Грузіны зноў «запалымнелі». Яны ўсе ўтрох рушылі да нар, дзе змяшчаўся той жулік, знайшлі сваю муку ў яго пад падушкай, а потым дабраліся і да яго самога, ды так аддубасілі, што нават Міхасю стала яго шкода.
— Кацо, даруй нам за нашу дурасць. Мы дарэмна пакрыўдзілі і абразілі цябе. Дзякуй брыгадзіру, што ён не дазволіў саграшыць нам перад табою. Ты добры чалавек. Даруй нам, браток,— прасілі яны Міхася.
— Тут не столькі вы вінаватыя, колькі той шакал, якога вы добра правучылі,— адказаў Міхась.
— Скажы, добры чалавек, гэта праўда, што ты яшчэ і паэт — пішаш вершы?
— Быў калісьці і паэтам, а цяпер вось — рабочае цягло.
— Дык вось што,— раздобрыўся адзін з іх — Махарадзе,— у мяне ёсць томік Ільі Чаўчавадзе, я дару табе яго. Гэта цудоўны паэт, геніяльны паэт!
— Ад такога падарунка я не адмоўлюся,— падзякаваў Міхась.— Ілью Чаўчавадзе я палюбіў яшчэ ў студэнцкія гады.
З гэтым томікам выбраных вершаваных твораў Міхась не расставаўся да канца так званага свайго тэрміну пакарання.
Праз нейкі час Гайсёнка выклікалі ў канцылярыю і пасля кароткай размовы адправілі ў Тайшэтлаг. Так тады пра гэта гаварылі, хоць дакладна ніхто не ведаў, куды ён падзеўся. Брыгадзірам замест яго быў прызначаны Рыгор Іванавіч Геаргадзе, грузін.
Брыгадзе было даручана разбіраць апалубку чыгуначных мастоў, дашчаныя платы лагернай калоны, сцены былых зямлянак і апусцелых баракаў і іншыя «драўляныя работы». Міхась з дзіцячых гадоў любіў працаваць па-сапраўднаму. А калі і здаралася быць без працы, дык не па сваёй віне. А таму і дошкі цягаў ён заўзята, без ніякай хітрасці і без «перакураў», што амаль усім яго паплечнікам па брыгадзе не вельмі падабалася. Людзі кураць, адпачываюць, расказваюць розныя гісторыі, а ён усё варушыцца. Нарэшце брыгадзір не вытрымаў, падышоў да Міхася і спытаў:
— Кацо, што ты робіш?
— А ці ж ты не бачыш? Дошкі нашу,— адказаў той.
— У нас, кацо, так не робяць. Бо заўтра таксама трэба будзе працаваць. Трэба берагчы сябе, мілы чалавек. Тут ніхто цябе не пашкадуе, акрамя самога сябе, ды, можа, акрамя такога дурня, як я. Лепш садзіся пакуры, а пасля будзем ішачыць.
На словы папроку брыгадзіра Міхась нічога не адказаў. Ён кінуў дошку, якую нёс, і сеў бліжэй да людзей з брыгады, якія не толькі курылі, але і ўмудраліся піць чай, завараны «грузінскім».
Міхась сядзеў, не ўсё разумеючы з размовы на грузінскай мове, і нечакана для сваіх субяседнікаў перабіў іх пытаннем:
— Кацо, няхай я безабаронны, а як гэта трапілі сюды вы, маючы такіх землякоў, як вялікі Сталін і яго дастойны паплечнік Берыя? Вось тут мне штосьці незразумела.
— Сталін — вялікі падлец! Разам з яшчэ большым падляцом Берыя загнаў вось у такія мясціны палову ўсіх грузінаў,— ускіпеў Геаргадзе.— Колькі яны нявіннай крыві пралілі і дзяцей асірацілі? А колькі ўдоў засталося!
— Не, кацо, я з вамі не згодзен,— не здаваўся Міхась.— Нешта ж і ён прыдумаў для людзей.
— Пекла, вось што ён прыдумаў! — падаў голас ціхі Шангелія.
— Яны разам з Берыем,— дадаў Цулукідзе,— прыдумалі нам пятлю, для чаго далучылі нас да меншавіка Цэратэлі, пра якога мы толькі ў турме, на следстве, і даведаліся, што быў такі меншавік Цэратэлі. Падлэцы! Гадзюкі! Рэзаць іх абодвух трэба!
Міхась маўчаў. Ён не ведаў, як яму далей быць: спрачацца не мог, а падтакваць таксама было не ў яго характары. І ён маўчаў. Змоўклі і яго субяседнікі.
А праз колькі хвілін брыгадзір скамандаваў:
— Адпачылі, і хопіць. Трэба трошкі яшчэ папрацаваць.
...З кожным днём на гэтым аб’екце кола работ звужалася. Заставаліся толькі дзе-нідзе недаробкі на самой дарозе, даводзілі да ладу службовыя і жылыя памяшканні для чыгуначнікаў. Хоць магістраль пакуль што яшчэ цалкам і не была здадзена заказчыку — наркамату шляхоў зносін,— цягнікі па ёй ужо хадзілі, як па звычайнай чыгунцы. А паколькі кола работ з кожным днём звужалася і набліжалася да нуля, будоўлю гэту пачалі патрошку вызваляць ад «лішніх рабочых рук». Іх перакідвалі ў іншыя лагеры — каго куды. Але значная частка рабочай сілы была накіравана ў Тайшэтлаг. З першых дзён красавіка туды пачалі адпраўляць эшалон за эшалонам з такімі «камсамольцамі», ад якіх ужо даўно паадракаліся жонкі, як ад «ворагаў народа». Паступова ў лагеры засталіся пераважна «прыдуркі». Шмат хто з іх баяўся расстацца з наседжаным цёплым месцам. Вось яны пад рознымі выдумкамі і тапталіся ля цёплых кармушак галаўных калон усіх чатырох аддзяленняў. Асабліва многа назбіралася такіх нахлебнікаў у Заудзінску ля ўпраўлення самога Южлага. Яны чагосьці чакалі, на штосьці спадзяваліся.