Выбрать главу

— Якая радасць! Радасць не толькі твая, але і мая,— узбуджана гаварыў Уладзіміраў.— Ад усяго сэрца віншую цябе, дружа! А наконт пісьма, дык я хоць некалькі слоў напішу. Ты скажы там, на вахце, што я затрымліваю, і яны з адпраўкай пачакаюць. Я зараз.

Так Міхась і зрабіў. Калі сказаў, што яго затрымлівае Уладзіміраў, начальства пайшло насустрач — пачакала. Акрамя Міхася на вахце стаялі з такой жа радасцю яшчэ два чалавекі.

Мінут праз трыццаць іх вывелі за зону і скіравалі на новую чыгуначную станцыю, пабудаваную рукамі паднявольных зэкаў. А яшчэ праз колькі хвілін падышоў таварна-пасажырскі цягнік, ці, як яго называлі, «рабочы поезд», і Міхась апынуўся ў вагоне-цяплушцы з кратамі на вокнах.

Адвячоркам таго ж самага дня яны прыбылі на месца прызначэння — станцыю Заудзінск. Іх, як і раней, пад канвоем адвялі ў барак перасыльнай калоны і загадалі чакаць далейшых указанняў і распараджэнняў. Такіх, як Міхась, там назбіраўся вялізны барак.

«Нешта не падобна на свабоду,— думаў Міхась.— Вызваленнем тут і не пахне». І так падумаў, пэўна, не адзін толькі ён.

Прайшоў дзень, другі, трэці... Усіх «вызваленых» кормяць, пояць, а далей ніякіх захадаў не прымаюць. На работу таксама не шлюць. Так яны пражылі не дні, а тыдні — ужо пераваліла на другі месяц. «Вызваленыя» спачатку пачалі хвалявацца, а потым і абурацца. Іх непакоіла невядомасць. Яны ўжо пачалі прасіцца на работу, ці каб адпраўлялі куды-небудзь у іншае месца, дзе патрабуюцца рабочыя рукі.

— Не маем права, вы на ўліку вышэйшага начальства, а ў нас знаходзіцеся часова, да асобага распараджэння,— гаварылі ім у адказ.— Вас, можа, хутка выпусцяць.

І каб людзі не хваляваліся і паверылі ў хуткае сваё вызваленне, іх сфатаграфавалі, нібыта для пашпартоў.

Гэта была сярэдзіна лета 1940 года, калі да СССР далучаліся Прыбалтыйскія рэспублікі і Бесарабія, а менш як год назад былі ўз’яднаны Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна са сваімі ўсходнімі братамі, адгрымелі баі на Халхін-Голе і на Карэльскім перашыйку.

Адным словам, час для лепшага будучага не спрыяў. Пры такой сітуацыі трэба было быць дурнем, каб паверыць у нейкае вызваленне. А такіх, на жаль, было шмат. Яны верылі і спадзяваліся.

— Таварышы, ніхто не збіраецца выпускаць нас адгэтуль,— сказаў Міхась.— Нам проста пускаюць пыл у вочы. Пэўна, кудысьці ў другое месца збіраліся накіраваць, ды, відаць, з-за міжнародных абставін «замарозілі» будоўлю. І цяпер будуць трымаць нас да таго часу, пакуль не знойдуць дзюрку, якую пасля заткнуць намі.

— Правільна сказаў таварышок — мы кролікі.

— Марскія свінкі,— паправіў яго нехта.

— Пойдзем заўтра ўсім кагалам і запатрабуем у начальства яснасці: ці дамоў, ці яшчэ куды.

Калі яны зрабілі такія захады, ім зноў паўтарылі тое ж самае:

— Мы не маем права кранаць вас з месца, таму што знаходзіцеся да асобага распараджэння.

— Тады знайдзіце нам тут які-небудзь занятак, а інакш мы можам звар’яцець.

І толькі ўжо аж праз тры месяцы, у жніўні, іх пачалі выводзіць на сякую-такую працу. Спачатку прымусілі чысціць чыгуначныя пуці на станцыі Заудзінск, а пасля пачалі прывучаць да малярных работ (фарбавалі франтоны, дзверы і вокны чыгуначных памяшканняў).

Новую прафесію Міхась асвоіў хутка: праз які тыдзень ён лічыўся ўжо адным з лепшых маляроў брыгады «вызваленых». Як і ўсе іншыя зэкі, яны хадзілі пад канвоем.

Праз месяц іх пачалі ганяць у Улан-Удэ на аддзелачныя работы службовых памяшканняў. Галоўнымі з такіх аб’ектаў было памяшканне абкома партыі Бурацкай АССР, а таксама памяшканне энкавэдэ з унутранай круглай турмой.

Калі Міхасю прапанавалі выконваць малярныя работы ў турэмным памяшканні, ён катэгарычна адмовіўся.

— У турму працаваць не пайду. Хопіць з мяне ленінградскіх «Крыжоў». Самі рукі мае не падымуцца на такую работу,— заявіў ён адкрыта.

— А ў абком? — спытаў прараб.

— У абком пайду.

Сёй-той з гэтай брыгады па прыкладу Асцёрскага таксама адмовіўся дабудоўваць турэмнае памяшканне, за што ўсе яны атрымалі па трое сутак кандзею.

  «Брыгада ух»

Хутка лагернае начальства зусім «забылася» на тых, каго не так даўно лічыла «вызваленымі». Калі малярныя работы былі закончаны, была ўтворана брыгада паўштрафнікоў, у якую ў асноўным увайшлі «непакорлівыя асобы» накшталт Міхася Асцёрскага. І ўзначаліць яе завочна выбралі менавіта Міхася. Калі праходзіла камедыя выбараў, ён знаходзіўся ў медпункце з выпадку апёку ў лазні. Яму сказалі, што так захацелі члены брыгады. Спачатку Міхась быў запратэставаў, а потым згадзіўся — яго ўгаварылі самі рабацягі.