Патрошкі пачалі адбываць у Тайшэт і Міхасёвы знаёмыя, якія раней у любы час маглі тут падтрымаць яго, дапамагчы. У адзін дзень вывезлі з лагера прараба, з якім Міхась у свой час жыў у згодзе, потым мінчаніна — нарадчыка Мароза і іншых.
Міхась адчуваў, што набліжаецца і яго чарга.
І вось аднойчы раніцай у барак завітаў адзін з лагерных «прыдуркаў» са спісам у руцэ і зачытаў прозвішчы некалькіх чалавек, у тым ліку і Асцёрскага. Ён загадаў названым збірацца з рэчамі і чакаць адпраўкі ў Тайшэт: сакрэту не рабілі.
Частка другая
Шкада маладых гадоў. Шкада волі.
І за якія грахі такія пакуты?
Я зусім не вінаваты. І ніколі
не быў ворагам Савецкай улады.
Сымон Баранавых
«Славное море — священный Байкал...»
Ішлі апошнія дні сакавіка 1941 года. Зямля яшчэ скрозь была пакрытая снегам. Начныя маразы даходзілі да 15— 20 градусаў. Яшчэ час ад часу мялі завеі, але ўсюды адчуваўся недалёкі прыход сапраўднай вясны. Бо сонца ўжо грэла мацней, як у лютым і нават у пачатку сакавіка. Яно з кожным днём рабілася ярчэйшым і ласкавейшым. Кожнай жывой істоце, тым больш чалавеку, яно як быццам гаварыла: «Ідзі сюды, я цябе сагрэю пасля доўгай зімовай сцюжы».
...Міхась сядзеў у цяплушцы таварнага цягніка і праз акенца з жалезнымі кратамі любаваўся непаўторнай прыродай неабдымнага сібірскага прастору. Акурат вось так ён ехаў па гэтай магістралі чатыры гады таму назад. Толькі тады ён не ведаў, куды і навошта яго вязуць, кіруючы на Далёкі Усход. Цяпер жа ён едзе ў адваротным напрамку, і яму сказалі, куды і з якой мэтай яго вязуць,— у Тайшэт, дабудоўваць чыгунку, пачатую ў 1937 годзе, але чамусьці ў свой час «замарожаную»,— чыгунку, якая павінна пралягаць праз некранутыя таежныя далі да пакуль што не ўтаймаванай чалавекам бурнай Ангары. І ўсё гэта рабілася з далёкім прыцэлам. Па-першае, трэба было ўтаймаваць Ангару, пра што яшчэ марыў Ленін; па-другое, гэтую ж самую дарогу працягнуць потым яшчэ далей, пры гэтым не на 200—300 кіламетраў, а на дзве — тры тысячы — аж да Ціхага акіяна. Бо трэба было стварыць умовы для асваення незлічоных багаццяў гэтага неабдымнага краю. Так што чыгуначнае палатно Тайшэт — Брацк з’явілася прэлюдыяй будучага БАМа. Толькі ўсё гэта рабілася нядобрасумленна, не на добраахвотных асновах, не так, як у самы разгар будаўніцтва БАМа. Так што калі разабрацца, дык Міхась Асцёрскі быў адным з першапраходцаў сённяшняга БАМа.
А пакуль ён толькі яшчэ едзе карміць брыдотную машкару, бязлітасных камароў і сярдзітых аваднёў.
Спачатку ехалі ноччу, таму і нельга было нічога разгледзець у закутае ў краты акенца. А калі пачало днець, увесь цудоўны краявід быў як на далоні. Неўзабаве пад’ехалі і да Байкала, да гэтай вялізнай роўнядзі. Калі чатыры гады таму назад яго везлі на Усход, Міхась не бачыў яго: міма возера-мора ехалі ноччу. А цяпер вось яго мара збылася: Байкал ва ўсёй яго велічы ляжаў перад вачыма Міхася. Ён яшчэ быў у палоне і снегу, і лёду, але глядзеўся велічна. На сотні кіламетраў уздоўж і на дзесяткі ўшыркі ён разлёгся неабдымнай чашай перад цікаўнымі вачыма Міхася. Цэлы дзень ён ехаў па крутым, скалістым узбярэжжы і любаваўся гэтым незабыўным відовішчам. Толькі тады адарваў свой зрок ад гэтага цуду, калі наваколле ахутала начная цемень.
Раніцай цягнік, у якім ехаў Міхась, быў ужо ў Іркуцку, былой сталіцы ўсяго сібірскага бязмежжа. Тут ужо Міхась папрасіўся ў ахоўніка выйсці з вагона (ён ехаў у гаспадарча-прадуктовым вагоне) і наведаць прывакзальны буфет. Надзіва, ахоўнік не адмовіў просьбе свайго «надзейнага пасажыра». Справа ў тым, што трапіўся знаёмы яшчэ па Заудзінску ахоўнік, з якім яны калісьці разам «загаралі» ў бульбяным сховішчы — пяклі бульбу і расказвалі адзін аднаму розныя гісторыі і анекдоты. Так што тут Міхасю пашэнціла. Акрамя розных булачак у буфеце Міхась набыў сабе і курыць на дарогу.
У Іркуцку памянялася паравозная брыгада разам з лакаматывам. Новы паравоз маркі «Сярго Арджанікідзе» «напіўся» вады, назапасіўся палівам — і зноў у дарогу. Неўзабаве былі ўжо ў Чарамхове, затым — у Зіме, Ніжнеудзінску... А ў наступную раніцу прыбыў на станцыю — Тайшэт.
Станцыя Тайшэт, як і сам горад, супраць іншых станцый, праз якія ішоў гэты цягнік, выглядала беднай, шэрай. Невялічкі вакзал нагадваў пакінутае гаспадаром гумно: паўпусты, брудны з закапцелымі і аблепленымі брудам сценамі. Ды і самі станцыйныя пуці былі не ў лепшым стане. Паасобныя станцыйныя забудовы былі занесены снегам, не кранутым рукамі чалавека.
Ды і сам горад, калі яго так можна было назваць, быў амаль увесь драўляны, з вузенькімі вулачкамі і завулкамі, якія ніколі нікім не прыбіраліся. Да ўсяго гэтага — нямошчаныя. Вясною і ўвосень там — непралазная гразёта. Тыповы правінцыйны заштатны гарадок дарэвалюцыйнага часу. Гэта не той Тайшэт, які мы ведаем сёння. Ні станцыя, ні сам горад сённяшнія ніколькі не падобныя на тыя, пра якія ідзе гаворка.