Новыя знаёмствы
Неяк так здарылася, што Міхась застаўся без сяброў і знаёмых — адзін як перст. На гэта былі дзве прычыны. Па-першае, на новай калоне (камандзіроўцы) ён быў амаль што навічок, а па-другое, пасля адмовы ад брыгадзірства яго адразу ж перавялі ў другі барак і накіравалі працаваць у другую брыгаду. А таму адзіным сябрам у яго заставаўся Ілья Чаўчавадзе — томік выбраных вершаў гэтага паэта, які падарылі яму год назад грузіны. З ім ён не расставаўся ні днём, ні ноччу. Спрабаваў і сам нешта крэмзаць. Але ўсё напісанае ў час кожнага «шмону» (вобыску) даводзілася знішчаць. Бо займацца такою справай у лагеры строга забаранялася.
І вось, на шчасце Міхася, з’явіўся новы сусед па нарах Мікалай Расказаў, які адбываў тэрмін па так званым артыкуле СВ, пра сэнс якога ён і сам не ведаў. Гэта быў зусім яшчэ малады чалавек, прыблізна гадоў 25, па спецыяльнасці тэхнік-сувязіст, а па схільнасці — літаратар. Яны пазнаёміліся і хутка пасябравалі. Расказаў працаваў на гэтай калоне-камандзіроуцы возчыкам: падвозіў на кухню ваду і прадукты, а таксама паліва. Калі ён убачыў у Міхася томік з вершамі Ільі Чаўчавадзе, спытаў у яго.
— Ты, Асцёрскі, відаць любіш паэзію? — І, пачуўшы станоўчы адказ, прапанаваў Міхасю пачытаць яго любімую кніжачку паэзіі рускага сучаснага паэта Аляксандра Яшына «Северянка».
Гэты зборнік адразу ж палюбіўся Міхасю. І не толькі палюбіўся, а больш таго — уеўся ў памяць і ўзяў у свой палон. Міхась і сам не ведаў чаму. Мо таму, што вершы гэтага зборніка былі задушэўнымі, а можа, і таму, што ён даўно ўжо не чытаў сапраўдных паэтычных радкоў. Бачачы, што новы сябар не расстаецца з «Северянкой», Мікола сказаў яму:
— Бачу я, што кніжка гэта табе вельмі спадабалася, а таму я дару яе табе ў знак нашага знаёмства.
Міхась падзякаваў свайму сябру і хацеў быў узамен падарыць яму свайго Чаўчавадзе, але той адмовіўся:
— Як мне здаецца, ты і з гэтай кніжкай зжыўся, а таму і з ёю табе цяжка будзе расставацца. Чытай, дружа, абедзве, бо яны — духоўная твая страва.
Міхась расказаў аб сваім завочным знаёмстве (больш нікому ён пра гэта не гаварыў) з начальнікам калоны Міхаілам Шпілерам.
— Ой, Міхась, табе тут усе карты ў рукі! Пагавары з ім, і ён цябе ўладкуе так, што будзеш кум каралю і брат міністру.
— Не, Мікола, я гэтага рабіць не буду,— адказаў Міхась свайму новаму сябру.— Па-першае, я прытрымліваюся вядомай прымаўкі: «Подальше от царей — будешь целей», а па-другое, калі б ён захацеў дапамагчы мне, сам бы паклікаў мяне да сябе і зрабіў усё патрэбнае. Можа, ён ужо і забыўся пра мяне?
— Ты не забывай і другой прымаўкі: «Не ясли к коням ходят, а кони к яслям»,— даказваў Расказаў.
— Усё роўна такога глупства я рабіць не буду. Мне і так добра. Адказваю сам за сябе, і годзе. Абы пайку давалі,— не згаджаўся Міхась.
— Тады вось што, зрабі такі манеўр. Не выходзь на работу, скажы, што хварэеш, хоць і няма на гэта дазволу лекпома.
— І што далей? — спытаў Міхась.
— Такіх «зайцаў» пасля разводу выганяюць з баракаў і ставяць у шарэнгу. Кожнага з іх правярае сам начальнік. Цікава, што ён скажа адносна цябе? Ці пазнае?
— Вось гэта зрабіць я пастараюся і заадно адпачну ў бараку ці хоць у самым кандзеі,— згадзіўся Міхась.
Так ён і зрабіў. На другі ж дзень пасля той размовы ён аб’явіў сябе хворым і не выйшаў на работу. Пасля таго як усіх адправілі за зону, Міхася разам з іншымі «зайцамі» выгналі з барака і паставілі ў строй. Правяралі «зайцаў» (а іх назбіралася больш як дзесятак) лекпом, нарадчык і сам начальнік.
— Ты чаго не на рабоце? — пытае ў першага начальнік.
— Хворы я, жывот баліць.
— Вызваленне лекпома ёсць?
— Няма, не далі.
— У кандзей яго, на галодны паёк!
— А ты чаго сачкуеш?
— Нага баліць, грамадзянін начальнік.
— Я такі ж грамадзянін, як і ты. Дакумент ёсць, што ты хворы?
— Няма, не далі.
— І яго туды ж, хай падлечыцца на трыста грамах.
— А вы чаго засталіся ў зоне? — ужо іншым голасам спытаў Шпілер у Міхася.
— Хворы я, у баку баліць...
— Ідзіце ў барак,— ласкава сказаў начальнік. І ўжо да лекпома: — Аказаць хвораму неабходную дапамогу.
У барак патрапіў толькі Міхась. Усіх астатніх «зайцаў» спачатку загналі ў ізалятар, а потым пад канвоем павялі на трасу, у пясчаны кар’ер грузіць машыны.
— Ну як? — ужо ўвечары спытаў у Міхася Мікола.
— Ды ўсё атрымалася, як па нотах.
— Я на тваім месцы даўно скарыстаў бы такую магчымасць. Вось так і працягвай,— раіў Расказаў.
— Не магу, не дазваляе характар.
— Прыпячэ, дык і на характар забудзешся.
Неяк раз Міхась спытаў у Міколы: