Выбрать главу

Трое сутак сябры былі разам на ўзбярэжжы ракі. Яны шмат чаго расказвалі адзін аднаму пра тое, што бачылі пасля разлукі і што перажылі за гэты час. Ім і на самай справе не хацелася цяпер расставацца. Але ж у такіх месцах ды яшчэ ў такі час ніхто з іхнім жаданнем не хацеў лічыцца.

— Як там цяпер адчуваюць сябе мае родныя на ціхім Доне? — уздыхаў Чуркін.— Добра як добра, а калі немец дойдзе да тых мясцін, што тады?

— Ад фашыстаў дабра не чакай. Калі яны дойдуць да нашых мясцін, то нашы родныя хлёбнуць гора-горачка,— гаварыў Міхась.— Фашызм — страшная з’ява на зямлі!..

  Омскія прэлюдыі

Неўзабаве пасля гэтай гутаркі на пляцоўку, дзе быў размешчаны эшалон нявольнікаў, з’явіўся нейкі лагерны начальнік са спісам у руцэ і звярнуўся да ўсіх:

— Увага, слухайце ўважліва. Асобы, прозвішчы і імёны якіх буду называць, падыходзьце да мяне і станавіцеся вось тут, збоку.

І ён пачаў чытаць спіс.

Праз нейкі час збоку ад яго стаяў ужо амаль увесь былы эшалон. У гэтым спісе быў і Міхась.

— А цяпер бярыце свае рэчы і за мною,— скончыў ён.

— Вы забылі назваць прозвішча Чуркіна Івана,— не стрымаўся сам Чуркін.

— Чуркіна паклічам у наступны раз, а пакуль у спісе ён не значыцца,— адказаў начальнік.

— Ну што ж, Ваня, бывай, а можа, і зноў дзе-небудзь сустрэнемся,— сказаў на развітанне Міхась да свайго засмучанага сябра.

— Бывай, Міхась, дзякуй табе за ўсё, асабліва за тыя гадзіны, якія мы правялі разам.

Міхась зноў апынуўся ў вагоне-цяплушцы. І зноў цягнік патарабаніў яго на захад. Неўзабаве яны былі ўжо ў Ачынску, потым іх страчалі Багатол, Марыінск, Яя, Тайга, Новасібірск, Барабінск, Татарск... Двое сутак патрабавалася на тое, каб пакрыць адлегласць у 800 кіламетраў. Цягнік затрымлівалі амаль на кожнай станцыі: трэба было прапускаць ваенныя эшалоны з тэхнікай і людзьмі. Раніцай на трэція суткі іх эшалон быў на месцы прызначэння — у Омску.

На гэты раз сёй-той з нявольнікаў даведаўся, куды іх вязуць. Але навошта, для чаго — гэтага ніхто не ведаў. Было вядома адно: куды б ні прывязлі, трэба будзе працаваць.

У адным вагоне з Міхасём знаходзіліся тры жыхары Омска. Ім цяпер усе зайздросцілі.

— Як вам добра, прама дамоў прыехалі!

— А можа, гэта яшчэ і горш,— пачуўся другі голас.

— Так, тут ёсць над чым задумацца,— разважыў трэці.

У ліку трох «шчасліўчыкаў» былі Апанас Анішчанка — раней загадчык аднаго з прадмагаў Омска, Іван Жмыхаў — былы мічман аднаго з параходаў рачнога флоту, Мікалай Кармацкі — былы баяніст Омскага народнага хору. Усе яны загадзя напісалі пісьмы-запіскі, якія праз чыгуначнікаў паслалі дадому. Яны ўжо ведалі наперад, што эшалон будзе доўга стаяць на станцыі.

І вось назаўтра раніцай да акенца вагона падышла ўся сям’я Анішчанкі на чале з жонкай. Яны радаваліся, плакалі, распытвалі пра здароўе ў яго і расказвалі пра сябе. Прынеслі яму такую перадачу, што аднаму і не падняць, прастаялі каля вагона паўдня.

У другой палове дня да Жмыхава прыйшла жонка з малой дачушкай-школьніцай, але з пустымі рукамі. Для парадку жонка пусціла слязу, а пасля спакойна, халодна пачала яго дапытваць, быццам следчы на допыце:

— Дзе ты падзеў сваю андатравую шапку? Цэлая яна ці не? А паліто бобрыкавае з каракулевым каўняром? Пэўна, і гармоню не збярог?

— Ты для гэтага толькі і прыйшла? Што ў мяне магло застацца за чатыры гады такога жыцця? Ты падумала пра гэта?

— З дзеўкамі прагуляў ён усё сваё багацце, не вер яму, маладзіца,— горка пажартаваў нехта з суседзяў па вагоне.

Сам жа Жмыхаў не сказаў ёй больш ні слова. Ён адвярнуўся ад акенца і больш ужо да яго не падыходзіў.

А яна, былая яго сяброўка, пастаяла яшчэ хвіліну, павярнулася і пайшла.

— А ты, Раман, гаварыў, што яму пашэнціла,— сказаў адзін зэк другому.— Вось так, браце! Зразумеў, што яна ўжо яму чужая?

Да Кармацкага ніхто не прыйшоў. Можа, гэта і лепш. А да Жмыхава, калі ўжо эшалон разгрузілі і зняволеных загналі ў зону, за калючы дрот, прыйшоў брат былой жонкі і паведаміў, што яго Ганна ўжо «замужам за другім чалавекам». Ад яе імя ён папрасіў у Жмыхава прабачэння.

Лагерны пункт размясціўся на ўскрайку горада, сярод бярозавага ўзлеску, у часовых бараках-палатках, якія былі ўзведзены на скорую руку. Акрамя жылых памяшканняў там былі і іншыя часовыя збудаванні гаспадарчага тыпу. А непадалёку ад зоны было памяшканне і для аховы, а таксама для службовых, дрэсіраваных сабак, з якімі вадзілі зняволеных штодзень на работу і ў асобныя дні ў гарадскую лазню. На адлегласці 2—3 кіламетраў ад зоны знаходзілася і новабудоўля — шынны завод, які эвакуіравалі з Яраслаўля. Для таго, каб на гэту будоўлю трапіць, не трэба было заходзіць у горад — яна была побач. Усё прадугледжвалася для больш зручнага канваіравання. Толькі для мыцця ў лазні кожная партыя зняволеных павінна была ісці праз увесь горад — да чыгуначнай станцыі.