Выбрать главу

Праз пэўны час да кампаніі Асцёрскага і Чумакова далучыўся яшчэ адзін зэк, былы чыгуначнік (вагонны слесар) са станцыі Глыбокае, таксама Растоўскай вобласці — Чуркін Іван Хведаравіч, яшчэ зусім малады чалавек, якому не было і 25, ён толькі што пачынаў сваё сямейнае жыццё: не прайшло і года, як ажаніўся. Яго абвінавачвалі ў падрыхтоўцы дыверсіі — аварыі на Паўднёва-Данецкай чыгунцы ў час прыбыцця туды Кагановіча і Варашылава.

— Як я ні ўпіраўся, а вымушаны быў падпісаць «прызнанне» ў сваёй «дыверсійнай дзейнасці» і падрыхтоўцы замаху на жыццё «верных ленінцаў» — Лазара Майсеевіча і Клімента Яфрэмавіча.

На працягу трох месяцаў — з мая па ліпень 1939 года — тройца сяброў дзяліла паміж сабой і пайку хлеба, і баланду, і радасць, і гора. Аднойчы да іх хацеў далучыцца адзін тыпус, ды яны яго адшылі. Гэта быў былы старшыня сельсавета з Краснадарскага краю. Ён падышоў да іх у час перакуру і прапанаваў:

— Сябры, мы ўсе ўчатырох тут — інтэлігенты, дык давайце будзем трымацца адзін аднаго. Карацей кажучы, давайце сябраваць.

— Які ж ты інтэлігент з трохкласнай адукацыяй? Гэта, па-першае. Па-другое, ты чалавек няшчыры. І трэцяе, ты стараваты для нашай кампаніі,— выклаў яму Чумакоў.

— Ну што ж, бог з вамі, буду шукаць іншых партнёраў,— пакрыўдзіўся Васіль Селязнёў.

— Пашукай, гэта табе карысна,— абразліва адказаў яму Чуркін.

Пра Селязнёва хадзілі розныя чуткі. Яго характарызавалі як правакатара і на волі, да лагера, і ўжо ў зняволенні — у турме і лагеры. Вось чаму ніхто і не хацеў мець з ім ніякіх адносін.

Чуркін быў малапісьменны, але вельмі кемлівы і разумны чалавек. Ні кніжак, ні газет ён ніколі не чытаў, а вось рукамі ўсё мог, асабліва што датычылася слясарна-такарных і цяслярна-сталярных работ. Ён з простай жалезкі мог зрабіць не толькі ключ, але і сам замок. Тое ж самае ён мог вырабляць і з дрэва.

Калі двух першых хоць трошачкі штосьці духоўна аб’ядноўвала, то ў адносінах да Чуркіна здавалася, што ён стаяў далёка ад іх. Але ж, нягледзячы на ўсё гэта, і ў яго знайшлося нешта агульнае з двума першымі. Мо таму, што ён быў шчыры і самаадданы, як і яго сябры — Асцёрскі і Чумакоў.

Катэгорыя зняволеных, да якой адносіліся Міхась Асцёрскі, Міхаіл Чумакоў і Іван Чуркін, згодна лагерных законаў павінна была працаваць на лёгкіх работах і без устаноўленай нормы выпрацоўкі атрымліваць на дзень па 900 грамаў хлеба, а таксама адпаведны гэтай пайцы прыварак. Але мясцовае начальства наплявала на гэтыя законы. Яно прытрымлівалася сваіх, няпісаных «законаў». Брыгадзе слабасілкаў, ці дахадзяг пачалі даваць такія ж самыя нормы выпрацоўкі, што і ўсім іншым. Акрамя таго, членаў гэтай брыгады пачалі выкарыстоўваць на непасільных для іх работах: выгружаць і загружаць вагоны лесаматэрыялам, пілаваць і калоць дровы, разгружаць вагоны з друзам і гравіем, цягаць на сабе рэйкі і шпалы. Вядома, што хворыя і аслабелыя людзі-нявольнікі не маглі асіліць такую работу. Яны не маглі выканаць устаноўленыя нормы, а значыць, і атрымаць патрэбны паёк. Замест 900 грамаў хлеба яны пачалі атрымліваць толькі па 500 і нават па 300, а адпаведна гэтым грамам і прыварак — два разы ў дзень па паўлітра пустой баланды без ніякай кашы.

Чалавек, які ніколі не жыў на такіх харчах, можа запярэчыць і сказаць: «Падумаеш, 300—500 грамаў хлеба мала для яго! Я і столькі за дзень не з’ядаю». Можна згадзіцца з такім меркаваннем, што, знаходзячыся на волі, ён больш гэтай нормы хлеба і не спажывае. Але ж не трэба забываць усіх іншых прадуктаў, якія вольныя людзі спажываюць акрамя хлеба — тлушчу, мяса, масла, яек, розных крупаў, макаронных вырабаў, бульбы і інш.

І вось гэтыя людзі з брыгады слабасілкаў з кожным днём пачыналі яшчэ больш слабець і рабіцца сапраўднымі дахадзягамі. На іх зноў садзілася вярхом цынга, а за ёю — і курыная слепата. Адзіным паратункам ад гэтага былі хвоя (хвойны настой) і палявы часнок. Хвоі згодна з назначэннем лекпома яшчэ можна было здабыць, а вось што датычыць палявога часнаку... Нягледзячы на тое, што яго на палях і лугах Бураціі хоць касой касі, здабыць было немагчыма. Ён даступны быў толькі для расканваіраваных. А такімі маглі быць толькі так званыя «бытавікі», ці крымінальнікі — жулікі-блатныя. А яны да такога становішча не даходзілі. Вось і гэта брыгада дахадзяг складалася выключна з «палітычных», якія тады аб расканваіраванні і марыць не маглі. Здабываць такое зелле яны маглі толькі на месцы працы. А гэта — кропля ў моры. Часам даводзілася ім рызыкаваць сваім жыццём, каб пазбавіцца ад непрыемных хвароб. Толькі такія рызыкі часта канчаліся трагедыямі, бо ахоўнікі былі няўмольнымі, больш таго — бесчалавечнымі.