Выбрать главу

— Ведаеш што, Міша, я хачу прапанаваць табе адну заманлівую пасаду — рахункаводам у нашу кантору. Як ты на гэта глядзіш? Можа, гэта будзе лепш, чым штодзень дзёўбаць у сценах дзіркі?

— Мне і самому надакучыла гэтае дзёўбанне,— разважліва гаварыў Міхась,— але і рахункаводства не выхад з майго становішча. Шчыра кажучы, я хачу авалодаць прафесіяй кваліфікаванага рабочага. Калі ты хочаш мне памагчы, то ўладкуй на пасаду слесара механічных майстэрняў тут, у цэху. Можа, у далейшым яна, гэтая прафесія, і будзе маёй карміцелькай. Бо наперадзе яшчэ больш як пяць гадоў.

— Калі ласка, гэта я зраблю без ніякіх эксцэсаў.

— Дзякую, дарагі дружа!

І Міхась пачаў асвойваць слясарную справу. Яго прымацавалі да лепшага, спрактыкаванага майстра, які адразу ж пачаў па-сапраўднаму вучыць свайго падапечнага, пачынаючы з азоў. Спачатку навучыў яго разбірацца ў інструментах, потым паказаў, як наразаць балты і гайкі, пасля падвёў да свідравальнага станка і наглядна паказаў, як ён працуе. Праз нейкі час яго навучылі, як трэба працаваць з пілой, рашпілем, нажоўкай і гэтак далей. Навучылі нават кацельнай справе. За ўсе віды работы Міхась браўся з вялікай ахвотай, бо ведаў, што ўсё гэта яму вельмі і вельмі спатрэбіцца. Лагеру не патрэбны пісьменнікі, кампазітары, мастакі, настаўнікі. Яму патрэбны былі цесляры, слесары, токары, муляры, сталяры, землякопы, тынкоўшчыкі, лесарубы, чыгуначнікі і гэтак далей. А таму ён свядома імкнуўся авалодаць такімі прафесіямі, якія ў далейшым гарантавалі б яму пайку хлеба, а значыць, і жыццё.

  Падманлівая свабода

Зноў, як і год назад, пачалася гульня ў свабоду. Гэтай заманлівай гульнёй дражнілі зняволеных. Зрэдку пачалі выклікаць па адным гэтых, што страцілі чалавечае аблічча, няшчасных і гаварыць, каб усе чулі, што іх вызваляюць, як няправільна асуджаных. Маўляў, Лаўрэнцій Паўлавіч разабраўся, гэта не Яжоў. З надзеяй, што нарэшце разбяруцца, пачалі пісаць скаргі амаль пагалоўна ўсе зняволеныя. Хто сам не мог, а такіх было многа — прасілі іншых. Пісьменным людзям не было спакою: іх прасілі і ўдзень і ўночы займацца гэтай пісанінай. Не заставаўся ўбаку ад падзей і Міхась. Яго літаральна атакавалі. Прапаноўвалі апошнія свае пайкі, каб толькі ён напісаў Лаўрэнцію Паўлавічу. Трэба прызнацца, што былі такія «грамацеі», якія карысталіся выпадкам — і абіралі «прасіцеляў». Міхась жа ні з каго не браў і ломанага граша, а адмовіць нікому не мог. Толькі адзін раз ён прыняў нешта накшталт платы за сваю працу — маленькі бляшаны самаробны чамаданчык, і то ў якасці сувеніра на памяць, пасля таго, як «прасіцеля» выклікалі па такой паперцы «на свабоду». А куды яго адправілі, ніхто не ведаў. Бо часта рабілася так, што пад выглядам вызвалення зняволеных адпраўлялі на Калыму, на Таймыр і нават на востраў Вайгач.

Але як бы там ні было, а людзі спадзяваліся на нейкую справядлівасць і пісалі. Напісаў ад сябе і Міхась, і не адну, а адразу тры скаргі ў розныя месцы: на імя Сталіна, Калініна і Берыі. Хоць сам сябе і падманваеш такой надзеяй, і то ўжо неяк лягчэй. Напісаў, значыць, ёсць чаго чакаць. А таго не ведалі няшчасныя зэкі, што «дабрэйшы з дабрэйшых нарком» са згоды «мудрэйшага з мудрэйшых правадыра» штодзённа папаўняў іх праклятую богам і людзьмі сям’ю зэкаў. Бо яму трэба было пакрыць тыя страты, якія панеслі лагеры за два гады — сотні тысяч загінулі ад холаду, голаду і здзекаў. А тым часам на Поўначы і на Паўночным Усходзе адкрываліся будаўнічыя аб’екты. Трэба было заграбаць жар чужымі рукамі, бо сваіх шкода. Мільёны ні ў чым не вінаватых паднявольных у іх паняцці былі накшталт рабоў, а сябе яны ўяўлялі рабаўласнікамі.

І вось недзе ў канцы мая 1940 года, раніцай, перад разводам на аб’екты, у барак, у якім жыў Міхась, увайшоў з паперкай у руцэ памочнік начальніка калоны-майстэрні па працы і гучна спытаўся:

— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч ёсць?

— Я Асцёрскі,— саскочыў са сваіх нараў Міхась.

— Збірайцеся з рэчамі.

— Куды мяне пасылаеце? — неяк механічна спытаўся Міхась.

— На свабоду,— адказаў той.— Снедалі ці не?

— Паснедаў.

— Як збярэцеся, прыходзьце на вахту, толькі хутчэй.

— Я зараз, толькі развітаюся з сябрамі.

— Добра, толькі не затрымлівайцеся.

Міхась хуценька сабраў свае манаткі і накіраваўся да Уладзімірава, каб падзяліцца з ім сваёй радасцю і ўзяць у сябра яго дамашні адрас.

— Ну, Уладзімір Рыгоравіч, прыйшла і да мяне чарга. Можаш павіншаваць: мяне вызваляюць, зараз будуць адпраўляць. Давай адрас жонкі. Пісьма пісаць ужо няма часу — мяне чакаюць на вахце,— Міхась выпаліў усё гэта яшчэ з парога.