыём, ён нібыта між іншым спытаў:
— А Васіль Апанасавіч — адпачывае, што яго сёння няма?
— Васіль Апанасавіч у нас больш не працуе,— адказала ўрач-жанчына.
— А дзе ж ён зараз?
— Не ведаю,— сказала ўрач і паклікала: — Наступны!
Толькі ў палаце Міхась даведаўся аб тым, што напярэдадні Міжнароднага жаночага дня 8 Сакавіка Васіля Шаўчэнку зноў арыштавалі і павезлі ў Улан-Удэ.
«Вось і навёў парадак Лаўрэнцій Паўлавіч Берыя,— думаў Міхась.— Мала было ахвяр Яжова, дык на табе — Берыя яшчэ падкінуў. Не, не можа быць, каб пра гэта не ведаў сам Сталін. Пэўна, усё гэта робіцца з яго згоды»,— першы раз так падумаў Міхась, ад чаго стала непрыемна і нават страшна.
Неяк пуста зрабілася на душы ў Міхася. Без Шаўчэнкі лазарэт здаваўся яму таксама пустым. У ім не хапала той цеплыні і гасціннасці, што прыносіў сюды Васіль Апанасавіч, і так думаў не толькі адзін Асцёрскі, а літаральна ўсе яго насельнікі — хворыя. Нядрэнным урачом была і Раіса Паўлаўна Коршак, але яна не магла замяніць свайго папярэдніка. Добра хоць тое, што па-ранейшаму застаўся працаваць медработнік, па адукацыі фельчар, Уладзімір Раманюк. Ён таксама быў родам з Украіны, і Шаўчэнка ўзяў яго да сябе ў памочнікі нягледзячы на тое, што ён быў зэк. Цераз Васіля Апанасавіча Міхась добра пазнаёміўся і нават зблізіўся з Валодзем, як яго звалі ўсе хворыя. Валодзя Раманюк быў заўсёды на баку Асцёрскага. Нават тэмпературу заўжды завышаў. Адным словам, ён не хацеў, каб Міхася хутчэй выпісвалі і зноў паслалі на трасу капаць зямлю і адсыпаць насып.
На гэты раз Міхась пракантаваўся ў лазарэце да цёплых дзён. Ён бы і яшчэ ляжаў там, ды стала няёмка перад самім сабой. Ён папрасіўся на выпіску. Але Раіса Паўлаўна не дазволіла.
— Не, дзянькі тры яшчэ паляжыце, набярыцеся сілы пасля такой цяжкай хваробы. Лепш я дазволю вам выходзіць на двор і гуляць на свежым паветры.
Раіса Паўлаўна Коршак прыехала ў лазарэт з Новасібірска, дзе толькі што скончыла медыцынскі інстытут. Дагэтуль яна працавала фельчарам пасля заканчэння медвучылішча ў Барнауле. Яна была добрая, памяркоўная, заўсёды спачувала людзям. Хворыя гаварылі паміж сабой, што ў яе самой нехта з родзічаў таксама насіў кляймо «ворага народа».
— Схадзіце, Асцёрскі, пагуляйце на свежым паветры,— прапанавала Раіса Паўлаўна Міхасю.
— Дзякую за ласку,— сказаў Міхась, і разам з двума хлопцамі яны пайшлі на прагулку.
Непадалёку ад лазарэта знаходзіліся і могілкі, на якіх даўно хацеў пабыць Міхась. Магіл было шмат, і свежых таксама.
— А што, калі падлічыць? — прапанаваў Міхась.
— Можна і падлічыць,— згадзіліся яго кампаньёны.
Рэдка трапляліся такія магілы, у якіх ляжала па адным нябожчыку, большасць з іх былі калектыўнымі — па 2, 3, 4, 5 і больш чалавек. У асноўным гэтыя магілы ўзнікалі ў час разгулу эпідэміі дызентэрыі — улетку 1938 года. Ля кожнай магілы былі замацаваны закадзіраваныя біркі, на якіх значыліся прозвішчы пахаваных. Хлопцы раздзялілі магілы на ўчасткі, і кожны з іх стаў лічыць. А пасля, калі быў зроблены падлік, звялі ўсё ў адну суму. І атрымалася больш за 5000. І гэта толькі на адных могілках! А на ўсёй жа трасе іх было чатыры. Значыць, агульная колькасць — 20 000 ахвяр! Калі ўлічыць, што на ўсёй трасе працавала спачатку заснавання лагера 97 000, то атрымліваецца 20 працэнтаў ад гэтай колькасці. «І гэта толькі за адзін год! — жахнуўся Міхась.— А што ж будзе далей?»
А далей было амаль тое ж самае. Хоць і не ў такой масавасці, але людзі паміралі ад голаду і ад холаду, пакуль не закончылася будаўніцтва гэтай чыгункі. І ніхто з родных нічога не ведаў аб трагічным лёсе гэтых, ні ў чым не вінаватых ахвяр. Усё трымалася ў строгай тайне ад жывых людзей. Напішуць на асабістай справе нябожчыка — «чорны», і на гэтым канец усёй пісаніны.
Вярнуўшыся ў палату, Міхась доўга думаў і разважаў сам-насам: «За што? За што яны загінулі пасля такіх цяжкіх пакут? І чаму не паведамляюць пра іх гібель родным і блізкім? Гэта ж зверства! Навошта так робіцца? Каму гэта патрэбна?» З такімі думкамі ён лёг у «ложак» і ад усяго, што перажыў за гэтыя гадзіны, няскора заснуў.
Дахадзягі
Пры выпісцы з лазарэта Міхась праз урача Раісу Паўлаўну Коршак і яе лекпома Уладзіміра Раманюка папрасіў, каб яго накіравалі ў тую ж самую калону, адкуль яго прывялі сюды. Для гэтага ён знайшоў і прычыну: там была брыгада слабасілкаў, ці, як яе па-лагернаму называлі, «дахадзяг». Гэта брыгада складалася з зэкаў, якім медыцынскай камісіяй была ўстаноўлена па іх стане здароўя трэцяя катэгорыя (група інваліднасці) ці часовая непрацаздольнасць. А Міхасю і на гэты раз такую групу далі перад выпіскай.