Выбрать главу

— Дык вы, значыць, настаўнік?

— Так, настаўнік, які амаль не пачынаў яшчэ настаўнічаць.

— А па якому прадмету?

— Руская мова і літаратура.

— Вось якраз такі настаўнік і мне трэба.

— Для вашых дзяцей?

— Не, не для дзяцей, яны яшчэ маленькія, для самога мяне. Нас усіх абавязалі здаць экзамены за пачатковую школу. Інакш трэба будзе кожны дзень пасля заняткаў хадзіць у вячэрнюю школу для малапісьменных, альбо дадуць «воўчы білет». З арыфметыкай у мяне яшчэ сюды-туды, нешта петру, а вось з рускай мовай — справа дрэнь. Можа, дапаможаце? Я ў даўгу не застануся.

— Ну што ж, колькі змагу, дапамагу. Можна было б пачаць і з сённяшняга дня, ды ў нас тут ні падручнікаў няма, ні ручкі з чарнілам, ні паперы.

— Паперы, ручку і чарніла я і зараз магу дастаць, а вось што датычыць падручніка, то заўтра прынясу.

— Тады нясіце ўсе вашы пісьмовыя прылады, і мы пачнём практыкавацца і адначасова паўтараць граматычныя правілы. •

— Вы давайце выходзьце сюды, на вахту,— прапанаваў «вучань» свайму выпадковаму «настаўніку» з двайным «наморднікам».

Гадзіны тры-чатыры яны займаліся разборам слова па частках, а потым і самога сказа. Потым практыкаваліся і тлумачылі разам кожную зробленую памылку, а іх было амаль у кожным слове. І калі стаміліся і настаўнік, і вучань, Міхась прапанаваў перапынак да наступнай ночы.

— Вы можаце зрабіць так, каб дзяжурыць толькі ноччу, пакуль я тут «адпачываю»?

— Магу,— адказаў «вучань»,— а зараз давайце будзем разам вячэраць. Сёння мы спажывём толькі мой паёк, а заўтра я прынясу спецыяльна для вас вячэру.

Так яны «працавалі» пяць начэй запар.

Кожную раніцу да Міхася прыходзілі з прапановай ісці на работу, але ён выстаўляў сваё патрабаванне — выдаць яму абяцаную вопратку ў лік платы за працу на курсах, як яму калісьці і абяцалі. І пакуль яго патрабаванне не ўлічвалася, не кранаўся з месца.

На шостыя суткі прыйшоў да Міхася памочнік начальніка па быту і прапанаваў яму ісці ў кладоўку па новую вопратку і абутак. На гэтым і скончыўся яго тэрмін пакарання, а разам і яго настаўніцкая праца з лагерным вартаўніком.

З ізалятара Міхася паслалі ў брыгаду, якая выконвала астатнія земляныя работы на чыгунцы.

На гэты раз Міхась трапіў у брыгаду Гайсёнка, беларуса, ураджэнца Полацкага раёна, з якім ён разам марнеў у ленінградскай перасыльнай.

— Во дзе мы сустрэліся з табой, землячок,— сустрэў яго з радасцю брыгадзір.

— Я вельмі рады такой сустрэчы,— сказаў Міхась.

— Ну, расказвай па парадку, дзе быў, што рабіў? — пытаўся той.

— Потым, часу ў нас хопіць,— ухіліўся ад расказу Міхась.— Давай поўную нагрузку на хамут, будзем цягнуць разам.

— Пра нагрузку не клапаціся, крыўдаваць не будзеш.

У абавязак брыгады ўваходзіла апрацоўваць кюветы і рабіць адводныя канаўкі ад чыгуначнага палатна. Адным словам, работы хапала. Да таго ж летні дзень доўгі. А ў лагеры ў той час працавалі ад сонца да сонца. Пры гэтым — без выхадных, як рабы ў Старажытным Рыме. А кармілі слаба, па-турэмнаму. Калі збоку не здабудзеш чаго, дык цяжка было пражыць на тых казённых харчах. Больш спрытныя зэкі здабывалі сабе сёе-тое з прадуктаў за грошы, якія ім употай прысылалі з дому, або муку, з якой пяклі праснакі. Значную частку гэтай брыгады складалі грузіны, а народ гэты, як вядома, практычны. Вось яны разбіваліся на групкі і раздабывалі сяго-таго з прадуктаў, за грошы, канечне, у дадатак да жабрацкага пайка. І вось неяк раз адна з такіх групак набыла недзе жытняй мукі для праснакоў і заціркі, схавала яе ў скрынку, якая знаходзілася пад іх нарамі, а самі хлопцы адправіліся ў лазню. Калі вярнуліся, то ўбачылі, што скрынка пустая — мука кудысьці сплыла. Яны пачалі наводзіць даведкі, а адзін з сапраўдных віноўнікаў гэтага зладзейства — крымінальнік — сказаў, што муку ўкраў Асцёрскі. Грузіны, не разабраўшыся, узброіліся жалезнымі прутамі і з лаянкай пайшлі на Міхася. Бачачы такую небяспеку, Міхась закрычаў:

— Хлопцы, за што вы на мяне? Я ж у божым свеце нічога не ведаю. Гэта паклёп!

Добра, што побач знаходзіўся брыгадзір. Ён падскочыў да ашалелых сваіх рабацяг і крыкнуў грозным голасам:

— За што вы прысталі да яго? Вы ведаеце, хто гэты чалавек і на што ён здольны? Не, пэўна, не ведаеце. Па-першае, гэта настаўнік, па-другое, беларускі паэт, а па-трэцяе, сумленны чалавек. Я яго даўно добра ведаю. Вас проста завялі ў зман.

Ад гэтых пераканаўчых слоў гарачыя грузіны пачалі астываць. І ў гэты ж момант падышоў чалавек з суседняй брыгады і прама сказаў:

— Я ведаю, хто забраў вашу муку. Той самы чалавек, які паказаў вам на гэтага невінаватага рабацягу.