Выбрать главу

— Ты ведаеш, Міхаська, што мне прыйшло зараз у галаву? Што мне даўно ўжо не дае спакою? Я вырашыў ажыццявіць тое, што мы не маглі зрабіць разам з табою амаль тры гады таму назад.

— А што менавіта? — насцярожыўся Міхась.

— Даваць дзёру з гэтай заклятай пасткі, пакуль яшчэ жывы і здаровы, як гэта зрабіў наш сябар Міша Чумакоў. Усё роўна такі тэрмін мы не вытрымаем у гэтых пагібельных месцах.

— Не, Ваня, гэта пустая задума.

— Чаму пустая? Ты ведаеш, колькі такіх, як мы з табой, паўцякала?

— А табе вядома, колькі іх пералавілі і зноў прыгналі туды, адкуль беглі? І ты ведаеш, кім іх потым зрабілі? Калекамі. А сяго-таго і шлёпнулі. Ад гэтых бясконцых заслонаў нікуды ты не пройдзеш. А калі і здолееш прабрацца, дык пасля куды ты дзенешся? Усё роўна сцапаюць. У нас кожны чалавек на ўліку. Цяпер у органах НКВД штаты разрасліся да такіх памераў, што яны перавышаюць колькасць рабочых і служачых на прадпрыемствах і ва ўстановах. І гэта толькі афіцыйных, а колькі тайных даносчыкаў-стукачоў — кожны другі жыхар. А тут яшчэ і час такі,— працягваў Міхась.— Ты бачыш, што не сціхаюць войны. А ў такі час у «дзяржаўных блюсціцеляў» і вушы чуйныя, і зрок востры. Так што выкінь з галавы сваю задуму, дарагі дружа.

— Значыць, ты не хочаш у маю кампанію?

— Не,— сказаў Міхась,— і табе не раю.

— Тады дапамажы мне. Арганізуй так, каб я непрыкметна знік з гэтага склада-сховішча, бо канвою тут ніякага. За канваіра тут ты.

— Ты што, па-сяброўску хочаш свінню мне падкласці? Ты ж добра ведаеш, што не паспееш ты пакінуць Заудзінск, як мяне адразу ж возьмуць за адно месца. Я ж адказваю за цябе.

— Дык што ты прапануеш? Бо я ўсё роўна павінен уцякаць. Гэта ў мяне даўно наспела.

— Калі ўжо ты так вырашыў, то рабі гэта не сярод белага дня, калі я за цябе адказваю, а ноччу, з зоны калоны. Так і я змагу дапамагчы і адказнасці за цябе не буду мець. Адказваць будзе лагерная варта — ахова і адміністрацыя калоны. Згодзен ты на такі варыянт ці не?

— Згодзен, прапанова твая слушная,— пагадзіўся Чуркін.— Толькі я папрашу цябе аб адным: дай мне свой бляшаны чамаданчык, а я табе свой — дашчаны. Мне з ім будзе зручней, асабліва калі дабяруся да цягніка. Там мяне могуць прыняць з ім за чыгуначніка. Ключы ад вагонаў я ўжо падрыхтаваў.

— Чамаданчык бяры нават без замены, я тут і другі набуду. Мне тут лягчэй, чым табе там будзе.

— Дзякуй табе, дружа, што не адхіляеш майго рашэння і абяцаеш нават памагчы. А што датычыць часу, дык пасля вырашым.

Дзён праз пяць пасля гэтай гутаркі Чуркіна ў зоне не стала. Ён з дапамогай Міхася перабраўся цераз плот з калючым дротам і знік у цемені сакавіцкай ночы.

Калі назаўтра, у час разводу, на вахце не далічыліся аднаго чалавека з брыгады Асцёрскага, адразу не паверылі, што з гэтых дахадзяг хто-небудзь можа рызыкнуць на такі ўчынак. Але пасля дзённага пошуку па зоне і каля яе паднялі трывогу і пачалі шукаць яго па ўсім наваколлі Заудзінска. Ды толькі дарэмна: Чуркіна ўжо і след прастыў.

Міхася выклікалі ў аператыўны аддзел, дзе пратрымалі цэлы дзень. Але паколькі прычапіцца да яго не было як, адпусцілі. Затое брыгаду без канвою за зону больш ужо не выпускалі. Цэлы дзень, як свечка, ля склада ці ў самім складзе стаяў у салдацкай форме з вінтоўкай цераз плячо ахоўнік. І амаль кожны дзень прыходзіў у склад і цэлымі гадзінамі тырчаў там аператыўнік з наганам на баку. Адным словам, Міхасю і яго людзям перасталі давяраць.

І нарадчык Мароз, у сваю чаргу, паклікаў да сябе Міхася і пачаў яго ўшчуваць:

— Ну, і падвёў жа ты мяне, зямляк! Я спадзяваўся на цябе, як на самога сябе, а ты...

— Дык што ж я такога дрэннага зрабіў для цябе, што ты папракаеш мяне?

— А ты не ведаеш? Чуркіна правароніў, а значыць, падвёў і сябе, і мяне пад дурнога хату...

— Дык што ж ты хочаш, каб я яго пасвіў і ўдзень, і ўночы? На гэта ёсць лагерная ахова. Вось няхай яна і пасе.

— Ахова аховай, а я ўжо атрымаў суровую вымову з папярэджаннем і страціў давер у вачах начальства. Гэта ж па маёй прапанове тваю брыгаду расканваіравалі. Цяпер і брыгадзе будзе горш — зноў канвой.

— А пры чым тут брыгада? Ён жа не са склада ўцёк, а ноччу з зоны.

— Усё роўна на брыгаду легла пляма і на мяне таксама — за тое, што я даверыўся табе разам з усёй брыгадай, у тым ліку і Чуркіну,— тлумачыў нарадчык Мароз.

Адбывалася гэта вясною грознага 1941 года, пра падзеі якога ніхто яшчэ нічога не ўяўляў, але ўжо адчувалася нешта нядобрае. Бо калі б Міхась ні выходзіў са склада, дзе працавала яго брыгада, а склад размяшчаўся побач з Транссібірскай магістраллю, бачыў, як кожны дзень адзін за адным ішлі цягнікі з усходу на захад, загружаныя зброяй — танкамі, гарматамі, самалётамі, а таксама байцамі. Спачатку ўсё гэта маскіравалася, а потым ішло адкрыта. І так было штодзень на працягу вясновага часу.