Выбрать главу

— Дрэнна ты, Максім, ведаеш мяне.

— Не, браце, я цябе добра ведаю.

— Хопіць дыскуціраваць, лепш пойдзем адпачываць,— прымірэнча сказаў Міхась,— а то хутка і на самай справе могуць патрывожыць нас нястомныя начальнікі.

Брыгадзір не памыліўся. Не прайшло 2—3 гадзін пасля той размовы, як у бараку прагучаў голас нарадчыка:

— Асцёрскі, падымай брыгаду, трэба тэрмінова выгружаць вагоны.

Міхась падняў галаву і спакойна адказаў:

— Не буду падымаць!

— Гэта чаму?

— А таму, па-першае, што людзі мае яшчэ не паспелі адпачыць ад дзённай змены. Машынам і тым даюць час на адпачынак, а гэта ж жывыя людзі. Па-другое, у іх няма ў чым працаваць па цэлых сутках: знасілася і вопратка, і абутак. Прапануйце гэта тым, каго вы паспелі ўжо апрануць і абуць. А мы будзем адпачываць, як гэта і належыць рабочаму чалавеку.

— Ты што, Асцёрскі, шуткуеш ці на самай справе займаешся сабатажам? — разгубіўся бравы нарадчык.

— Я сказаў вам рускаю мовай, што не буду падымаць брыгаду і сам не пайду.

— Тады мы падымем яе без твайго дазволу,— грозна сказаў той.

І нарадчык разам з ахоўнікам пачалі самі падыходзіць да кожнага рабацягі і падымаць яго. Хоць і без ахвоты, але ўсе, акрамя брыгадзіра і Зарэмбы, паслухмяна падымаліся і апраналіся ў свае лахманы. А што датычыць Фаменкі, дык той, не чакаючы асабістай прапановы нарадчыка, першым усхапіўся, апрануўся і ўголас сказаў, каб усе, разам з падганяламі, чулі:

— Сябры, навошта нам гэтыя фокусы? Раз трэба, значыць, трэба. Гэтага патрабуе ад нас партыя і народ. Мы ж адбываем тэрмін пакарання. І толькі сумленнай працай мы зможам зняць з сябе гэтую ганебную пляму.

— Вось гэта голас патрыёта! — пахваліў яго ахоўнік і ўжо, звяртаючыся да нарадчыка, прапанаваў: — Вось яму і даручым сёння брыгаду.

— Фаменка, павядзеш брыгаду,— распарадзіўся нарадчык.

— Ёсць павесці брыгаду,— адказаў па-салдацку Фаменка.

Атрымалася так, што ўся брыгада, акрамя самога брыгадзіра і радавога Зарэмбы, пайшла выгружаць вагоны з рознымі грузамі для новабудоўлі. Кожны з рабацяг ведаў, што не паспее ён вярнуцца і паснедаць, як яго зноў пагоняць на такі ж самы занятак.

Міхась добра разумеў, што рабіў. Ведаў, што яго за гэта не пагладзяць па галоўцы. Але ён быў вельмі задаволены тым, што яго пазбавяць адказнасці за лёс 25 чалавек — пазбавяць ад брыгадзірства, чаго ён чакаў усе гэтыя два тыдні. Яно было не чым іншым, як путамі на сэрцы і душы.

  Арышт

Міхась не памыліўся ў сваім прадчуванні: раніцай наступнага дня, перад разводам, у барак прыйшоў нарадчык і аб’явіў:

— Асцёрскі і Зарэмба пойдуць у брыгаду Зверава. Зразумела?

— Зразумела, у брыгаду звера,— падкусіў яго Міхась.

— Не звера, а Зверава,— паправіў Міхася нарадчык.

Брыгада Зверава выконвала амаль такія ж самыя работы: выгружала грузы з вагонаў, а потым загружала вагоны і машыны, якія накіроўваліся на трасу будаўніцтва самой чыгункі Тайшэт — Ангара.

Дваццаць кіламетраў гэтай лініі ўжо дзейнічала. Дык вось, па іх і адпраўлялі грузы і людзей у глыб тайгі.

Розніца была ў тым, што цяпер яго разам з іншымі зэкамі вадзілі да месца працы пад канвоем і з сабакамі. Канвой як канвой, а вось сабакі даводзілі да шаленства, асабліва пасля таго, як яны на яго вачах загрызлі да смерці аднаго рабацягу, які без дазволу асмеліўся быў заскочыць у магазін, каб чаго-небудзь прыкупіць да свайго жабрацкага пайка. На рабацягу ахоўнікі-сабакаводы пусцілі двух аўчароў, і яны за лічаныя мінуты аднялі ў яго жыццё. І гэта адбылося ў самым цэнтры Тайшэта. З таго моманту ён і ўзненавідзеў сабак і сабачнікаў — тых, хто іх вадзіў на павадку. Праўда, працаваць у такіх умовах Міхасю давялося нядоўга — усяго толькі пяць дзён, але і гэтага было дастаткова.

Неяк пасля рабочага дня, калі Міхась, седзячы ля грубкі, аплятаў заробленую цяжкай працай магаравую кашку, у барак завітаў узброены аператыўнік і гучна спытаў:

— Асцёрскі Міхаіл тут размяшчаецца?

— Я Асцёрскі,— адказаў Міхась,— чым магу служыць?

— Дзе ваша месца? — зноў спытаўся той.

Міхась паказаў яму на нары другога паверха.

— Бярыце вашы рэчы разам з матрацам і падушкай і пойдзем са мной.

— Куды і навошта? — звярнуўся Міхась да опера.

— Пасля будзеце ведаць. Збірайцеся хутчэй. Усё, што ў вас ёсць, паўтараю, бярыце з сабой,— катэгарычна заявіў опер.

Міхась добра ведаў, што ў такіх выпадках не жартуюць. Гэта не нарадчык і нават не прараб, з якімі можна было і паспрачацца. Бо яны самі такія ж зэкі, як і ён. Тым больш што гэта не звычайны ахоўнік, а аператыўнік. А таму ён хуценька пазбіраў усе свае манаткі і ў суправаджэнні таго ж самага аператыўніка скіраваў на вахту. Там яго абшукалі, перамацалі кожны рубчык на вопратцы, вытраслі салому з матраца і падушкі, потым загадалі зняць боты, у якіх адарвалі падэшвы і ўсцілкі. Затым загадалі зняць і бялізну, якую таксама дасканала перагледзелі, перамацалі.