Выбрать главу

— Не ведаю, як мне тут зрабіць,— разважаў Міхась.— Ну, добра, я згодзен, але каб гэта было толькі паміж намі. Бо я не хачу, каб мяне яшчэ раз судзілі.

— Не хвалюйся, я не падвяду.

Такім чынам, брыгада Асцёрскага «вырасла» яшчэ на аднаго чалавека, які лічыўся ў ёй да апошняга дня існавання самой брыгады — да сакавіка 1941 года. А такім чалавекам-невідзімкам быў Міхаіл Іосіфавіч Шпілер. Пабачыць яго нават самому брыгадзіру давялося пазней.

Неяк раз ля вогнішча, якое палала ў сярэдзіне самога склада, сядзелі ўпяцёх — загадчык склада Наздроў, кантралёр Худэнка, брыгадзір Асцёрскі, дзяжурны-ахоўнік Груздоў і сучка Мушка. Каб не было маркотна, як кажуць, часалі языкі — расказвалі анекдоты і розныя гісторыі са свайго і чужога жыцця. Па чарзе малолі языкамі. Праўда, Міхась гаварыў мала, больш слухаў. Маўчала і Мушка. Асабліва любіў малоць языком кантралёр Худэнка — украінец з Палтаўшчыны, былы старшыня райспажыўсаюза. І вось ён расказаў сваёй кампаніі пра тое, як да рэвалюцыі на Манетным двары ў Петраградзе правяралі рабочых, якія пасля працоўнага дня вярталіся дамоў. Ён расказваў пра гэта так цікава, што нават Мушка слухала ўважліва, не варушыла хвастом. А што датычыць ахоўніка, дык ён толькі гаварыў словы захаплення:

— Як здорава! Як хітра! Во д’яблы! І трэба ж дадумацца!

Апавядальнік нетаропка, з усмешкай на твары расказваў:

— Дык вось значыць, як толькі гэты рабочы ці служачы падыходзіць да прахадной, яго адразу ж — на вагу. Калі яго вага перавышае тую, з якой ён прыходзіў на работу, яго за каўнер і адразу ж — у паліцэйскі ўчастак.

— Адкуль жа ім вядома яго папярэдняя вага?

— Дык яго ж узважваюць і тады, калі ён ідзе на работу. Розніца ў вазе і ёсць тое золата, якое ён праглынуў.

— Так, мудрона прыдумана,— сказаў Асцёрскі і спытаў у апавядальніка: — І цяпер так жа правяраюць?

— Не, цяпер рэнтгенам,— з тонам знаўцы адказаў той.

А ахоўнік усё паўтараў:

— Як здорава! Як хітра! Во д’яблы! І трэба ж дадумацца!

Праз нейкую паўзу апавядальнік падняўся і сказаў, гледзячы на Асцёрскага:

— Зробім маленькі перапынак, хачу паглядзець, што і як робяць твае хлопцы,— і хуценька пакрочыў у процілеглы канец доўгага склада-сховішча.

Не прайшло і пяці мінут, як ён прыбег адтуль узбуджаны, усхваляваны і, задыхаючыся, закрычаў:

— Брыгадзір, твае жулікі-бандыты кавуны мае паелі. Што ж я цяпер рабіць буду, га? Я ж бярог іх да кастрычніцкіх свят для начальства. Сам начальнік лагера Баруздзін пра гэта ведаў.

— Адкуль жа ты ведаеш, што гэта мае хлопцы зрабілі такое злачынства? А можа, яшчэ хто?

— Не абараняй іх, яны! — крычаў Худэнка.

— Тады вось што. Давай мы іх узважым. Інакш нам не даведацца, яны ці не яны. А што датычыцца рэнтгена, дык яго ж у нас няма.

— А калі сюды вялі, вы ж іх не ўзважвалі,— сказаў ахоўнік і зарагатаў.

— Яшчэ і здзекуецца з мяне, гадзюка! — гледзячы ў твар Асцёрскаму, закрычаў Худэнка.— Што ж я цяпер рабіць буду? Капут мне.

— Ой, здорава! Во д’яблы! І трэба ж было здагадацца!

— Вам смешна, а мне...— не гаварыў, а плакаў кантралёр.

Худэнка не памыліўся: дні праз тры яго не стала на складзе. Пасаду гэтую прапаноўвалі Міхасю, але ён адмовіўся.

  Уцёкі

Хутка пасля таго ў «Брыгаду ух» прывялі яшчэ двух дахадзяг. Адзін з іх Міхасю быў добра знаёмы. Гэта Іван Чуркін, з якім ён калісьці сябраваў і збіраўся разам уцякаць, ды перашкодзіла хвароба.

І Чуркін, і Асцёрскі вельмі ўзрадаваліся такой сустрэчы. Больш за два гады яны не бачыліся, але не забывалі ранейшую дружбу.

— Ты выпадкова не ведаеш, куды Чумакоў падзеўся? — спытаў Чуркін у Міхася.

— Трошкі ведаю. Месяцы тры-чатыры таму назад выпадкова бачыў яго, ехаў у цягніку у Заудзінск, вёз справаздачу ў цэнтральную бухгалтэрыю лагера. А потым чуў, што ён тады ж і ўцёк з дзяржаўнымі грашамі. Былі аб’яўлены пошукі і грашовыя прэміі таму, хто яго зловіць.

— Малайчына, Міхаіл! — пахваліў яго Чуркін.— Усё ж такі перахітрыў лагерных босаў.

— Скажы, Ваня, дзе ты да гэтага часу быў, у якіх месцах? Каго бачыў са знаёмых?

— Быў я ў сотні месцаў, а гэта ўжо сто першае. І вось на вялікае шчасце зноў сустрэўся з табою. Да цябе ні з кім са знаёмых не сустракаўся. А ты дзе «загараў» увесь гэты час?

— Я таксама памяняў добрую сотню месцаў. Толькі ў адным лазарэце разоў пяць «гасцяваў»,— гаварыў свайму даўняму сябру Міхась.— Падрабязна аб усім пагаворым як-небудзь другім разам. Часу ў нас цяпер хопіць.

А прыблізна праз месяц Чуркін выбраў момант, калі Міхась быў адзін у складзе, ля вогнішча, дзе пяклася бульба, сеў побач і сказаў амаль шэптам, напаўголаса: