Няўдалае і няўдзячнае настаўніцтва
Недзе ў сярэдзіне сакавіка Міхася выклікалі ў КВЧ (культурна-выхаваўчая частка) Южлага і аб’явілі:
— З заўтрашняга дня будзеш працаваць выкладчыкам рускай мовы і літаратуры на курсах культпалітработнікаў лагера.
— Як гэта раптам заўтра? Гэта ж не бульбу перабіраць і не зямлю капаць. Трэба як след падрыхтавацца. Набыць падручнікі і розныя метадычныя дапаможнікі. І праграму трэба прагледзець, на аснове якой і скласці план. Выкладчыцкая работа — складаная і адказная справа. Зразумела вам гэта ці не?
— Ты ж педінстытут скончыў, чаго табе рыхтавацца? Прыходзь у клас і гавары сваім навучэнцам тое, чаму цябе ў інстытуце вучылі.
— Так ніхто ніколі не робіць. Нават ні адзін прафесар без падрыхтоўкі не ідзе да студэнтаў, а не тое, што я, абалванены зэк.
— Ну добра, заўтра за дзень падрыхтуешся, а паслязаўтра прыходзь,— пайшоў на кампраміс начальнік КВЧ.
— Гэта што, загад ці прапанова? — не супакойваўся Міхась.
— Разумей, як хочаш. І тое, і другое.
— Раз абавязваеце, павінен згаджацца. Прыйду...
— Дарэчы,— працягваў начальнік КВЧ,— плата за работу будзе складацца з павышанай пайкі і прыварку. Плюс да ўсяго гэтага атрымаеш новае адзенне і абутак. А пакуль паходзіш у гэтым. Спачатку паглядзім, як будзеш працаваць.
На гэта Міхась нічога не адказаў. Ён стаў па камандзе «смірна!» і спытаў:
— Можна ісці, грамадзянін начальнік?
— Ідзі, але не забывай аб нашай дамоўленасці.
Так Міхась раптам стаў настаўнікам, ды яшчэ дзе — на курсах культпалітасветных работнікаў лагера! Але канец быў нечаканы. З горам папалам ён папрацаваў там дзесяць дзён, а на адзінаццаты клас аказаўся пусты, не было ні душы.
— Дзе мае студэнты? — спытаў ён у прыбіральшчыка.
— Былі, ды сплылі. Сёння ноччу іх усіх нечакана адправілі ў Мінск,— адказаў прыбіральшчык.
— А чаму так раптам? — дапытваўся Міхась.
— А хто ж яго ведае. Кажуць, што немец рыхтуецца пайсці вайной на нас,— тлумачыў той.
Калі з такім пытаннем Міхась звярнуўся да начальніка КВЧ, той адказаў:
— Курсы працаваць больш не будуць,— і больш нічога не тлумачыў.
— А мне што цяпер рабіць? — не разумеў Міхась.
— Зайдзі да памочніка начальніка калоны па працы, і ён усё табе скажа. Ты свабодны.
А начальнік па працы адказаў на яго пытанне так:
— Ідзі да брыгадзіра тынкоўшчыкаў, будзеш тынкаваць жылыя дамы для чыгуначнікаў. Зразумела?
— Зразумела, буду асвойваць яшчэ адну прафесію. Але спачатку хачу атрымаць тое, што мне абяцалі — новае абмундзіраванне.
— Я табе нічога не абяцаў, а значыць, нічога і не дам. Звярніся да таго, з кім дамаўляўся.
— Мне гэта абяцаў начальнік КВЧ.
— Вось ад яго і патрабуй, а я тут ні пры чым.
Начальнік жа КВЧ не стаў і гаварыць з Міхасём пра вопратку. Ён сказаў толькі адно:
— Многа ты захацеў за дзесяць дзён працы на незакончаных курсах. Папрацуй у брыгадзе Падменнага, заслужы сапраўднай працай, а не бяздзеллем на нейкіх там курсах.
— У такім выпадку я не пайду ні на якую работу!
— Не пойдзеш па добрай волі, прымусім сілай!
— Ваша воля, толькі нікуды я не пайду, пакуль не атрымаю разлік за працу на курсах.
— У кандзей пасадзім як міленькага!
— У кандзеі таксама можна жыць, мне не прывыкаць,— адказаў Міхась.
— Ты свабодны,— закончыў размову начальнік КВЧ.
Міхась сваё слова стрымаў: ні назаўтра, ні на паслязаўтра на работу не пайшоў, і яго пасадзілі ў кандзей пры вахце, як якога-небудзь злачынца, пасадзілі на хлеб — трыста грамаў — і ваду.
Яму не сказалі, на колькі дзён і начэй яго запіхваюць у гэтую мышалоўку, але відаць было, што не на адны суткі.
Ён адпакутаваў суткі пад строгім наглядам і на галодным пайку. Ніхто яго не патурбаваў ні словам, ні справай. Ахоўнік аказаўся пільны і строгі. А на другія суткі на вахту заступіў другі вартавы. Гэта быў чалавек ужо іншых поглядаў. Пасля адбою на сон, калі ўсё сціхла, ён адчыніў дзверы ў цёмны катушок, дзе марнеў на нарах з сырых круглякоў учарашні настаўнік, а сённяшні арыштант, і спытаў у Міхася:
— За што гэта вас загналі ў гэты каземат?
— За непавагу да начальства,— адказаў арыштант.
— А ў чым канкрэтна была гэта непавага? — не адставаў ахоўнік.
Міхась перасіліў сябе і расказаў усё, як было.