Пасля ўсяго гэтага прапанавалі сесці на табурэтку і адказаць на пытанні:
— Калі, куды і з кім вы збіраліся ўцякаць?
— Нікуды і ні з кім я не збіраўся і не збіраюся ўцякаць, гэта паклёп.
— Дзе вашы грошы, якія вы збіралі на дарогу?
— Няма ў мяне і капейкі за душой.
— З чыёй дапамогай вы збіраліся адгэтуль уцякаць?
— Я ўжо сказаў вам, што нікуды я не збіраўся ўцякаць, а значыць, і дапамога мне была не патрэбна.
— Пасадзіце пакуль што ў ізалятар, а заўтра мы дапытаем яго, як трэба,— звярнуўся ён да вахцёра, таксама ўзброенага.
— Забірай свае лахманы,— сказаў Міхасю ўжо вахцёр,— пойдзеш на свежае паветра — у цёмны катух. Там ужо адзін такі, як ты, ёсць.
Ён тут жа адчыніў дзверы ізалятара, і Міхась апынуўся ў ім, як у магіле.
Намацаў рукамі нары і хацеў толькі паслаць матрац, каб прылегчы, як адчуў пад рукамі нешта мяккае. Ён адразу ж здагадаўся, што гэта той «адзін такі», пра якога гаварыў яму вахцёр. Значыць, гэта быў жывы чалавек. «Будзе трошкі весялей»,— думаў Міхась.
— Ану пасунься бліжэй да сцяны, разлёгся, як дома! — прамовіў Міхась.
— Гэта ты, Асцёрскі?
— А хто ж, калі не я? А ты хто?
— Ці ж не пазнаеш? Максім Зарэмба.
— Вось сустрэча, дык сустрэча! Як жа гэта ты трапіў сюды?
— А вось так жа, як і ты. Абодвух нас «упёк» сюды мой землячок Фаменка, бо яму ў любых умовах трэба кар’ера.
— Дык ён жа ўжо дабіўся свайго — стаў брыгадзірам.
— Брыгадзірства для яго мала. Яму хочацца чагосьці большага, цікавейшага ці цяплейшага. Хто-хто, а я дык яго, падлюку, ведаю.
— Падонак, шакал,— дадаў Міхась.— Я яго зразумеў ужо тады, калі ён драў глотку наконт амуніцыі і абвінавачваў мяне ў нерашучасці, а сам першы пайшоў на здзелку з нарадчыкам і са сваім сумленнем.
— Ён даўно чакаў гэтага канфлікту,— зноў загаварыў Зарэмба.— А цяпер яшчэ баіцца, што ты вернешся на сваё месца. І мяне ён не любіць за тое, што я ведаю яго паганую душу. У брыгадзе сам ён працаваць не будзе, як гэта рабіў ты.
— Ну, ліха яго мацеры! Дачакаецца і ён свайго чорнага дня. Такое ніколі нікому не праходзіць дарма. Можа, ён рана яшчэ радуецца. Гара з гарой не сыходзяцца, а чалавек з чалавекам могуць сустрэцца.
— Такія, як Фаменка, пра гэта не думаюць.
— А не думаюць таму, што не здольныя на гэта,— заключыў Міхась.— Давай трошкі здрамнём, а то заўтра чорт ведае што з намі будзе.
— Правільна кажаш, давай, дружа, здрамнём,— пагадзіўся Зарэмба.
Як яны перажылі тую ноч, яны і самі не ведалі. Начныя марозы яшчэ даходзілі да 15 градусаў, а кандзей гэты ніхто не апальваў. Пасінелых ад холаду іх выпусцілі ў сем гадзін раніцы і загадалі ісці ў барак на свае месцы, але на работу не выходзіць. Разам з усімі яны паснедалі і занялі на нарах свае месцы. З барака без дазволу ім таксама забаранілі выходзіць, акрамя як у туалет.
Аператыўнікі і ахоўнікі наведвалі іх праз кожных 20— 30 мінут. Але як бы ні было строга, Міхась выбраў момант і завітаў да прараба, якому расказаў пра ўсё, што здарылася. Той выслухаў уважліва і толькі паспачуваў:
— Сам ты, Асцёрскі, вінаваты. Навошта было лезці на ражон. Ты ў лагеры захацеў праўду знайсці? Яе, калі сказаць шчыра, на волі няма, а не тое што ў гэтым пекле.
— Дык ці ж за тое, што не пайшоў на работу, зноў арыштоўваць ды яшчэ і выдумляць чорт ведае што?
— А сюды ты трапіў за што? Успомні, чаго толькі ні прыпісвалі табе, каб завесці справу і ўклеіць у яе абвінавачванні, пра якія ты не толькі не чуў, але і ў сне не сніў?
— Тое было адно, а гэта зусім іншае. Тут дапамог Фаменка, які цяпер узначаліў былую маю брыгаду.
— З брыгадзіраў яго я звольню, але такія людзі без справы не застаюцца. Ён усё роўна прылепіцца яшчэ куды-небудзь, канечне, цераз трупы іншых, сабе падобных.
Прараб не памыліўся. Праз пару дзён пасля таго Міхась убачыў Фаменку на пасадзе фурмана начальніка калоны. Ён ехаў важна ў новай амуніцыі. Калі яны параўняліся, Міхась выпаліў яму:
— Ну што, гадзюка, выслужыўся? Дабіўся свайго?
— Я свайго дабіўся, а ты з Зарэмбам таксама.
— Падонак, юда! — сказаў Міхась і плюнуў яму ў твар.
— Ад падонка і чую! Ты яшчэ пашкадуеш!
— Пашкадуеш і ты, гадзюка!
Праходзіць дзень, другі, а Асцёрскага і Зарэмбу нікуды не пасылаюць, затое па-ранейшаму праз кожных 20—30 мінут іх наведваюць ахоўнікі ды аператыўнікі.