Рабацягі-дахадзягі, якіх афіцыйна ў газетах і па радыё называлі «камсамольцамі-энтузіястамі», неслі на сабе двайныя пакуты: і на непасільнай працы, і ў быту. З іх цяпер здзекаваліся ўжо берыеўскія памагатыя. Даводзілі бедалагаў да нематы, безнадзейнасці і адчаю.
У гэтых дацанах былі паспешліва збіты і нары, але яны маглі прыняць толькі частку незлічонай сям’і зняволеных. Нары, як правіла, займалі крымінальнікі. А да гэтай катэгорыі лагернікаў, як вядома, адносіліся зладзеі, рабаўнікі, рэцыдывісты і іншая брыдота. Яны верхаводзілі і там. Астатнія ж, а іх тысячы, валяліся на падлогах гэтых былых «свяшчэнных месц». Так што усе паразіты і з падлогі, і з нараў паўзлі на тых, хто быў унізе.
«Вось дык выйграў,— думаў сам сабе Міхась.— Больш як за два гады лагернага жыцця бачыў рознае, але такога яшчэ не сустракаў. Пэўна, тут і канцы аддам... Доўга ў такіх умовах не вытрымаеш. Лепш самому налажыць на сябе рукі, чым чакаць, пакуль прыйдзе яна з касою...»
А ўжо па той чыгунцы, якую пачынаў будаваць Міхась з нуля, пачалі хадзіць рабочыя цягнікі. Але гэта, як гаворыцца па-руску, «времянка». Кожны дзень замяняліся і шпалы, і рэйкі. Вось Міхася і накіравалі ў брыгаду, якая займалася гэтымі справамі. Як правіла, шпалы любой вагі насілі на сабе два чалавекі. А шпалы былі з лістоўніцы, цяжэйшай за дуб. Калі гэта шпала 2-й катэгорыі, яна важыла прыкладна 150 кілаграмаў, а 1-й — усіх 200. Што датычыць рэек, то іх цягалі па 5 чалавек, а то і па 10. Для Міхася ўсё гэта было не пад сілу, і яго брыгадзір-блатняк забракаваў. Пасля некалькіх «прыгожых слоў і пацалункаў» з боку брыгадзіра і майстра яго адправілі пуцявым абходчыкам. Але і ў гэтай ролі Міхась прабыў нядоўга.
Неяк здарылася так, што ён згубіў гаечны ключ, а гэта лічылася вялікім злачынствам. Наркамат шляхоў зносін узначальваў «верны ленінец», паплечнік «вялікага Сталіна» Лазар Майсеевіч Кагановіч. Вось ён, гэты «жалезны нарком», і выдаў пастанову, у якой гаварылася, што работнік чыгункі, які згубіць гаечны ключ альбо «лапу», будзе пакараны па ўсёй строгасці савецкіх законаў — аж да кары смерцю. І Міхась, улічваючы ўсё гэта, не пажадаў чакаць гэтых крайніх захадаў і вырашыў сам разлічыцца са сваім недарэчным жыццём. Тым больш што і «жыллёвыя ўмовы» вымушалі і піхалі на гэты крайні крок. Ён вырашыў дачакацца рабочага цягніка і кінуцца пад колы.
Ужо чуўся свісток паравоза, на сустрэчу з якім рыхтаваўся Міхась. Ён ужо сабраў апошнія свае сілы, стараўся суняць хваляванне, як раптам ззаду яго пачуўся голас майстра:
— Асцёрскі, скачы!
Ад нечаканасці Міхась здрыгануўся. А калі павярнуў галаву, то ўбачыў у руках майстра свой гаечны ключ, які цудам знайшоўся.
— Бяры, ды глядзі — больш не будзь варонай. Такая няўвага да дабра не даводзіць.
— А мне цяпер усё роўна,— замест «дзякуй» сказаў Міхась.
— Я цябе не разумею, Асцёрскі.
— Тым лепш для нас абодвух.
— Ты што, не збіраешся больш працаваць тут?
— Не жадаю больш ні працаваць, ні жыць...
— Ты, Асцёрскі, гэтую дурноту выкінь з галавы! Працаваць у мяне ты хочаш ці не?
— Не,— сказаў наадрэз Міхась.— Вазьміце ў мяне ўсе прылады. Больш сюды я не прыйду! — І ён тут жа аддаў яму і гаечны ключ, і лапу і малаток.
— Ну што ж, даражэнькі, пашкадуеш, але будзе позна,— сказаў майстар.— На мяне не крыўдуй, сам вінаваты.
— Крыўдаваць мне на вас няма за што. Я сам пажадаў гэтага. А таму і крыўдаваць буду толькі на сябе.
Аб такім «свавольстве» Міхася ў той жа дзень паведамілі лагернаму начальству, і яго на другі ж дзень накіравалі ў брыгаду землякопаў.
Быў канец лютага. Маразы пяклі страшныя, а снегу амаль не было. Так што зямля прамерзла на два-тры метры, і яе голымі рукамі не возьмеш. Без кастра да яе не прыступіцца. Што адмарозіш, адтаеш, то і тваё. Інакш, хоць зубамі грызі.
Міхась павінен быў капаць траншэю пад цеплатрасу, якая ішла пад будынак будучага паравознага дэпо. Як і іншыя рабацягі, ён раскладваў вогнішча на сваім участку і потым патрошкі дзёўбаў ломам і кіркай. Пускаў у ход і рыдлёўку, але поспех быў слабы. Штосьці ў яго не выходзіла так, як у іншых. Так ён адпакутаваў дні тры. Бачачы, што нічога не атрымліваецца і што за сваю працу ён больш, як 300—500 грамаў зарабіць не зможа, і зусім перастаў старацца. «Усё роўна 300 грамаў і так дадуць, затое косці і шлункі будуць цалейшыя»,— думаў ён. А таму патрошкі капаўся, каб не замерзнуць. Выкапаў столькі, каб можна было сесці на край траншэі і звесіць туды ногі, адкуль нясло цеплынёй ад раскладзенага вогнішча. Суседзі ж яго старанна капалі, кідаючы часам з’едлівае слова.