— Што? — перапытаў Міхаіл Чумакоў.— А вось што: трэба даваць цягу, пакуль яшчэ ходзяць ногі.
— Куды даваць цягу? — не разумеючы гэтых слоў, спытаў Міхась Асцёрскі.
— Хоць куды, а адгэтуль трэба даваць драла,— гаварыў Чумакоў.— Я пра гэта даўно ўжо думаў, толькі ўсё неяк не адважваўся гаварыць вам.
— Калі ўжо гаварыць шчыра, дык і я ўжо не раз пра гэта думаў,— прызнаўся Чуркін.
— Што праўда, то праўда, цяжка нам тут,— як быццам згадзіўся з сябрамі Асцёрскі,— толькі вось уцякаць няма куды. У нас і пад зямлёй знойдуць. Гэта вам не Афрыка, не Паўднёвая Амерыка і нават не Азія. У нас цяпер — шпік на шпіку і шпікам паганяе. Улічылі вы гэта, казакі, ці не?
— У вас на Беларусі ці ў Ленінградзе, дзе ты ў апошнія гады жыў, можа, і так, а ў нас, на Доне, схавацца і часова замаскіравацца можна,— пераконваў яго Чумакоў.— Нам бы толькі дабрацца туды, а там дапамогуць.
— Я такой жа думкі,— пагадзіўся Чуркін.
— Ведаеце што, хлопцы? — зноў загаварыў Міхась.— Каб рызыкнуць на такую справу, трэба мець сродкі і яшчэ нешта. Ну, хоць на 2—3 дні харчавання якога. А шлях жа доўгі і цяжкі. Нам прыйдзецца пераходзіць праз адгор’е Саянаў, а можа, і цераз іх вяршыні. Акрамя гэтага, тайга, рэкі і іншыя перашкоды.
— Дык што ты прапануеш? — спытаў Чумакоў.
— А вось што. Мне хутка павінна прыйсці пасылка і грошы ў яе таемніках. Пра гэта мне паведамілі ў пісьме. Як толькі атрымаю, так адразу ж і пойдзем. Згодны?
— Няхай будзе па-твойму,— у адзін голас заявілі «казакі».— Трошкі пачакаем. А можа, хто-небудзь і нам што падкіне.
На гэтым і пагадзіліся.
Прыблізна праз тыдзень пасылку сваю Міхась атрымаў. У пасылцы, як ён і гаварыў сваім сябрам, былі і грошы.
Ад вялікай радасці ён паклікаў да сябе сяброў, і яны ўтрох пачалі ўмінаць сала з сухарамі, якія размочвалі ў сырой вадзе. Гэтай жа вадой яны і запівалі смачную ежу. Прайшло некалькі гадзін, і ў Міхася спачатку забалеў жывот, а потым адкрыўся страшэнны панос. І яго зноў адправілі ў лазарэт, хоць ён і супраціўляўся.
Міхась так раззлаваўся на прысланае сала, што ўсё раздаў сябрам і суседзям па нарах. А як пасля высветлілася, сала не было вінаватым. Міхасёва памылка была ў тым, што ён запіваў ежу сырою і не зусім чыстай вадою. Доказам таму з’явіўся кавалачак сала, які ён пакінуў на ўсякі выпадак і які потым дапамог яму вылечыцца ад гэтай праклятай хваробы.
З лазарэта Міхась ужо не трапіў на ранейшую калону, а значыць, і да сваіх сяброў, з якімі збіраўся ў далёкую дарогу. Ён прасіў дактароў пайсці яму насустрач, але дарэмна. Яны былі незнаёмыя. А раз так, то ідзі туды, куды скажуць. Там ты — рабочае быдла, якому не дазволена ні думаць, ні распараджацца сабой. Дзе больш патрабуецца рабочага цягла, туды цябе і піхнуць. Не здольны працаваць-хабаціць, як гэта хочацца гаспадару — на звалку. Дарэмна карміць ніхто цябе не будзе. Адным словам, там ты — не чалавек, а рабочая жывёліна.
«Было б за што,— думаў Міхась,— а то ні за нюх табакі. Вунь яны, крымінальнікі — зладзеі, забойцы, рабаўнікі, бандзюгі,— яны ведаюць, за што іх сюды прывезлі. Яны і тут ходзяць па галовах, гэтыя «бытавічкі», а ты вось і канцы аддасі ў невядомасці».
Ішоў жнівень 1939 года. Мінула роўна два гады, як Міхась пазбавіўся волі, перастаў быць чалавекам. Ён яшчэ ў лазарэце пачуў, што Яжова не толькі знялі з пасады, але аб’явілі «ворагам народа».
— Вось гэты тыпус сапраўды заслужыў такога звання,— удумліва сказаў адзін сусед Міхася па бальнічным ложку.— Гэту гадзіну мала расстраляць — чацвертаваць трэба!
— Не хвалюйся, гэта і без нас з табой зробяць,— умяшаўся другі.— Цяпер Лаўрэнцій Паўлавіч Берыя навядзе парадак. Нас, невінаватых, павыпускае, а на наша месца пасадзіць тых, хто нас саджаў.
— А па-мойму,— не стрымаўся Міхась,— і мы будзем тут і яшчэ прыгоняць тых, хто нас саджаў.
— Такога не можа быць,— не згадзіўся сусед.
— Што ж, пажывём — пабачым.
І на самой справе, пайшлі чуткі, што сяго-таго пачалі выклікаць для адпраўкі дамоў. Каго па скарзе, а каго і проста так. Міхась падумаў: «А што, калі і мне напісаць новую скаргу, толькі ўжо на імя Берыі? Можа, і разбяруцца». Ён тут жа набыў два лісты паперы і адразу ж напісаў на імя новага наркома новую скаргу. Ён паверыў у яго справядлівасць і сумленнасць. Бо яшчэ ў інстытуце, на палітзанятках, вывучаў яго працу па гісторыі ВКП (б) —«Некоторые вопросы истории большевизма в Закавказье».
Жорсткасць
Праз нейкі час, не дачакаўшыся адказу, ён пасылае яшчэ адну, ужо дзесятую па ліку скаргу, толькі ўжо на імя Сталіна. Адначасова ён піша і жонцы Таісе. Дарэчы, ён пісаў ёй кожны месяц, але ад яе — ні слова. Думаў, можа, цяпер, калі памяняліся наркомы і адкрыта на партканферэнцыі былі асуджаны дзеянні Яжова і яго хеўры, перастане маўчаць і Таіса. Але дарэмна — і на гэтыя пісьмы адказу не было. Міхась думаў: «У чым прычына?»