— Будзь мужчынам, трымайся за ручкі плуга моцна і ўпэўнена. Калі трэба браць глыбей, падымай ручкі ўгару, а меней — налягай на іх. Калі трэба гнаць шырэйшую баразну, паварочвай ручкі направа, каб лямеш плуга ішоў налева і браў больш зямлі, а менш — вярні ручкі налева. Толькі глядзі, каб плуг не выскачыў з баразны. А для гэтага ў дышлі плуга ёсць рэгулятар, з дапамогай якога ты можаш араць і глыбей, і мялей, а таксама можаш браць і шырэйшую, і вузейшую баразну. Глядзі вось,— і ён паказваў Міхасю ўсю няхітрую «тэхніку», якую Міхась ужо збольшага ведаў.
А было гэта яшчэ да калектывізацыі. Сям’я ў Міхасёвых бацькоў была немалая — дзесяць душ. Яе трэба было накарміць, апрануць і абуць. Свайго хлеба не хапала. Не хапала сродкаў на вопратку і абутак. Значыць, бацькам трэба было падрабляць, і яны падраблялі, як маглі: бацька рабіў гаршкі, да чаго хацеў прывучаць і Міхася, а маці са старэйшымі дочкамі вырабляла крэйду. Гэта і былі пабочныя заробкі. А таму Міхасёў бацька быў вельмі рады, калі дачакаўся памочніка. Паступова амаль усе гаспадарчыя работы, звязаныя з полем, лажыліся на Міхасёвы плечы, а бацька ганчарнічаў. Пасвіць коней, вадзіць іх на начлег таксама ляжала на Міхасю. Праца была нялёгкай, але яна і загартоўвала Міхася, што пасля яму вельмі прыдалося.
Прыгадаўся Міхасю і дзень, калі ён напісаў першыя вершаваныя радкі. Яму было тады гадоў 12—13. І напісаліся яны неяк самі, хоць ён ніколі пра такую рэч і не думаў. Пра свае поспехі ён нікому не сказаў, акрамя свайго добрага і вернага сябра Алеся, які па-добраму яму пазайздросціў, а пасля і сам стаў нешта крэмзаць. А гады праз два пасля таго яны разам з Алесем хадзілі ўжо ў «школьных паэтах». Сельскую школу Міхась канчаў у роднай вёсцы, а вось сямігодку — за 20 кіламетраў ад бацькоўскага дому, дзе жылося не лепш, чым дома: увесь час хацелася есці. Дадуць бацькі на тыдзень бохан хлеба, кавалак сала і кошык бульбы — і гэтым жыві. Зрэдку бацька мог дазволіць сабе і такую раскошу: даваў сыну пяцьдзесят капеек «на кішэнныя расходы» і пісьмовыя прылады. І вось за гэтыя грошы Міхась набываў сабе кніжкі, асабліва зборнікі паэзіі.
Пасля заканчэння школы Міхась адразу «пайшоў у людзі» — купіў білет на цягнік і паехаў на заробкі ў Данбас. На сілу не скардзіўся — працаваў у шахце, на заводзе, ля доменнай печы, потым будаваў чыгунку ў Беларусі, працаваў на будаўніцтве прамысловых і жыллёвых аб’ектаў, грузчыкам на чыгунцы, на кніжнай базе ў Мінску. Адначасова друкаваў заметкі і зрэдку вершы ў газетах, пасля чаго ў хуткім часе стаў няштатным супрацоўнікам газет і радыё.
Працаваў і вучыўся на курсах па падрыхтоўцы ў ВНУ. Жылося Міхасю нялёгка, асабліва даймала беднасць. Бо гэта былі цяжкія гады — пачатак трыццатых, калі і заробленыя грошы часам доўга не аддавалі: затрымлівалася выплата «за адсутнасцю ў банку грашовых знакаў». Але Міхась не вешаў галавы. Ён шмат працаваў, упарта папаўняў свае веды і пісаў вершы пра людзей працы. У хуткім часе сабраўся цэлы зборнік, які выйшаў асобнай кніжкай пад назвай «Мазалёвыя рукі».
Усё жыццё Міхася прыцягваў да сябе горад на Няве. Гэта была яго мара. І калі ён адчуў, што мае такую магчымасць, сабраў патрэбныя дакументы і паслаў іх у педінстытут імя Бубнава. Атрымаўшы выклік, паехаў туды, вытрымаў экзамен і стаў студэнтам. Жыў, як кажуць, на падножным корме, пераважна на мізэрную стыпендыю, без якой-небудзь дапамогі збоку, бо бацькі і самі галадалі ў цяжкія трыццатыя гады.
Толькі Міхась і тут не падаў духам. Ён, як галодны звер на ежу, накінуўся на веды. А ў Ленінградзе ж было ў каго і чаму вучыцца. І ён дзень і ноч вучыўся і падрабляў на пражыццё на розных выпадковых работах — у порце, на базах, на новабудоўлях, у лікбезах, вячэрніх школах і на розных курсах. Паспяваў займацца і вершамі, а таксама знаёміцца і сябраваць з дзяўчатамі. Неяк ён пазнаёміўся са студэнткай таго ж інстытута і факультэта, толькі ніжэй на два курсы, Таісай, з якой праз год і ажаніўся. Жылі бедна, па-студэнцку. Спадзяваліся на лепшае будучае. Толькі не ўсё ў жыцці атрымліваецца так, як хочаш, як жадаеш.