Хтосьці здагадаўся, што ёсць яшчэ «рэзервная армія», якую ў любы час можна выкарыстаць у гэтых мэтах. Такой «арміяй» і сталі зняволеныя, якіх у Сібіры ніколі не адчувалася недахопу. Вось і прывязлі «салдат» гэтай «арміі» ў старажытны Енісейск на тэрмін да канца навігацыі на паўночных рэках.
Ад цямна да цямна не спыняліся пагрузачныя работы. Спачатку скарыстоўвалі толькі дзённае святло, а потым пачалі працаваць і пры капцілках — набліжаўся кастрычнік, вось-вось можа скаваць Енісей у ніжнім яго цячэнні. Толькі і чулася: «Давай, давай! Чаго марудзіш? Бачыш — баржы прастойваюць?» Людзі ў поце, абяссіленыя, падалі разам з мяшкамі і цюкамі. З ліку крымінальнікаў-рэцыдывістаў былі спецыяльна падабраныя падганятыя, якія не саромеліся пацягнуць цераз спіну палкай стомленага грузчыка. Яны абражалі брыдкімі словамі аслабелых рабацяг, здзекаваліся з іх, як толькі хацелі. А начальства і ахова стаялі збоку, назіраючы за ўсім гэтым спектаклем, і пасмейваліся. Як і паўгода таму назад у Тайшэтлагу ў час загрузкі машын у пясчана-гравійным кар’еры, абяссіленыя грузчыкі падалі і выходзілі са строю, але на гэта ніхто не звяртаў ніякай увагі. Замест саслабелых падганялі новых. Тым больш што праз нейкі час туды прывязлі на параходзе новую партыю такіх жа рабацяг. Іх размясцілі ў мясцовай царкве, якая не працавала з-за адсутнасці бацюшкі. Ён таксама трапіў пад «рэкруцкі набор» 1937 года і недзе вось так жа цягаў на сабе грузы. Так што пасля колькіх гадоў пуставання і яна цяпер прыгадзілася — стала інтэрнатам для грузчыкаў-нявольнікаў.
— Якое варварства і якое кашчунства! — абураўся Губанаў.— І гэта ў наш дваццаты, цывілізаваны век!
— Не абурайся, дружа, бо ў гісторыі некаторыя моманты паўтараюцца. Вось і гэты раз так. Толькі паўтараецца яно трохі ўскладнёна: тут адразу мы бачым і рабства перыяду праўлення Цэзара, і варварства разбуральных паходаў Ацілы. Адным словам, перапляліся паміж сабою тыранія і вандалізм,— сказаў свайму новаму сябру Міхась.
У час пагрузкі адной з барж пад’ехалі да яе на лодцы тры жанчыны са сваёй бульбай. Яны прывязлі свой тавар аж з другога берага Енісея, каб здаць у лік планавых паставак дзяржаве. Жанчыны гэтыя былі ўзбуджаныя, крыклівыя і абураныя.
— А божа наш, божачка! А што ж гэта такое робіцца на белым свеце? Мужыкоў нашых пазабіралі — каго ў турму, каго на вайну. Царкву закрылі, апаганілі, а з нас тры шкуры дзяруць,— гаварылі яны прычытаючы.
— Нічога, жанчынкі,— супакойваў іх Міхась,— гэта ўсё часова. Вось разаб’ём фашыстаў, і ўсё наладзіцца.
— Тут і свае фашысты горш за нямецкіх,— сказала другая.— Заходзяць у хату, як рабаўнікі, і крычаць: «Давай мяса, давай малако, давай бульбу, давай яйкі, давай грошы!» А дзе ж я ўсяго гэтага набяруся? Ну, няхай сабе ці агародніна якая там. Гэтага я магу даць. Малака і яек таксама. А вось дзе ўзяць мяса, калі ў мяне адзіная кароўка? Што я, нагу ў яе адсяку ці галаву адрэжу? Як вы думаеце, даражэнькія?
— А цяля, цётка, ёсць у цябе? — спытаў Губанаў.
— Цялём я выплаціла мяса за першы і другі квартал, а за трэці і чацвёрты дзе ўзяць?
— Так, цяжкае ваша становішча,— пагадзіўся Губанаў,— але ж цяпер усім цяжка.
— Усім, ды не ўсім,— не згаджалася жанчына.— Ты, таварышок, не ўсё яшчэ ведаеш. У гэтым лагеры адстаў ад жывога жыцця.
— Гэй вы, чаго стаіце і вушы развесілі? — здаля закрычаў дзесятнік, убачыўшы Аляксея і Міхася.— Жыва пад мяшкі!
— Вось тут ваша і ўся праўда! — сказала трэцяя жанчына, што дагэтуль увесь час маўчала.
Толькі трапы рыпелі ад цяжкіх крокаў Асцёрскага, Губанава і іншых зэкаў, што цягнулі на худых плячах мяшкі з бульбай, якую толькі што здалі жанчыны з другога берага Енісея.
А час, як кажуць, падпіраў. Пачалі дзьмуць вятры з поўначы, ад якіх дабра не чакай. Канечне, да зімы было яшчэ далёка, але дыханне яе адчувалася асабліва тады, калі падыдзеш бліжэй да ракі. Неяк ледзянелі ўжо рукі. Яны прасіліся ў рукавіцы. А тым часам набліжаліся да канца і пагрузачныя работы. Заставалася загрузіць апошні параход рознай гароднінай. А значыць, набліжаўся канец гэтай своеасаблівай «камандзіроўкі».
Самасуд
Калі ў асноўным пагрузачныя работы былі скончаны, грузчыкам-нявольнікам далі дзень адпачынку. Цэлы дзень яны маглі займацца, хто чым хоча, не дазвалялася толькі выходзіць з былога клуба воднікаў. Паснедалі і кожны пачаў займацца нечым сваім: хто зашываў дзіркі ў сваёй вопратцы, хто рамантаваў разбітыя боты, хто чытаў старую газету, а хто і вышукваў у сваёй бялізне няпрошаных гасцей — паразітаў. І такіх было большасць.