Выбрать главу

Але не ўвесь час прытрымліваліся русла ракі. Там, дзе Селенга рабіла «калена», каб скараціць час, ішлі не па лёдзе, а напрасткі, па голай зямлі — снегу амаль што не было. І вядома ж, на іх дарозе трапляліся вёскі з грамадскімі будынкамі, у тым ліку школамі. Вуліцы вёсак вузкія. Так што калона гэта расцягвалася на цэлы кіламетр, бо ішло ў ёй больш за тысячу чалавек. Наперадзе, па баках і ззаду ішлі ўзброеныя канваіры з сабакамі-аўчаркамі на павадках. Відовішча — незвычайнае і страшнае. Жыхары вёсак, па вуліцах якіх праходзіла калона, асабліва жанчыны, выскоквалі са сваіх хат, каб паглядзець на такое дзіва. Не адставалі ад іх і дзеці, асабліва школьнікі. Яны пакідалі класы і разам з настаўнікамі выбягалі на ганак і ва ўсе вочы глядзелі на незвычайных людзей. Жанчыны, як правіла, выходзілі са сваіх хат не з пустымі рукамі, а з боханамі ці акрайцамі хлеба, якія, нягледзячы на забарону канвоя, перадавалі зняволеным, а калі немагчыма было даць у рукі, кідалі проста пад ногі, а самі плакалі горкімі слязьмі. Бо відаць было, што і гэтых вёсак не абмінуў «хапун». Яны ўсё разумелі, што рабілася ў той страшны час. Разумелі і мужчыны, якія лічылі за лепшае назіраць за ўсім гэтым рухам праз вокны. Не высоўваць свайго носа іх навучыла жыццё.

З-за боханаў ці акрайцаў хлеба, якія кідалі жанчыны зняволеным, сярод іх часам усчыналіся бойкі. Тады канваіры адкрывалі пальбу, праўда, угару, чым адразу спынялі сутычкі.

Калі праходзілі міма школы, у Міхася заходзілася сэрца. Ён думаў: «Вось вызвалілі б мяне з гэтага пекла, дзе я апынуўся невядома за якія грахі, папрасіўся б у гэтую маленькую школку і вучыў бы вось тых малых дзетак, якія зараз глядзяць на нас, як на жывёлу, якую гоняць на забой. Што яны зараз думаюць, гледзячы на гэты «статак»? І што ім скажа пасля настаўніца, якая разам з імі стаіць на школьным ганку? Як яна будзе тлумачыць ім такое відовішча? І ці разумее яна сама, што адбываецца ў краіне? Пэўна, не. Яна будзе гаварыць дзецям, што гэта гоняць дрэнных людзей — «ворагаў народа», якіх трэба абыходзіць як мага далей. Што б яна ні думала, а павінна гаварыць менавіта так, інакш і сама трапіць у гэтае пекла.

Дзесяць начэй начаваў у палатках на лютым марозе Міхась Асцёрскі. Колькі разоў ён у сваім цёплым паліто з бобрыкавым каўняром прымярзаў да голай зямлі. Прымярзаў так, што сябры па няшчасці ледзь адрывалі яго. «Як добра, што я не паддаўся агітацыі лагернага начальства ў Заудзенску і не здаў «цяжкіх» рэчаў. Што б я рабіў цяпер, каб дапусціў такое глупства?» — разважаў сам сабе Міхась. Астатнія рэчы (цёплую куртку, штаны, бялізну і рэшткі прадуктаў ад перадачы) дапамагаў яму несці зямляк, былы ваенны камісар Мікола Канеўскі. Сам ён ішоў, як кажуць, улегцы — у ботах і ў шынялі. За яго бескарыслівую дапамогу Міхась дзяліўся з ім усім, што меў. Так яны і пасябравалі ў дарозе на доўгі час лагернага жыцця. Міхась заўсёды пра яго помніў і ніколі не заставаўся перад ім у даўгу.

  Першыя выпрабаванні

Да прызначанага месца прыйшлі ў апошнія дні лютага. Пры размеркаванні на жыхарства Міхась трапіў у бурацкую лазню. Разам з ім туды змясцілі яшчэ каля пяці дзесяткаў такіх жа нявольнікаў. У лік іх трапілі сябры па камеры 889 Іван Сяргееў, Павел Лёсік, Мікола Канеўскі, а таксама амаль усе тыя, з кім ён ехаў ад Ленінграда да Заудзенска. Было дужа цесна, але суцяшала тое, што ўсе знаёмыя.

Не паспелі пасяліцца, як у лазню зайшоў начальнік КВЧ (культурна-выхаваўчай часткі) калоны, прынёс цэнтральныя газеты — «Правду», «Известия», «Комсомольскую правду», «Труд» — і прапанаваў выбраць выхавацеля для культурнага абслугоўвання, а таксама брыгадзіра.

— Прапаную выхавацелем выбраць Міхаіла Асцёрскага,— пачуўся голас з гэтага скучанага натоўпу.

— Асцёрскага, Асцёрскага, ён сумленны чалавек! Ён паказаў сябе з самага лепшага боку яшчэ ў вагоне,— пачулася з другога боку.

— Другія прапановы будуць? — спытаў начальнік КВЧ.

— Няма!

— Хто за гэтую прапанову? Прашу падняць рукі. Аднагалосна,— сказаў начальнік.— А цяпер трэба выбраць яшчэ і брыгадзіра. Давайце вашы прапановы.

— Канеўскага Мікалая,— сказаў Міхась.

— Іванова,— пачуўся другі голас.

— Хто за першую прапанову?

Падняўся цэлы лес рук.

— Хто за другую — за Іванова?

— Пяць,— падлічыў начальнік КВЧ.— Значыць, праходзіць першая кандыдатура — Канеўскі Мікалай.