Выбрать главу

— Таварыш Асцёрскі, бачу, што вы дастойны чалавек, з якім заўсёды можна быць шчырым і адкрытым. Дык будзем жа ўзаемна шчырымі. Згодны?

— Я наогул не ўмею хітрыць, а з вамі тым больш,— адказаў яму Міхась.— Вы медык незвычайны. Такіх добрых, чалавечных лекпомаў у лагерных медпунктах я яшчэ не сустракаў.

— І наўрад ці сустрэнеце,— не стрымаўся ён.— Даруйце мне за маю нясціпласць. Бо пра гэта я толькі з вамі гавару. Вось давайце заўтра сходзім да ўрача ў аддзяленскую паліклініку, я хачу аднавіць вам трэцюю катэгорыю, якая дапаможа вам пазбыцца ад цяжкіх работ.

Калі прыйшлі назаўтра, лекпом прапанаваў Міхасю пачакаць у калідоры, а сам пайшоў да ўрача-хірурга, дзе надоўга затрымаўся, потым паклікаў Міхася. Яго сустрэў урач, даволі салідны мужчына, гадоў за пяцьдзесят, у акулярах, з невялікай бародкай і кароткімі вусамі, якія хавалі яго дабрадушную ўсмешку. Ён павітаўся і спытаў:

— Што, «вораг народа»?

— Так, вы не памыляецеся, таварыш доктар, я — «вораг народа».

— Не доктар, а прафесар,— паправіў Міхася лекпом.

— Гэта не так ужо і важна,— сказаў доктар.— Можа, дзе-небудзь і прафесар, а тут толькі ўрач, ці, як вы называеце, доктар.

— Калі не сакрэт,— набраўся смеласці Міхась,— дзе вы да гэтага працавалі прафесарам?

— Дзе, пытаецеся? У Свярдлоўскім медінстытуце, пакуль не зрабілі мяне, як і вас, «ворагам народа». Больш за чвэрць века вучыў будучых урачоў, а цяпер вось мяне самога вучаць вуму-розуму. А вы, кажуць, педінстытут канчалі? Рыхтаваліся вучыць маладое пакаленне і нам таксама рыхтаваць кадры — студэнтаў? Так, браце, у настаўнікаў і ўрачоў ёсць нешта агульнае, гуманнае. Як кажуць, медыкі і педыкі — браты,— працягваў ён.— Трымайцеся і беражыце сябе, бо вас чакае ніва народнай асветы, дзе вы будзеце сеяць разумнае, добрае, вечнае.

На развітанне ён даў сваё заключэнне, што па стане здароўя Міхась можа выконваць толькі лёгкія, падсобныя работы.

— Ну, як вам прафесар спадабаўся? — спытаў у Міхася ўжо па дарозе ў зону лекпом.

— Прафесар гэты — Чалавек з вялікай літары.

— Я такой жа думкі,— згадзіўся лекпом.

  Падвёў Маякоўскі

Згодна з заключэннем прафесара Сярова Міхася пачалі выкарыстоўваць толькі на так званых «лёгкіх работах». То пасылалі яго дняваліць у баракі, то апальшчыкам у лазню, то прыбіраць пакоі розных канцылярый. Адным словам, зрабілі яго тыповым «прыдуркам». Апраналі ў самыя страшныя лахманы. І бушлат, і штаны-ватнікі паходзілі на вопратку і клоунаў, і юродзівых. Яны былі залаплены сотнямі лапікаў розных колераў. Такога і на сцэне не ўбачыш. Затое ён не галадаў і заўсёды быў у цёплым памяшканні.

Неяк аднойчы ён прыбіраў пакой, у якім сядзела начальства ахоўнікаў. І вось яны на патэфоне пачалі круціць пласцінкі з вершамі Маякоўскага. Міхась паклаў венік і таксама пачаў прыслухоўвацца.

— Глядзіце, і ён, гэты дэбіл, слухае, як быццам нешта разумее,— сказаў адзін з гэтых пустаплясаў.

І тады Міхась выразна прачытаў апошнюю страфу з верша «Стихи о советском паспорте» Маякоўскага.

— Ого, бачыце, на што гэты дэбіл яшчэ здатны,— сказаў адзін з гэтых «разумнікаў».— І ўжо да Міхася: — Ану прачытай яшчэ што-небудзь з вершаў Маякоўскага. Паглядзім, што ты за гусь.

І Міхась прачытаў ім верш «О дряни». Чытаў з усёй выразнасцю і жэстамі. Дзе трэба, паказваў пальцам на хеўру дармаедаў, «публіку».

— Значыць, недарэмна прывязлі цябе сюды. Маскіруешся, гадзюка, контра няшчасная! — накінуўся на Міхася начальнік аховы.

— Лепш быць няшчасным контрам, чымся шчаслівым калуном,— адказаў Міхась.

— У кандзей яго, гада паўзучага! — закрычаў разгневаны начальнік аховы.

Так ні за што ні пра што Міхась трое сутак адпакутаваў у лагерным ізалятары, дзе ад холаду і голаду ледзь застаўся жывы. І калі пасля гэтага зайшоў да лекпома, той параіў яму ўцякаць з гэтай калоны.

— Яны вас замучаць,— пераконваў лекпом Міхася.— Пакуль вы там, у ізалятары, пакутавалі, яны злавілі мяне і чыталі натацыі за вас. Я вырашыў зноў звесці вас у лазарэт, адкуль сюды ўжо вы больш не патрапіце. Інакш яны даканаюць вас,— тлумачыў лекпом Міхасю.— Толькі мы зноў зойдзем да прафесара і возьмем у яго накіраванне.