Выбрать главу

Гэта былі цяжкія дні не толькі для Кіева і яго жыхароў-абаронцаў. Цяжкія дні для народаў усёй нашай краіны, у тым ліку Масквы, Ленінграда, Адэсы...

Міхась у кутку параходнага трума слухаў і думаў: «Вось бы дзе мне зараз быць, а не ў гэтай пагібельнай клетцы. І няўжо не здагадаюцца тыя, ад каго зараз залежыць лёс не толькі мой, але і ўсіх людзей неабсяжнай краіны, што яны зрабілі непапраўную памылку, загнаўшы такіх, як я, у гэтую бездань, схавалі нас ад усяго: і свабоды, і вольнай працы, і абароны краіны?»

Енісейск — адзін са старэйшых гарадоў Сібіры. Калісьці праз яго пралягаў Вялікі сібірскі шлях. Ён, як і Табольск, славіўся сваім катаржным астрогам на магутнай рацэ, якая ўмоўна раздзяляе Заходнюю і Усходнюю Сібір. У свой час Енісейск быў і цэнтрам золатаздабычы. Як і ў незабыўным 1941 годзе, ён з’яўляецца раённым цэнтрам Краснаярскага краю, ад якога знаходзіцца за 500 кіламетраў на поўнач. Ёсць у ім дрэваапрацоўчыя і рыбныя прадпрыемствы і, як у кожным райцэнтры, быткамбінат і свая аўтабаза. І, канечне ж, царква, якая размясцілася на пагорку. Цяпер там ёсць нават і педінстытут, чаго і ў паміне не было ў 1941 годзе. Але ж галоўнае, што ажыўляе горад,— гэта рачная прыстань, якая разраслася ў цэлы порт. Там, як і ў іншых партах, дзень і ноч працуюць без адпачынку партовыя краны. Тады, у 1941 годзе, іх амаль што зусім не было, усе работы па пагрузцы і выгрузцы, а таксама і перагрузцы параходаў і барж выконваліся рукамі.

Галоўная роля гэтай прыстані была ў тым, каб усе дробныя баржы і малыя параходы перагружаць на больш аб’ёмістыя, таму што ад Енісейска рака робіцца больш глыбокай і магутнай. Баржы, якія пачыналі свой шлях у Енісейску, маглі плаваць і па моры. Іх цягнулі буксірныя параходы да Дзіксана і нават да Новай Зямлі. Баржы, якія нагружаліся ў Енісейску грузамі, прызначанымі для запалярнага Нарыльска, ішлі да порта Дудзінкі.

На Енісейскай прыстані ні ўдзень, ні ўначы не заціхалі перагрузачныя работы. Акрамя гэтага, там пагружаліся і мясцовыя тавары. Для такой работы і прывязлі туды ў верасні 1941 года цэлы параход зэкаў, сярод якіх быў і Міхась Асцёрскі.

Яшчэ на параходзе па дарозе ў Енісейск ён выпадкова пазнаёміўся з маладым мардоўскім паэтам Аляксеем Губанавым.

Ён расказваў Міхасю, што не паспеў нават з дзеўкамі пагуляць, а не тое каб ажаніцца. Губанаў быў не сказаць каб вельмі шустры і гаваркі, але і не ціхоня. І што Міхасю ў ім спадабалася, дык гэта тое, што ён заўсёды мог пастаяць за сябе і нават за свайго сябра. Па натуры ён быў лірык ясенінскага складу і вельмі цаніў сяброўства.

Да Губанава, ды і пасля яго, Міхась амаль нікому не прызнаваўся, што мае адносіны да мастацкага слова. А перад ім адкрыўся, пасля чаго яны ўжо да самай Дудзінкі не расставаліся. Як і Міхась, Губанаў паспеў неаднойчы выступіць са сваімі вершамі ў рэспубліканскім перыядычным друку і выдаць танюсенькую кніжачку лірыкі «Родник», а па-беларуску будзе «Крыніца». Як і Міхася, яжоўская «тройка» ўзнагародзіла яго васьмю гадамі сталінскага «санаторыя».

— Трапіў я сюды амаль бязвусым, а вярнуся дамоў, калі выжыву, з барадой,— жартаваў Аляксей.

Знаёмства з Губанавым трохі аблегчыла жыццё Асцёрскага. І не толькі аблегчыла, а нават ажывіла ў ім творчыя пачуцці, і ён зноў зрэдку пачаў складаць вершаваныя радкі, якія пасля чытаў свайму новаму сябру. Не заставаўся ў даўгу і Губанаў. Ён таксама чытаў Міхасю ўсё тое, што выходзіла з-пад яго пяра. Хоць яны мовы адзін аднаго і не ведалі, але сэрцамі адчувалі сэнс пачутага.

Усіх пасажыраў-нявольнікаў, а іх было каля паўтысячы чалавек, пасялілі ў клубе воднікаў, у глядзельнай зале. Ахова размясцілася ў службовых пакоях. Зала ад крэслаў была ачышчана — заставалася голая падлога. Вось тут і размясціліся, хто як мог. І гэты клуб у той час паходзіў на Ленінградскую перасыльную турму і на бурацкія дацаны ў Гусіным Возеры. Тая ж цесната, духата, анархія і той жа бруд, які пладзіў усякіх паразітаў. Было крыўдна: вакол вады — цэлае мора, лазня таксама была ў горадзе, а зняволеныя рабацягі валяліся нямытымі на бруднай падлозе. І валяліся не дзень і не два, а цэлы месяц.

Заставаліся апошнія дні навігацыі на Енісеі, а непагружаных тавараў накапілася шмат. Імі былі забіты ўсе складскія памяшканні, яны цэлымі гарамі ляжалі і на адкрытым паветры. Трохі раней такога не назіралася, таму што была цэлая армія штатных партовых грузчыкаў. А ў гэты час ужо не было: яны ўсе пайшлі на фронт.