— Не бойся, Асцёрскі, мы табе будзем памагаць,— угаворвалі яго сябры па няшчасці.— Мы ведаем, што толькі ты можаш адстаяць нашы правы, абараніць нас ад лагерных прыдуркаў.
— Якія ж гэта такія правы вашы я буду абараняць? — пытаўся ён у «выбаршчыкаў».
— Можа, мы не так сказалі, прабач, калі ласка. Будзеш нас абараняць ад наскокаў несумленных начальнікаў.
— Адзін я нічога не змагу зрабіць. Будзем працаваць і абараняцца разам.
— Ну, разам, дык разам,— пагаджаліся людзі.
Вось так і пачалася брыгадзірская дзейнасць Міхася. Хоць і без асаблівага жадання і энтузіязму, але брыгадай ён кіраваў, і кіраваў нядрэнна. Сам ён мог і не працаваць, але гэта было не ў характары Міхася. Ён рабіў усё тое, што і члены яго брыгады, як кажуць, ішоў з імі плячо ў плячо, за што яго і паважалі рабацягі. Ды і клапаціўся ён аб сваіх падапечных не так, як іншыя брыгадзіры. Стаяў гарою за кожнага свайго рабацягу. А таму людзей, якія не выконвалі б нормы, у брыгадзе не было. А значыць, менш як кілаграм хлеба ніхто не атрымліваў. Ён стараўся забяспечыць рабацяг і адзеннем, а таксама абуткам. Гэта падабалася не толькі ім самім, але таксама і начальству. А таму яно падкідвала яму ўсіх адпетых жулікаў і слабасілкаў, мяркуючы, што, маўляў, Асцёрскі прымусіць працаваць любога. І, трэба сказаць, працавалі. Працавалі нават тыя, якія ніколі нідзе нічога не хацелі рабіць. Былі выпадкі, калі ён выводзіў нормы тым асобам, якія за тры дні палец аб палец не ўдарылі. І вось адзін з такіх «рабацяг» неяк сказаў:
— Слухай, брыгадзір, за што ты мне пайку выпісваеш, я ж які дзень ужо нічога не раблю?
— А я гэта раблю авансам, ведаю, што ты адпрацуеш за атрыманае.
— Гром мяне забі, першага чалавека сустракаю ў такім месцы, што паверыў мне. Дзякую табе, дарагі! — і ён сам пачаў зарабляць пайку.
А гэта ж быў адпеты жулік-прафесіянал. І гэта не адзіны такі выпадак. Такіх выпадкаў было дзесяткі.
Пра брыгаду Асцёрскага хадзілі розныя чуткі-легенды: адны яе хвалілі, другія лаялі, трэція ёю палохалі тых, хто дзе-небудзь правініўся.
— А то заганю ў брыгаду Асцёрскага, там ты запяеш рэпку! — гаварылі брыгадзіры ці нарадчыкі сяму-таму з рабацяг.
Спачатку брыгада Асцёрскага выконвала самыя цяжкія работы: штабялёўка рэйкаў і шпал, пагрузка і выгрузка вагонаў з піламатэрыяламі і друзам. А таму яе ўсе баяліся і празвалі «Брыгадай ух».
Калі ж усе гэтыя цяжкія работы былі закончаны, «Брыгаду ух» паслалі на бульбяна-гародніны склад: перабіраць бульбу, буракі, маркоўку, цыбулю, часнок і інш. Вялікі склад быў запоўнены да адказу. Так што работы хапала да самай вясны.
Трэба сказаць, што за ўвесь тэрмін свайго лагернага жыцця, калі яго можна так назваць, Міхась ніколі яшчэ не адчуваў сябе такім незалежным, сытым і адносна свабодным. Па-першае, брыгада была расканваіраванай, а па-другое, ён меў адносны давер з боку начальства. Тут ужо ён сам не працаваў, а толькі назіраў за працай іншых. Затое еў бульбу, моркву і цыбулю (усё гэта ў прыгатаваным выглядзе), колькі хацеў. Ніхто за ім ні з вінтоўкай, ні з пісталетам не хадзіў. Брыгаду ён сам і на работу вадзіў, і з работы прыводзіў. Праўда, ахоўнікі правяралі, але над душой не стаялі. Яны прыходзілі туды толькі тады, калі ім трэба было пажывіцца на гэтым складзе — набраць бульбы ці гародніны. А за гэта Міхась не адказваў, таму што акрамя яго там былі яшчэ два чалавекі, якія адказвалі за гэтыя прадукты: загадчык склада і кантралёр, з якімі Міхась быў у поўным кантакце. Яны разам і бульбу, і гародніну выменьвалі на прадукты харчавання з іншых складоў.
З нарадчыкам мінчанінам Марозам і з прарабам Горлавым Міхась таксама быў у кантакце. Іх таксама даводзілася падкормліваць. Адным словам, і ваўкі былі сытымі, і авечкі цэлымі. Інакш у лагеры не пражывеш — сатруць, затопчуць.
Неяк аднойчы ў час справаздачы за дзень прараб Горлаў і кажа Міхасю:
— Слухай, Асцёрскі, з сённяшняга дня ты будзеш адчытвацца не за трыццаць чалавек, а за трыццаць аднаго. У брыгадзе яго не будзе, і ты ніколі яго не ўбачыш, але пайку яму ты павінен будзеш выпісваць. Ніхто пра гэта не павінен ведаць, акрамя нас двух. Зразумеў ты ці не?
— Не, не зразумеў,— адказаў яму Міхась.— Як жа гэта так, не ведаючы чалавека, я павінен адрываць ад іншых і карміць нейкага невідзімку. Так я не згодзен,— запярэчыў Міхась.
— Ад іншых ты адрываць не будзеш,— пераконваў яго прараб,— гэта я бяру на сябе. Мне трэба толькі адно, каб ты трымаў яго ў спіску сваёй брыгады. Гэты чалавек калісьці мяне ад смерці выратаваў і потым на ногі паставіў, а цяпер сам трапіў у бяду — у апалу. Я яму абавязаны ўсім сваім жыццём. Можа, калі-небудзь ён і табе прыдасца. У жыцці ўсякае бывае. Падумай добра і пагаджайся.