Выбрать главу

А параход плыў і плыў. Людзі, нічога не робячы, пачалі стамляцца. Ніякая жывёліна ў такіх умовах не вытрымала б — аддала б канцы. А вось людзі жывуць і яшчэ могуць мысліць, разважаць.

— Грамадзянін дзяжурны, скажыце, калі ласка, дзе зараз знаходзімся? — звярнуўся да свайго «пастуха» Міхась недзе на трэція суткі.

— Прышвартаваліся да прыстані пасёлка Курэйкі,— адказаў той.

— Якой Курэйкі? Той, адкуль таварыш Сталін уцякаў?

— Той самай,— з нейкай ганарлівасцю адказаў вартавы.

— А колькі кіламетраў адсюль да Краснаярска? — ужо пытаўся Губанаў.

— Прыкладна тысяча.

— І ён адолеў гэту адлегласць у зімовы час?

— Для Іосіфа Вісарыёнавіча няма нічога такога, чаго б ён не мог адолець,— зноў ганарліва сказаў дзяжурны ахоўнік.— Дарэчы, навошта табе гэта ведаць, га? Ці не думаеш паўтарыць яго подзвіг?

— Ці ж я такі дурны, што пайду на такое глупства?

— Дык што, выходзіць — Сталін рабіў глупства?

— Я так не думаю, не трэба скажаць маю думку і мае словы.

Ахоўнік змоўк і накіраваўся да выхаду.

Параход пайшоў. Прыблізна праз суткі ён прычаліў у Ігарцы — горадзе партовым і выключна драўляным. Тут ужо тыя, хто мелі грошы, праз абслугу маглі здабыць прадуктаў і махоркі. А на аматараў дык і рыбка была.

Кожны стараўся выкарыстаць такі момант. Толькі вось сябар Міхася, Аляксей, да ўсяго гэтага быў абыякавы. Справа ў тым, што ў апошнія, шостыя суткі дарогі ў яго схапіў жывот. Тыя таблеткі, якія даў яму падарожны лекпом, не памаглі, і ён вельмі пакутаваў.

— Вось хутка будзем на месцы, там табе акажуць больш эфектыўную дапамогу,— абяцаў яму дарожны лекар.— А пакуль пацярпі.

А колькі засталося быць у дарозе, ніхто «неспакойным пасажырам» не гаварыў. Усё трымалася ў вялікай тайне.

— Грамадзянін начальнік,— асмеліўся Губанаў звярнуцца да ахоўніка з камандзірскай адзнакай,— скажыце, хутка наш фініш?

— Што, што? Не разумею,— адказаў той.

— Высаджваць нас хутка будзеце?

— Прыйдзе час — высадзімся,— здзекаваўся ён.— Ты гэта і сам убачыш. Толькі набярыся цярпення.

— Дык цярпець жа не магу — вельмі баліць жывот.

— Пабаліць ды перастане. Дарэчы, у нас тут і медпункт ёсць, звярніся — дапамогуць.

— У тым-то і справа, што не могуць дапамагчы.

— Добра, што-небудзь прыдумаем,— паабяцаў начальнік.

Параход запаволіў хаду, даў доўгі гудок.

— Вось і прыбылі на месца,— сказаў ахоўнік.— Я зараз жа паведамлю медслужбе, што ты хворы,— і ён пайшоў наверх.

Перад тым як рабіць выгрузку «жывога тавару», па Губанава прыйшлі два санітары і загадалі яму ісці з рэчамі.

Міхась не стрымаўся і спытаў:

— Куды ж вы яго забіраеце?

— А што, не здагадваешся? У лазарэт.

Вось так Міхась зноў застаўся адзін — і невядома, ці надоўга.

  Частка трэцяя

— Ты за что же попал-то в лагерь?

— Ни за что...

— Не бреши, ни за что не садят!

Видно, в чем-нибудь виноват...—

И солдат машинально гладит

Руковицей желтый приклад.

— На, возьми, мужик, закури!

Я готов протянуть ладони.

Я, конечно, махорке рад.

Но пенек-то — в запретной зоне.

Не убьет ли меня солдат?

И такая бывает штука.

Может шутку сыграть с тобой.

Скажет после: «Бежал, подлюка!»

И получит отпуск домой.

Анатолий Жыгулин

  Горад марскіх варот

Як толькі пачалося будаўніцтва Нарыльскага горнаметалургічнага камбіната, марская прыстань ля пасёлка Дудзінка ператварылася ў порт, а сам пасёлак — у горад. Што ўяўляла з сябе тагачасная Дудзінка? Нягледзячы на тое, што ў апошнія гады яна з’яўлялася сталіцай Далгана-Нянецкай нацыянальнай акругі, якая была неадымнай часткай Краснаярскага краю, гэта быў невялікі рыбацка-паляўнічы пасёлак на беразе магутнай ракі — Енісея, у паўднёвай частцы Таймырскага паўвострава, на Крайняй Поўначы нашай краіны. Там тады ішоў бойкі гандаль каштоўнай пушнінай і, канечне, рыбай. Вось і ўсё.

Знаходзячыся за 2000 кіламетраў ад краявога цэнтра і чыгуначнай станцыі Транссібірскай магістралі, як у эканамічных, так і культурных адносінах, Дудзінка расла і развівалася вельмі марудна. Уся ўвага аддавалася суседняй Ігарцы, якая з пачатку 30-х гадоў стала цэнтрам лесаапрацоўчай прамысловасці і міжнародным цэнтрам ляснога гандлю і лясных паўфабрыкатаў на Крайняй Поўначы краіны. Там быў пабудаваны новы марскі порт, куды рэгулярна прыходзілі параходы з розных краін свету па лясныя тавары. Нават сам горад быў пабудаваны нанава. А на Дудзінку ў той час ніхто надта не глядзеў. Яна так і заставалася пасёлкам рыбакоў і паляўнічых аж да 1937 года.