— Ах, так, так, Мартынава. А я ўжо і забыўся, што вы вярнулі сабе дзявочае прозвішча. Прашу прабачэння.
— Я хачу ведаць, чаго мяне выклікалі,— сказала Таіса.
— Не спяшайцеся, скажу, толькі не адразу,— цягнуў пракурор.
— Мне трэба спяшацца, у мяне малое дзіця.
— Калі так, то слухайце ўважліва. Ваш былы муж, Асцёрскі Міхаіл Раманавіч, просіць, каб мы дапамаглі яму вызваліцца і вярнуцца ў сям’ю. Як вы на гэта глядзіце?
Пракурор думаў, што яна ўзрадуецца і пачне прасіць яго зрабіць гэта як можна хутчэй. Як-ніяк, а Міхась — бацька яе сына. Але ён памыліўся. Таіса перапалохалася. Яна спачатку пачырванела, а потым збялела... «А вось,— думала яна,— ён возьме і прыйдзе? Што я тады рабіць буду?»
— Грамадзянка Асцёрская, я ў вас пытаюся, жадаеце вы, каб мы вызвалілі бацьку вашага сына ці не?
— Не,— рэзка адказала Таіса.
— Чаму?
— Я баюся, бо ён не даруе мне за мае ўчынкі. Лепш няхай застаецца там да канца свайго жыцця.
— І вам не шкода яго?
— У мяне ўжо ёсць другі муж. Двух мужоў мне не трэба.
— Зразумела. Але я ўпершыню чую, каб жанчына не захацела выратаваць бацьку свайго дзіцяці,— ужо сур’ёзна сказаў пракурор.
— У майго дзіцяці ёсць другі бацька, і не горшы за першага.
— Што ж, я ўлічу вашу просьбу, пастараюся зрабіць так, як вы жадаеце. Можаце быць спакойнымі.
І пракурор слова сваё стрымаў: Міхась атрымаў яшчэ адзін адмоўны адказ на сваю дзесятую скаргу на імя Сталіна.
А тым часам, хоць і вельмі рэдка, а таго-сяго пачалі былі выпускаць з блаславення самога Берыі. Праўда, ён аднаго выпускаў, а на яго месца браў 2—3 новых. А ўсё ж лічылася, што ён пераглядае справы і невінаватых адпускае дамоў. Гэта быў пыл у вочы.
Неяк дайшла чарга да вызвалення аднаго з сяброў па няшчасці Міхася, жыхара Ленінграда — Горына Івана Паўлавіча, выхадца з Беларусі. Міхась напісаў пісьмо, якое папрасіў даставіць і асабіста ўручыць Таісе. На канверце разборліва напісаў адрас. Горын па-сяброўску і па-грамадзянску выканаў просьбу Міхася — пісьмо адвёз на кватэру і асабіста ўручыў яго адрасату — Таісе. Пра гэта ён паведаміў потым у пісьме, у якім загадкава пісаў: «Быў у тваёй Таісы, жывуць добра, хлопчыкаў гадуюць...» Каментарыяў тут, як кажуць, не патрэбна: адразу можна было здагадацца, што яна жыве не адна і што на Міхася даўно махнула рукою. Але той не хацеў пра гэта прама пісаць. Думаў так: навошта вярэдзіць балючыя раны сябра па няшчасці? Маўляў, калі ён не дурны, дык і сам здагадаецца. Адраклася, здрадзіла — вось і ўсё.
Сустрэча з цікавымі людзьмі
З лазарэта Міхася накіравалі ў калону нумар 4, у якой ён яшчэ ніколі не быў і дзе ніхто яго не ведаў. Значыць, трэба было зноў пачынаць з нуля. Ён вельмі прасіў, каб яго паслалі ў калону нумар 2, дзе засталіся Чумакоў і Чуркін. Яму здавалася, што там яшчэ існавала «брыгада дахадзяг». Але пакуль ён лячыў свой жывот у лазарэце, брыгада слабасілкаў была ліквідавана, а самога брыгадзіра — Міхаіла Чумакова — як спецыяліста па бухгалтарскім уліку ў сельскай гаспадарцы, адправілі ў сельгаскалону, якая размяшчалася паблізу будучай чыгуначнай станцыі Джыда. Чуркіна таксама кудысьці сплавілі. Так што, можа, гэта і добра, што яго зноў не прывялі туды.
Калона нумар 4 больш займалася нарыхтоўкай камення і друзу. Там жа недалёка ад зоны складваліся ў штабелі і шпалы, якія пасля развозіліся па ўчастках на цялежках. Былі і цеплякі на месцы будучых чыгуначных мастоў. Адзін з такіх цеплякоў і стаў першым месцам працы Асцёрскага на гэтай калоне. Але доўга ён там не працаваў, дакладней, не дзяжурыў. У яго абавязак уваходзіла паспяваць у час адкрываць вароты цепляка перад прыходам матавозаў і дрызін. Бо калі прамарудзіш, любая з гэтых машын выб’е вароты цепляка і сама сапсуецца. Міхась пра гэта добра ведаў. Але адна справа ведаць, а другая — у час папярэдзіць небяспеку.
Міхасёва дзяжурства прыпадала на начныя змены. Тры ночы ён вытрымаў, а на чацвёртую спасаваў — заснуў, і яго прагналі з гэтай цёплай работы. Разам з іншымі яго пачалі ганяць у каменны кар’ер, дзе ён з дапамогай лома і кіркі павінен быў «скараць» гранітныя скалы. А было гэта якраз зімою. Холад высмоктваў усе сілы. Маразы пяклі так, што граніт трэскаўся і страляў, як з трохдзюймоўкі. Выручалі толькі кастры ды няспынная праца. Але Міхась паабмарожваў вушы, нос і шчокі, якія пачалі гнаіцца. І ён пацягнуўся ў медпункт да невядомага яму лекпома.
Лекпом, ці фельчар, быў ужо немалады, у валасах і ў барадзе ўжо віднелася сівізна. Сам ён быў вышэй сярэдняга росту, стройны, з разумнымі і выразнымі вачамі. Амаль з кожным пацыентам быў карэктны, ні з кім не лаяўся і не спрачаўся. Так што ворагаў у яго не было. Ён быў вельмі цікаўны і ў той жа час спагадлівы да сваіх пацыентаў. Не скупіўся на вызваленні іх ад працы, калі бачыў, што гэта трэба для чалавека. Лекпом адразу ж вызваліў Міхася ад працы на цэлых пяць дзён, потым даў сваё заключэнне, каб яго не пасылалі на цяжкія работы, як слабасілка (Міхась расказаў яму пра былую брыгаду дахадзяг). А калі Міхась расказаў, хто ён і адкуль, той яшчэ болей перамяніўся. У час адной з перавязак сказаў Міхасю: