А з Таісай адбывалася вось што.
Не прайшло і года пасля арышту Міхася, як у доме, дзе жылі Асцёрскія, памяняўся домакіраўнік. Новым кіраўніком стаў былы работнік органаў унутраных спраў, маёр у адстаўцы Рэдзькін Андрэй Мітрафанавіч. Яго звольнілі з органаў тады, калі быў зняты з паста наркома сам Яжоў і пакончыў жыццё самагубствам начальнік Ленінградскага аддзялення НКВД Закоўскі. Новы нарком ачышчаў сваё ведамства ад яжоўцаў і на месца іх уладкоўваў сваіх людзей. Рэдзькін адрабіўся лёгкім спалохам: яго выпіхнулі з органаў і выключылі з радоў ВКП(б). Калі пра ўсё гэта даведалася жонка, то адразу ж пакінула яго. Навошта ён такі цяпер? Яна знайшла сабе другога са званнем і пасадай, а яго папрасіла вызваліць кватэру. Пасля некалькіх месяцаў жыцця без кватэры і без працы ён уладкаваўся домакіраўніком, дзе меў маленькі службовы пакойчык, у якім і жыў.
І вось, калі гэты Рэдзькін даведаўся, што ў адным з падпарадкаваных яму дамоў жыве жонка палітзняволенага, ён адразу ж наматаў сабе на вус. Спачатку ён завітаў да яе «па службовых справах», а потым пачаў заходзіць і так сабе — «на агеньчык». Ён хадзіў да таго часу, пакуль не застаўся начаваць.
— Мы з табой абое пакрыўджаны лёсам. Нешта ёсць у нас агульнае,— гаварыў Таісе Рэдзькін.— Дык давай жа мы з табой, Таіса Максімаўна, аб’яднаемся. Усё роўна Асцёрскага ты не дачакаешся. А калі і дачакаешся, то ён табе твайго адрачэння і разводу не даруе.
— А што, калі Міхась хутка прыйдзе, што тады?
— Ты падумай толькі — восем гадоў? Ці ж ён вытрымае там столькі? — пераконваў домакіраўнік Таісу.— Ды і хто ён цяпер табе? Ніхто. Ты свабодная жанчына.
— А дзіця ж у мяне ад яго.
— Дзіця мы перапішам на мяне, бо сваіх у мяне пакуль што няма.
— Не ведаю, што і рабіць...— паступова здавалася Таіса «кавалеру».
— Ну, чаго табе яшчэ думаць, мы ж усё роўна ўжо жывём з табой як муж з жонкаю.
— Так можна, а вось замуж... Страшна,— гаварыла, а сама даўно ўжо вырашыла і баялася, як бы толькі ён не перадумаў.— Ну, што ж, няхай будзе па-твойму. Толькі адна ўмова: мой сын няхай будзе і тваім. Згодзен?
— Дык я ж ужо і сказаў табе, што сына мы перапішам на маё прозвішча.
Так Таіса стала жонкай Рэдзькіна.
А назаўтра новы муж Таісы паставіў перад ёю ўмову: каб яна не адказвала на пісьмы былога мужа — Міхася Асцёрскага. Яна дала яму слова згоды і стрымала яго.
Праз колькі дзён яны пайшлі ў загс, каб пераўсынавіць сына Міхася Асцёрскага, Алега, на Андрэя Рэдзькіна. Але, на шчасце, у загсе сядзелі, відаць, недурныя людзі. Там у іх спыталі:
— Бацька жывы?
— Жывы, але ён адбывае тэрмін пакарання па палітычных матывах.
— Тады напішыце яму, каб ён даў згоду.
— Гэтага я рабіць не буду,— сказала Таіса,— бо ён усё роўна не дасць такой згоды.
— А без гэтага мы нічога рабіць не будзем. Вось так, грамадзяначка Рэдзькіна.
— А я яшчэ і не Рэдзькіна,— не стрымалася Таіса.— Я цяпер зноў Мартынава.
— Тым лепш для вас,— загадкава заўважыў работнік загса.
Так і вярнуліся ні з чым да свайго дому «маладажоны». Больш па гэтым пытанні яны ўжо ні да каго не звярталіся.
— Я ўсё роўна і так буду лічыць Алега за свайго сына,— супакойваў Рэдзькін сваю маладуху.
Як гэта часта здараецца з жанчынамі, Таіса перастала думаць пра Міхася. Тыя пісьмы, якія прыходзілі ад яго, яна, не чытаючы, рвала і кідала ў грубку, што вельмі падабалася яе новаму мужу. Можа, яна і наогул не ўспомніла б пра яго, каб ён сам час ад часу не турбаваў яе. Яна проста захаплялася сваім новым «шчасцем».
І вось аднойчы, недзе ў канцы 1939 года, яе спакой парушыла нечаканая позва за подпісам пракурора горада, у якой прапаноўвалася прыбыць ёй туды 25 лістапада, у 10 гадзін раніцы «на собеседование», як гэта значылася ў паперцы. Позва гэтая перапалохала Таісу. Яна хацела была не прызнавацца мужу, але не ўтрымалася.
— Як ты думаеш, Андруша, навошта я спатрэбілася гэтым пракурорам?
— Пэўна, усё яшчэ па справе твайго былога благавернага,— адказаў той.— Калі што якое, старайся адмахвацца ад яго. Хто ты цяпер яму? Былая знаёмая, і ўсё. Цяпер ты мая. Зразумела?
— Зразумела. І ўсё ж я буду старацца паводзіць сябе так, як ты раіш,— запэўніла яна новага мужа.
У пракуратуры Таісу сустрэлі ветліва, з далёкім прыцэлам:
— Ну, як жыццё-быццё, грамадзяначка Асцёрская?
— А я ўжо не Асцёрская, Мартынава я,— сур’ёзна заявіла Таіса.