Выбрать главу

Неяк раз, калі яны ў бараку засталіся ўдвух, Зарэмба і пытае ў Міхася:

— Скажы, Асцёрскі, куды нас надумалі адпраўляць, як ты думаеш?

— А трасца іх ведае. Пэўна ж, не да цешчы на бліны. Якую-небудзь прорву знойдуць.

— А не ў цэнтральны ізалятар?

— Наўрад, каб адважыліся туды запіхнуць нас. Бо там хоць трыста грамаў на дзень, а даць трэба — не заробленых. А мы ж людзі працаздольныя. І не для таго нас завозілі ў такія месцы, каб мы сядзелі і дармовы хлеб елі. Нас бралі для таго, каб мы зараблялі і на сябе, і яшчэ на добры дзесятак дармаедаў, сярод якіх мы знаходзімся і якія на волі ходзяць з партфелямі.

— Значыць, на Калыму павязуць?

— Я думаю, што не. Там ужо і без нас хапае. Хутчэй за ўсё звязуць куды-небудзь далей ад гэтай бруднай чыгуначнай станцыі, бліжэй да Ангары, у глыб тайгі. Адтуль, хоць і гнаць будуць, дык і сам не пажадаеш уцякаць. Сотні кіламетраў па тайзе не пройдзеш.

— Калі так, то гэта яшчэ паўбяды,— павесялеў Зарэмба.— У тайзе жыць яшчэ можна. Там ёсць ягады, грыбы, арэхі. З голаду не памрэш. Кажуць, і жэньшэнь ёсць.

— Вось пра гэта я не чуў,— здзівіўся Міхась.

— А якая ў цябе прафесія на волі, брыгадзір?

— Па-першае, я ўжо не брыгадзір. А што датычыць прафесіі, скажу,— настаўнік. Для лагера не падыходзіць.

— А я — каваль,— прызнаўся Зарэмба.

— Каваль і ў гэтых месцах — хадавая прафесія. Не ведаю, чаму ты маўчыш.

— А яна мне і ў калгасе абрыдла: дзень і ноч, як дзяцел той, дзёўбаеш малатком, а карысці ад працы ніякай.

— Затое з голаду не памрэш і ў такую няміласць не трапіш, як мы вось зараз з табой.

— А хто яго ведае, можа, ты і праўду кажаш,— згадзіўся Зарэмба.— Як прыеду на новае месца, адразу ж далажу начальству ці мясцоваму кіраўніцтву.

— Мне, таварыш Зарэмба, аднаго шкада,— уздыхаючы, гаварыў Міхась.— Тут я не так даўно падаў заяву на курсы шафёраў. Абяцалі накіраваць. А цяпер, як бачыш, усяму капут... Хацелася і мне мець рабочую прафесію, ды вось твой зямляк перашкодзіў, растуды яго туды!

— Можа, у другім месцы даб’ешся?

— Не, дружа, такія магчымасці ў лагерных умовах не так часта здараюцца.

Мінулі ўжо трэція суткі «дамашняга арышту» Міхася і Зарэмбы. І вось на чацвёртыя суткі, раніцай, пасля разводу, у барак зайшоў памначальніка па працы і загадаў арыштантам збірацца ў дарогу са ўсімі сваімі рэчамі. Зборы былі нядоўгімі, таму што рэчаў асаблівых амаль што не было. Якія ў зняволенага рэчы?

Узброены пісталетам, ахоўнік адвёў двух «небяспечных» зэкаў на станцыю, дзе ў саставе таварнага цягніка знаходзіўся вагон-цяплушка з кратамі на акенцах. Разам з двума дзесяткамі такіх жа «злачынцаў» іх запхнулі ў гэты вагон і зачынілі дзверы.

— Куды нас павязуць? — спытаў Міхась у сваіх новых суседзяў.— Пэўна, кудысьці далёка?

— Ды не, на 21 кіламетр. Датуль толькі і ходзяць цягнікі. А далей — цаліна. Праведзена толькі лінія, ды сям-там спілаваны дрэвы на месцы будучай чыгункі.

— Тады яшчэ не так страшна.

— Не страшна, але і не весела. Вакол лес і лес!..

Не паспелі новыя знаёмыя абмяняцца некалькімі словамі, як цягнік крануўся і ўзяў курс у напрамку Ангары. Праз якую-небудзь пару гадзін яны ўжо былі на месцы, нягледзячы на тое, што цягнік ішоў з хуткасцю чарапахі. Гэта было яшчэ часовае чыгуначнае палатно, па якім курсіравалі толькі рабочыя цягнікі мясцовага значэння і спецыяльнага прызначэння. Тайга яшчэ «па вушы» была заснежанай. У некаторых месцах у снежных гурбах можна было схавацца з галавой. А ўжо наступілі першыя красавіцкія дні!

Новую рабочую сілу, ці цягло, змясцілі ў часовыя баракі, якія паспелі абжыць іншыя рабацягі. Баракі гэтыя ледзь можна было бачыць — яны патаналі ў глыбокім снезе. А налічвалася іх, акрамя падсобных гаспадарчых памяшканняў, пяць. Непадалёку ад баракаў, абнесеных высокім дашчаным плотам з калючым дротам наверсе, былі памяшканні для начальства і аховы. Стаяла будыніна і для службовых сабак. Адным словам,— сярэдневяковы горад-княства, дзе было ўсё сваё, нават і ўзброеная сіла.

Перад вахтай зрабілі пераклічку па тых спісах, якія ехалі разам з нявольнікамі. Правяраў нарадчык гэтай калоны, якога Міхась адразу пазнаў. Гэта быў той мінчанін Мароз, які служыў нарадчыкам у Заудзінску, калі Міхась яшчэ брыгадзірыў на бульбяным складзе. Той таксама пазнаў Міхася, але змаўчаў. А як толькі пераклічка скончылася, ён сказаў:

— Зняволены Асцёрскі, пасля ўладкавання ў бараку зайдзіце ў нарадны пакой, што побач з вахтай, трэба будзе ўдакладніць вашы даныя. Зразумела?